Бел | Рус | Eng PDA
навіна

ад 09.07.2021

Лічбавізацыя і аўтаматызацыя працэсаў – Раман Галоўчанка абазначыў задачы для падатковых органаў

Лічбавізацыя ўліку і кантролю за выплатай падаткаў павінна быць прыярытэтам у стратэгіі развіцця падатковай сістэмы. Аб гэтым заявіў Прэм'ер-міністр Раман Галоўчанка ў час урачыстага мерапрыемства, прымеркаванага да святкавання Дня работнікаў падатковых органаў.

"Падатковая служба з'яўляецца адным з важнейшых звёнаў у сістэме дзяржаўнага кіравання. Яе старанная і плённая праца ўносіць істотны ўклад ва ўмацаванне эканамічнай бяспекі, стабільнасці, садзейнічае паспяховай рэалізацыі сацыяльна значных праектаў і павышэнню ўзроўню жыцця грамадзян", - сказаў Раман Галоўчанка.

Прэм'ер-міністр адзначыў, што за апошнія гады падатковая служба прайшла мадэрнізацыю. "Уведзены новыя інавацыйныя, тэхналагічныя элементы, якія дазваляюць істотна павысіць эфектыўнасць дзейнасці падатковай сістэмы і забяспечыць больш камфортнае ўзаемадзеянне з плацельшчыкамі. Інфармацыйная адкрытасць, удасканаленне сэрвісных магчымасцей сталі прыярытэтнымі напрамкамі, якія дазволілі спрасціць дыялог паміж дзяржавай у асобе падатковых органаў і грамадзянамі", - дадаў ён.

"У няпростых умовах беспрэцэдэнтнага націску на нашу краіну асаблівую значнасць набывае задача па фарміраванні даходнай часткі бюджэту, якая дазваляе рэалізоўваць агульнадзяржаўныя прыярытэты. Ключавымі пытаннямі тут з'яўляюцца камфортнае асяроддзе і празрыстасць вядзення бізнесу, добраахвотнае выкананне iм падатковых абавязацельстваў, мінімізацыя шэрых схем ухілення ад выплаты, бескампрамісная барацьба з тымі, хто нячысты на руку. Задача падатковых органаў - знайсці і прапанаваць Ураду той аптымальны баланс, які дасць магчымасць развівацца эканоміцы краіны і ў неабходнай меры атрымліваць даходы ў дзяржбюджэт. Падатковая служба многае робіць для зніжэння фіскальнай нагрузкі на бізнес. Скарацілася колькасць праведзеных праверак, пры гэтым іх рэзультатыўнасць узрасла", - звярнуў увагу Раман Галоўчанка.

Прэм'ер-міністр таксама падкрэсліў, што ў эпоху лічбавай эканомікі работа павінна будавацца за кошт укаранення новых прагрэсіўных механізмаў і падатковых інструментаў, інтэгравання нацыянальных сістэм кантролю выплаты падаткаў, прасочвальнасці, маркіроўкі тавараў з аналагічнымі інфармацыйнымі рэсурсамі дзяржаў - членаў ЕАЭС. "Поўная лічбавізацыя ўліку, кантролю за выплатай падаткаў, укараненне інтэлектуальнай сістэмы аналізу рызык невыканання падатковых абавязацельстваў дазваляе завяршыць пабудову сучаснай IT-інфраструктуры падатковых органаў. Гэта павінна быць безумоўным прыярытэтам у вашай стратэгіі развіцця. Развіццё электроннага ўзаемадзеяння з плацельшчыкамі, максімальная аўтаматызацыя працэсаў падатковага адміністравання будуць садзейнічаць пашырэнню інтэграцыйных працэсаў, усталяванню міжнародных дзелавых кантактаў, спрашчэнню гандлёвых адносін паміж суб'ектамі і краінамі", - сказаў ён.

Намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Вольга Чупрыс уручыла работнікам падатковых органаў ганаровыя граматы Адміністрацыі Прэзідэнта. Раман Галоўчанка ў сваю чаргу ўручыў ганаровыя граматы Савета Міністраў і падзякі Прэм'ер-міністра.

Сярод іншых узнагарод, якія ўручаліся сёння работнікам падатковых органаў, - ганаровыя граматы Камітэта дзяржаўнага кантролю, Дзяржаўнага мытнага камітэта, Нацыянальнага сходу, падзякі старшыні КДК, старшыні ДМК, а таксама юбілейны медаль "100 гадоў органам дзяржаўнага кантролю Беларусі", нагрудны знак ДМК "За адзнаку" II ступені.

Фота: БелТА


Фотаздымкі