Цяпер на дзяржграніцы Беларусі размешчана 24 аўтадарожныя пункты пропуску, з іх 10 абсталяваны па пастаяннай схеме. Прапускная здольнасць складае больш за 21 тыс. аўтамабіляў за суткі. Неабходнасць павелічэння прапускной здольнасці абумоўлена ўступленнем Беларусі ў Мытны саюз. Доля транзіту, што перамяшчаецца праз беларускі ўчастак граніцы Мытнага саюза аўтамабільным транспартам, у агульнай долі перамешчаных тавараў складае 70 працэнтаў. Улічаны прагноз павелічэння пасажырапатоку ў сувязі са спрашчэннем парадку ўзаемных паездак жыхароў прыгранічных тэрыторый Літвы, Латвіі, Польшчы і Беларусі.
У выніку рэалізацыі Комплекснай праграмы агульная прапускная здольнасць аўтадарожных пунктаў пропуску ў 2015 годзе ўзрасце да 35 тыс. аўтамабіляў за суткі. Праграмай прадугледжаны рэканструкцыя і будаўніцтва 11 аўтадарожных пунктаў пропуску. Будзе завершана будаўніцтва аўтадарожнага пункта пропуску "Дамачава", грузавога тэрмінала "Казловічы-2". Намечана новае будаўніцтва аўтадарожнага пункта пропуску "Пясчатка" на граніцы з Польшчай, рэканструкцыя з павелічэннем прапускной здольнасці пунктаў "Прывалка", "Каменны Лог" на граніцы з Літвой, "Грыгораўшчына", "Урбаны" - на граніцы з Латвіяй. Таксама рэканструююцца "Верхні Церабяжоў", "Махро", "Новая Гута", будзе будавацца "Камарын" на граніцы з Украінай.
Вынікам рэалізацыі Комплекснай праграмы павінна стаць стварэнне інфраструктуры, якая будзе адпавядаць сучасным міжнародным патрабаванням і забяспечыць спрыяльныя ўмовы для ўсіх суб'ектаў гаспадарання і фізічных асоб, якія перасякаюць мытную граніцу Беларусі.
Развіццё інфраструктуры пунктаў пропуску дасць магчымасць павысіць эфектыўнасць мытнага і іншых відаў кантролю з мінімальнымі затратамі часу пры перасячэнні граніцы. Прадугледжана абсталяванне пунктаў пропуску сучаснымі тэхнічнымі сродкамі мытнага кантролю, сістэмамі відэанагляду, абсталяваннем для надгляду, аўтаматызаванай сістэмай распазнання і рэгістрацыі нумарных знакаў транспартных сродкаў і сучаснымі сістэмамі інжынернага забеспячэння.
У рамках рэалізацыі праграмы для грамадзян, якія перасякаюць граніцу, будуць створаны камфортныя ўмовы. Будуць пабудаваны і абсталяваны пункты харчавання і гандлёвыя аб'екты. Рэалізацыя да 2015 года Комплекснай праграмы ў поўным аб'ёме дасць магчымасць забяспечыць пропуск прагназуемага транспартнага патоку аж да 2020 года.
З поўным тэкстам дакумента можна азнаемiцца на рускай версii сайта