Бел | Рус | Eng PDA
навіна

ад 04.08.2021

Зямельнае пытанне і фінансавае становішча прадпрыемства - Аляксандр Субоцін правёў асабісты прыём грамадзян

Намеснік Прэм'ер-міністра Аляксандр Субоцін правёў сёння асабісты прыём грамадзян у Мінску.

"Як правіла, на прыёмы прыходзяць людзі, прадстаўнікі арганізацый, у якіх пытанні практычна невырашальныя або ўваходзяць у супярэчнасць з нейкімі законамі, указамі, правіламі, палажэннямі. Вядома, у кожным выпадку мы стараемся дапамагчы, і, як правіла, гэта атрымліваецца. Кожная такая сустрэча ўказвае не толькі на праблемы людзей, але і на слабасці нашай заканадаўчай базы, недапрацоўкі, двухсэнсоўнасці. Гэта значна дапамагае заканадаўчай галіне ўлады прымаць потым больш свежыя і асэнсаваныя рашэнні, удасканальваць існуючае заканадаўства", - адзначыў Аляксандр Субоцін.

Так, антыкрызісны кіраўнік ААТ "Гомельскі тлушчавы камбінат" Дзмітрый Барэйка звярнуўся па пытанні фінансавага становішча прадпрыемства, якое на гэты момант знаходзіцца ў працэдуры эканамічнай неплацежаздольнасці.

"Гомельскі тлушчавы камбінат - адно з самых вядомых прадпрыемстваў. Амаль усе чулі і ведаюць яго прадукцыю: пачынаючы ад маянэзу і заканчваючы мылам, - адзначыў віцэ-прэм'ер. - Тое, што камбінат знаходзіцца не ў вельмі добрым фінансавым стане, сумна. Праблема вялікая, аднак мы будзем разам выходзіць з гэтай сітуацыі. Будзем падключаць спецыялістаў Міністэрства фінансаў, банкаўскі сектар - паспрабуем усімі сіламі наваліцца і гэты вузел развязаць".

Кіраўнік сялянскай фермерскай гаспадаркі "Белая Русь" Уладзімір Сямашка на такі прыём прыйшоў па зямельным пытанні не ўпершыню. На яго думку, у яго быў незаконна адабраны ўчастак з пажыццёвага валодання. Аляксандр Субоцін запытаў юрыдычную ацэнку прадстаўленага пакета дакументаў для далейшага разгляду.

Пытанні ўзяты на кантроль, дадзены даручэнні ў профільныя інстанцыі. Акрамя таго, віцэ-прэм'ер падкрэсліў: грамадзянам неабавязкова чакаць афіцыйных дзён прыёму, каб атрымаць адказы на хвалюючыя пытанні. "Да мяне заўсёды можна трапіць, асабліва, калі размова ідзе аб дзяржаўных арганізацыях. Многія моманты прасцей вырашаюцца ў рабочым парадку: адразу ёсць магчымасць з пульта набраць кіраўнікоў ведамстваў або іншых арганізацый і адразу ж на месцы дасягнуць пэўных дамоўленасцей і вырашыць пытанне. Значыць, гэта нават спрашчае зваротную сувязь. У больш спакойнай, свабоднай рабочай абстаноўцы праблемы вырашаюцца хутчэй і лягчэй", - упэўнены ён.

Фота: БелТА

Фотаздымкі