Бел | Рус | Eng PDA
навіна

ад 12.11.2018

Адкрыццё Сусветнага тыдня прадпрымальніцтва

Стварэнне спрыяльнага бізнес-асяроддзя ў Беларусі будзе прыярытэтам эканамічнай палітыкі ўрада, заявіў Прэм'ер-міністр Сяргей Румас сёння на адкрыцці Сусветнага тыдня прадпрымальніцтва.

"У практычным плане для падтрымкі бізнесу дзяржавай зроблены сур'ёзныя крокі. Амаль год як працуе лібералізацыйны пакет, і ўжо ёсць канкрэтныя вынікі - расце колькасць ствараемых суб'ектаў малога і сярэдняга прадпрымальніцтва, пачаў працаваць паведамляльны парадак адкрыцця свайго бізнесу. Урадам прынята новая праграма дзейнасці да 2020 года. У ёй пытанне стварэння спрыяльнага бізнес-асяроддзя замацавана ў якасці асноўнага прыярытэту эканамічнай палітыкі", - адзначыў Сяргей Румас.

Нядаўна прынята Стратэгія развіцця малога і сярэдняга прадпрымальніцтва да 2030 года, якая сфарміравала новы парадак дня па пытаннях дзяржрэгулявання гэтага сектара эканомікі. "Дакумент з'яўляецца вынікам цеснага ўзаемадзеяння бізнесу і ўлады і змяшчае нормы, рэалізацыя якіх надасць дадатковы імпульс для выхаду на новы якасны ўзровень развіцця малога і сярэдняга прадпрымальніцтва", - лічыць кіраўнік Урада. Наступным крокам будзе актуалізацыя дзяржпраграмы "Малое і сярэдняе прадпрымальніцтва".

"Відавочна, што ствараемае празрыстае, прадказальнае і выгаднае заканадаўства, якое выключае прыняцце залішніх абцяжаранняў і новых бар'ераў, стане для бізнесу гарантам стабільнасці работы на нашым рынку", - падкрэсліў Прэм'ер-міністр.

Сяргей Румас канстатаваў, што цікавасць да Сусветнага тыдня прадпрымальніцтва расце, колькасць удзельнікаў штогод павялічваецца. Ва ўрадзе гэта ацэньваюць як выказванне даверу да праводзімай у краіне палітыкі лібералізацыі бізнесу, разняволення дзелавой ініцыятывы і стварэння спрыяльных умоў для рэалізацыі бізнес-ідэй. "Урад разглядае гэты міжнародны праект як значную пляцоўку для вядзення цывілізаванага дыялогу паміж уладай і бізнес-супольнасцю па праблемных пытаннях і перспектывах развіцця беларускай эканомікі", - сказаў ён.

Прэм'ер-міністр таксама выказаў удзячнасць усім прадпрымальнікам. "У рэаліях сённяшняга дня вы аператыўна рэагуеце на выклікі і патрэбнасці рынку, генерыруеце новыя ідэі, увасабляеце іх у жыццё і тым самым уносіце значны ўклад у падтрымку стабільнасці беларускай эканомікі і стварэнне перадумоў для яе ўпэўненага росту", - адзначыў ён.

Сяргей Румас таксама наведаў выстаўку інавацыйных праектаў, якая адкрылася на пляцоўцы выставачнага цэнтра "Белэкспа".

Сусветны тыдзень прадпрымальніцтва (GEW) - штогадовае глабальнае мерапрыемства, якое аб'ядноўвае 170 краін. У Беларусі Сусветны тыдзень прадпрымальніцтва арганізуецца з 2011 года. У гэтым годзе асноўныя мерапрыемствы праходзяць на пляцоўцы "Белэкспа" з 12 па 18 лістапада.

Фота: БелТА


Фотаздымкі