навіна

ад 10.05.2018

Сустрэча з прадстаўнікамі Савета выканаўчых дырэктараў Групы Сусветнага банка

Беларусь разлічвае на павелічэнне ў краіне партфеля праектаў Сусветнага банка. Аб гэтым заявіў Прэм'ер-міністр Беларусі Андрэй Кабякоў сёння на сустрэчы з прадстаўнікамі Савета выканаўчых дырэктараў Групы Сусветнага банка.

"Дзеючы партфель складае восем інвестыцыйных пазык на агульную суму каля $800 млн. Мы высока ацэньваем дасягнуты ўзровень узаемадзеяння і разлічваем на павелічэнне дзеючага партфеля ў бліжэйшай перспектыве", - адзначыў Андрэй Кабякоў. Больш як за 25 гадоў сумеснага супрацоўніцтва Беларусі з Сусветным банкам рэалізаваны праекты на суму амаль $1,7 млрд.

"Сутнасць нашага партнёрства намнога глыбейшая, чым грошы для развіцця. Мы сумесна працуем над тым, каб інвестыцыі, фандуемыя рэсурсамі банка і Міжнароднай фінансавай карпарацыі, вырашалі сістэмныя задачы павышэння канкурэнтаздольнасці Беларусі", - падкрэсліў прэм'ер-міністр.

Менавіта таму ў новай пяцігадовай рамачнай стратэгіі Групы Сусветнага банка сфарміраваны збалансаваны партфель праектаў, які адпавядае прыярытэтам эканамічнай палітыкі Беларусі.

Паводле слоў Андрэя Кабякова, у Беларусі чакаюць, што рэалізацыя сумесных з Сусветным банкам праектаў унясе ўклад у рэалізацыю асноўных дзяржпраграм на сярэднетэрміновы перыяд, што дасць магчымасць стварыць аснову для доўгатэрміновага ўстойлівага росту эканомікі краіны.

Беларусь разам з Сусветным банкам у 2015 годзе распрацавала дарожную карту, якая пакладзена ў аснову праграмы работы ўрада, большасць яе палажэнняў выкананы і ўнеслі свой уклад у эканамічны рост у 2017 і бягучым годзе.

Андрэй Кабякоў адзначыў, што ў Беларусі вялікая ўвага ўдзяляецца развіццю прадпрымальніцкай ініцыятывы і стымуляванню дзелавой актыўнасці. У канцы мінулага года быў прыняты пакет заканадаўчых актаў у сферы лібералізацыі прадпрымальніцкай дзейнасці і стварэння асноў для фарміравання лічбавай эканомікі.

"Мы спадзяёмся, што гэта надасць дадатковы імпульс для развіцця малога і сярэдняга бізнесу і прыватнага сектара ў Беларусі. І мы вельмі рады, што ў гэтым пытанні знаходзім падтрымку з боку Сусветнага банка", - сказаў кіраўнік беларускага ўрада. Праект СБ па пашырэнні доступу да фінансавання мікра-, малых і сярэдніх прадпрыемстваў у Беларусі стане дадатковай крыніцай фінансавання для развіцця суб'ектаў прадпрымальніцтва.

"Мы разглядаем малое і сярэдняе прадпрымальніцтва як адзін з моцных драйвераў эканамічнага росту і маем намер і ў далейшым умацоўваць інстытуты і стымуляваць інавацыі", - дадаў прэм'ер-міністр.

Андрэй Кабякоў звярнуў увагу на магчымасці Парка высокіх тэхналогій і Кітайска-беларускага індустрыяльнага парка "Вялікі камень". "Лічу, што і МФК як інстытут крэдытавання прыватнага бізнесу зможа знайсці прывабныя напрамкі работы ў гэтых парках, значна павялічыўшы свой партфель ў Беларусі", - сказаў ён.

Прэм'ер-міністр таксама адзначыў, што ў цяперашні час абмяркоўваецца пачатак новых праектаў у галіне энергаэфектыўнасці і цеплавой рэабілітацыі жыллёвага фонду, водаадвядзення і водазабеспячэння, абыходжання з цвёрдымі адходамі. Дзякуючы фінансавых рэсурсаў Сусветнага банка ў Беларусі ўжо рэалізуюцца праекты па развіцці сістэм водазабеспячэння і водаадвядзення, выкарыстанні біямасы для цэнтральнага цеплазабеспячэння.

Гаворачы пра рэформы ў галіне тарыфаў на жыллёва-камунальныя паслугі, Прэм'ер-міністр канстатаваў, што гэта адно з пытанняў, па якім Беларусь не знайшла поўнага разумення з Міжнародным валютным фондам на перамовах па новай праграме. Ключавым стала пытанне хуткасці рэалізацыі рэформаў.

У апошнія гады ў гэтым напрамку ў Беларусі праведзена вялікая работа. На поўнае стопрацэнтнае пакрыццё выдаткаў пакуль не выйшлі па цеплавой энергіі. "Па цяплу - асаблівы падыход. Тут нашы тарыфныя рашэнні ўвязаны з неабходнасцю глыбокай мадэрнізацыі і рэструктурызацыі ўсяго сектара. Сёння ў Беларусі пераважная большасць карыстальнікаў цеплавой энергіі не могуць рэгуляваць аб'ёмы яе спажывання, а ў сістэме ўсё яшчэ ёсць звышнарматыўныя страты. Мы разумеем, што прымушаць людзей плаціць за тое, на што яны не могуць паўплываць, і за тое, што яны не атрымлівалі, па меншай меры, несправядліва", - растлумачыў Андрэй Кабякоў. Паводле яго слоў, ёсць разуменне, што неабходна рухацца ў двух кірунках: не толькі павышаць тарыфы, але і адначасова садзейнічаць зніжэнню выдаткаў і забяспечваць празрыстасць фарміравання тарыфаў.

Беларусь таксама зацікаўлена рэалізоўваць праекты з Сусветным банкам у ахове здароўя і адукацыі. "Паляпшэнне сістэмы аховы здароўя, прадастаўленне якаснайі запатрабаванай адукацыі наўпрост уплывае на ўзровень жыцця і спрыяе павышэнню чалавечага патэнцыялу. Гэта ў поўнай меры адпавядае прыярытэтам развіцця Беларусі", - сказаў Андрэй Кабякоў.

Фота: БелТА


Фотаздымкі