навіна

ад 06.06.2018

Наведванне міжнароднай спецыялізаванай выстаўкі "Белагра-2018"

Беларусь і Расія могуць абмеркаваць механізм абмену электроннымі ветэрынарнымі сертыфікатамі на пасяджэнні Савета Міністраў Саюзнай дзяржавы 13 чэрвеня. Аб гэтым паведаміў Прэм'ер-міністр Беларусі Андрэй Кабякоў сёння ў час наведвання міжнароднай спецыялізаванай выстаўкі "Белагра-2018".

Кіраўніку Урада далажылі аб выніках тэсціравання механізма абмену электроннымі ветэрынарнымі сертыфікатамі з Расіяй. Першым яго пачалі выкарыстоўваць тры брэсцкія прадпрыемствы - "Савушкін прадукт", "Санта Брэмар" і Брэсцкі мясакамбінат, якія з пачатку праекта адправілі ў Расію ўжо больш за 70 сертыфікатаў. "Пасяджэнне саюзнага Саўміна пройдзе 13 чэрвеня, там трэба гэта пытанне яшчэ раз абмеркаваць. Павінна быць выбудавана дакладная сістэма, каб не перарываліся пастаўкі прадукцыі", - падкрэсліў Андрэй Кабякоў. Ён даручыў дэталёва прапрацаваць механізм падключэння беларускіх прадпрыемстваў да гэтай сістэмы.

Як растлумачыў намеснік Прэм'ер-міністра Міхаіл Русы, Беларусь і Расія дамовіліся сінхранізаваць нацыянальную сістэму ідэнтыфікацыі і прасочвальнасці жывёл і прадукцыі жывёльнага паходжання Беларусі і расійскую сістэму "Меркурый". "У нас ужо адпрацаваны тры пілотныя прадпрыемствы, але ў цэлым каля 400 прадпрыемстваў будуць удзельнічаць у гэтай сістэме", - расказаў ён. Віцэ-прэм'ер удакладніў, што цяпер адпрацоўваецца дастаўка сертыфіката да канкрэтнага атрымальніка з выхадам на магазіны, каб на любым этапе можна было прасачыць рух тавару. Паўнацэнна пачаць працаваць гэта сістэма павінна з 1 ліпеня.

Прэм'ер-міністр у час наведвання "Белагра" азнаёміўся таксама з сельскагаспадарчай тэхнікай, якую вырабляюць беларускія прадпрыемствы, у прыватнасці, МТЗ, "Амкадор", "Бабруйскаграмаш". Прадэманстраваны і новыя сучасныя камбайны "Гомсельмаш".

Міжнародная спецыялізаваная выстаўка "Белагра-2018" адкрылася 5 чэрвеня ў гандлёва-лагістычным цэнтры "Глобус Парк" у аграгарадку Шчомысліца Мінскага раёна. Удзел у выстаўцы прымаюць 536 кампаній з 28 краін, сярод якіх Аўстрыя, Вялікабрытанія, Германія, Данія, Іспанія, Італія, Польшча, Расія, ЗША, Украіна, Фінляндыя. Калектыўныя экспазіцыі прэзентавалі Мінсельгасхарч, Міністэрства прамысловасці, НАН Беларусі, канцэрн "Белдзяржхарчпрам", Белкаапсаюз і іншыя міністэрствы і ведамствы. Асобнымі экспазіцыямі прадстаўлены прадпрыемствы Чэхіі, Індыі, Пакістана.

Акрамя "Белагра-2018" у час Беларускага аграпрамысловага тыдня з 5 па 10 чэрвеня ў Мінскім раёне праходзяць міжнародныя спецыялізаваныя выстаўкі "Белферма", "Белпрадукт", "Прадмаш. Холад. Упак".


Фотаздымкі