Бел | Рус | Eng PDA
навіна

ад 26.06.2018

Пасяджэнне Прэзідыума Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь

У Беларусі патрэбны дакладныя і зразумелыя паказчыкі эфектыўнасці будаўнічай галіны. Аб гэтым заявіў Прэм'ер-міністр Андрэй Кабякоў на пасяджэнні Прэзідыума Савета Міністраў, на якім абмяркоўвалася Стратэгія развіцця будаўнічай галіны Рэчпублікі Беларусь на 2018-2030 гады.

"Важнейшым стратэгічным напрамкам развіцця будаўнічага комплексу з'яўляецца нарошчванне экспарту будаўнічых паслуг і яго далейшая дыверсіфікацыя, але без росту прадукцыйнасці працы, мадэрнізацыі вытворчасці, зніжэння затрат і пераходу на выкарыстанне лічбавых тэхналогій мы не зможам канкурыраваць на знешніх рынках, павышаць узровень і якасць жыцця насельніцтва. Патрэбны дакладныя і зразумелыя, а галоўнае, абгрунтаваныя паказчыкі эфектыўнасці будаўнічай галіны", - падкрэсліў Прэм'ер-міністр.

Андрэй Кабякоў адзначыў, што ўмовы работы як на знешніх, так і на ўнутраных рынках дынамічна змяняюцца, што, безумоўна, уплывае на сацыяльна-эканамічнае развіццё краіны ў цэлым і будаўнічага комплексу ў прыватнасці. "Мы павінны адэкватна і своечасова рэагаваць на гэтыя змяненні", - сказаў ён.

У снежні 2017 года Урадам было прынята рашэнне аб фарміраванні міжведамаснай рабочай групы для распрацоўкі стратэгіі развіцця будаўнічай галіны Беларусі на 2018-2030 гады.

Кіраўнік Урада паведаміў, што за апошнія гады ў краіне істотна нарасцілі вытворчыя магутнасці як падрадных арганізацый, так і прадпрыемстваў, якія вырабляюць будматэрыялы. "Істотна павялічылі кадравы патэнцыял галіны. Сёння гэты патэнцыял выкарыстоўваецца недастаткова эфектыўна. Разам з тым створаныя ў Беларусі ўмовы даюць магчымасць выкарыстоўваць новыя механізмы развіцця і пазбегнуць залежнасці ад бюджэтнага фінансавання. Прынятыя Урадам і Нацыянальным банкам меры па стрымліванні інфляцыі пашырылі доступ да рэсурсаў камерцыйных банкаў на даволі камфортных умовах. Трэба запускаць працэс уключэння гэтых рэсурсаў у будоўлю, у тым ліку на аб'екты сацыяльнай, інжынернай і транспартнай інфраструктуры", - заявіў Андрэй Кабякоў.


У ходзе разгляду пытання члены Прэзідыума заслухалі даклад Міністра архітэктуры і будаўніцтва Анатоля Чорнага. Ён паведаміў, што праект Стратэгіі развіцця будаўнічай галіны на 2018-2030 гады быў распрацаваны сумесна з зацікаўленымі дзяржорганамі. "Задача стратэгіі - усталяванне выразных, адназначных праектаў развіцця галіны і павышэнне яе эфектыўнасці, а таксама вызначэнне кропак росту. Праект стратэгіі накіраваны на інавацыйнае развіццё, вызначаны драйверы развіцця галіны: інфарматызацыя, адаптацыя масавага прадукта пад запыты канкрэтнага спажыўца, інтэграцыя будаўнічых і прамысловых арганізацый у буйныя шматпрофільныя холдынгі, якія будуць выконваць будаўніча-мантажныя работы ва ўсіх сегментах рынку на аб'ектах любой складанасці ўнутры краіны і на знешніх рынках", - падкрэсліў ён.

Анатоль Чорны адзначыў, што сярод кропак росту галіны - развіццё такіх відаў будаўніцтва, як грамадзянскае будаўніцтва (у тым ліку ў сегменце рэканструкцыі прамысловых аб'ектаў), транспартнае будаўніцтва (у тым ліку ў рамках праекта "Адзін пояс і адзін шлях" з удзелам кітайскага капіталу), узвядзенне і рэканструкцыя меліярацыйных аб'ектаў, штогадовае павелічэнне аб'ёмаў капрамонту да 3% ад эксплуатаванай плошчы жылога фонду, рост аб'ёмаў рэканструкцыі і мадэрнізацыі аб'ектаў інжынерных камунікацый і інфраструктуры з прыцягненнем крэдытаў міжнародных арганізацый. "Для эфектыўнай рэалізацыі задач у праекце вызначаны чатыры ключавыя мэты: павышэнне інвестыцыйнай прывабнасці будаўніцтва, павышэнне эфектыўнасці прадпрыемстваў стройкомплекса і іх выхаду на канкурэнтаздольнасць на ўнутраным і знешніх рынках, развіццё кадравага патэнцыялу, удасканаленне сістэмы дзяржкіравання галіной", - канстатаваў міністр.

Фота: БелТА​