Праграма занятасці распрацавана ў адпаведнасці з асноўнымі палажэннямі Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі на 2011-2015 гады, якія прадугледжваюць інавацыйнае развіццё і структурную перабудову эканомікі, пераход на больш высокі тэхналагічны ўклад развіцця вытворчасці, развіццё чалавечага патэнцыялу, прадпрымальніцтва і ініцыятывы, устойлівае развіццё рэгіёнаў.
Паводле ацэнак спецыялістаў, у бягучым годзе рынак працы рэспублікі будзе фарміравацца ва ўмовах структурнай перабудовы эканомікі. Найбольш моцнае ўздзеянне будуць мець чатыры фактары: дэмаграфічна абумоўленае скарачэнне колькасці працоўных рэсурсаў, лішняя рабочая сіла ў шэрагу арганізацый пры яе дэфіцыце на рэгіянальных рынках працы, дысбаланс паміж попытам і прапанаваннем працоўных месц па прафесійна-кваліфікацыйнаму складу, а таксама захаванне нізкай канкурэнтаздольнасці на рынку працы грамадзян, якія асабліва маюць патрэбу ў сацыяльнай абароне (інвалідаў, моладзі, жанчын, грамадзян, якія вызваліліся з устаноў крымінальна-выканаўчай сістэмы МУС, а таксама людзей, якія маюць працяглы перапынак у рабоце).
Для садзейнічання ў працаўладкаванні незанятага насельніцтва рэспубліканскім органам дзяржкіравання і іншым дзяржаўным арганізацыям, падпарадкаваным Ураду, аблвыканкамам і Мінскаму гарвыканкаму ўстаноўлены заданні па працаўладкаванню грамадзян на наваствораныя рабочыя месцы. Усяго на 2011 год прадугледжваецца стварэнне 175 тыс. працоўных месц, з іх у Мінску - 36 тыс., у Віцебскай і Брэсцкай абласцях - па 25 тыс., у Гомельскай - 24 тыс., у Мінскай - 23 тыс., у Магілёўскай і Гродзенскай - па 21 тыс. Дарэчы, заданне для рэспубліканскіх органаў дзяржкіравання і іншых дзяржарганізацый устаноўлена ў памеры амаль 5,9 тыс. працоўных месц.
У мэтах стымулявання наймальнікаў да стварэння ў першую чаргу высокапрадукцыйных і высокаэфектыўных працоўных месц плануецца аказанне ім фінансавай падтрымкі ў выглядзе бюджэтных пазык са сродкаў Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва Міністэрства працы і сацыяльнай абароны. Будуць прыняты меры па стымуляванню стварэння эканамічна эфектыўных рабочых месц у перспектыўных навукаёмістых, высокатэхналагічных галінах эканомікі, якія дынамічна развіваюцца, і сферы запатрабаваных паслуг. Плануецца аказаць садзейнічанне беспрацоўным у развіцці прадпрымальніцкай, рамеснай дзейнасці, а таксама дзейнасці па аказанню паслуг у сферы аграэкатурызму. Дадатковы імпульс атрымае рост занятасці ў сферы паслуг.
У новай дзяржпраграме ўзмоцнены і канкрэтызаваны мерапрыемствы, накіраваныя на забеспячэнне занятасці моладзі. У прыватнасці, запланавана ўстанаўленне наймальнікам броні для прыёму на работу 5 тыс. 710 беспрацоўных ва ўзросце да 21 года, якія ўпершыню працаўладкоўваюцца. Для гэтай катэгорыі прадугледжваецца прыярытэтны напрамак на прафнавучанне (да 80 працэнтаў ад зарэгістраваных).
На "Маладзёжную практыку" з частковай кампенсацыяй наймальнікам затрат на аплату працы будуць накіраваны 1 тыс. 645 чалавек.
Запланавана забеспячэнне часовай працоўнай занятасці моладзі, якая вучыцца ва ўстановах адукацыі, у вольны ад вучобы час - усяго для 25,6 тыс. юнакоў і дзяўчат. Будзе ўдасканальвацца сістэма садзейнічання працоўнай занятасці навучэнцаў і студэнтаў.
Далейшае развіццё атрымае сістэма працаўладкавання моладзі, а таксама прафесійнага навучання і арыентацыі (перш за ўсё школьнікаў), накіраваная на павышэнне прэстыжу рабочых прафесій.
Дзяржпраграма ўключае рэалізацыю канкрэтных мерапрыемстваў па забеспячэнню занятасці насельніцтва ў малых гарадах і рэгіёнах з устойліва высокім узроўнем беспрацоўя.
На аснове маніторынгу рынку працы малых гарадоў і прапаноў аблвыканкамаў у дзяржпраграму ўключана 27 найбольш праблемных малых гарадоў і 7 раёнаў. У іх ліку ў Брэсцкай вобласці - Ганцавіцкі раён, гарады Ганцавічы, Мікашэвічы Лунінецкага раёна, Іванава, г.п.Целяханы Івацэвіцкага раёна, р.п.Рэчыца Столінскага раёна; у Віцебскай вобласці - Пастаўскі і Лепельскі раёны, гарады Паставы, Лепель, Дуброўна, Талачын, Барань Аршанскага раёна; у Гомельскай вобласці - Рэчыцкі і Рагачоўскі раёны, гарады Васілевічы Рэчыцкага раёна, Рагачоў, гарадскія пасёлкі Зарэчча Рэчыцкага раёна і Уваравічы Буда-Кашалёўскага раёна; у Гродзенскай вобласці - гарады Масты, Ваўкавыск, Навагрудак, Свіслач, Скідзель, Слонім, г.п.Рось Ваўкавыскага раёна; у Мінскай вобласці - горады Вілейка, Беразіно, Капыль; у Магілёўскай вобласці - Кіраўскі і Краснапольскі раёны, горад Кіраўск, гарадскія пасёлкі Краснаполле і Бялынічы.
Акрамя таго, прадугледжаны меры па забеспячэнню занятасці насельніцтва яшчэ ў 7 рэгіёнах: Лунінецкім, Столінскім і Пінскім раёнах Брэсцкай вобласці, Жыткавіцкім, Мазырскім, Петрыкаўскім і Нараўлянскім раёнах Гомельскай вобласці - у адпаведнасці з Дзяржаўнай праграмай сацыяльна-эканамічнага развіцця і комплекснага выкарыстання прыродных рэсурсаў Прыпяцкага Палесся на 2010 - 2015 гады.
У цэлым па рэспубліцы дзяржслужба занятасці акажа садзейнічанне ў працаўладкаванні на створаныя працоўныя месцы і існуючыя вакансіі 30,8 тыс. жыхароў малых і сярэдніх гарадскіх паселішчаў, у тым ліку на 25 тыс. 170 новых працоўных месц. Запланавана выдзяленне бюджэтнай пазыкі наймальнікам для стварэння працоўных месц і працаўладкавання жыхароў малых гарадоў. Прадугледжваецца аказанне фінансавай падтрымкі ў выглядзе субсідый 720 беспрацоўным для арганізацыі прадпрымальніцкай, рамеснай дзейнасці, а таксама дзейнасці па аказанню паслуг у сферы аграэкатурызму. Накіраванне на прафпадрыхтоўку, перападрыхтоўку і павышэнне кваліфікацыі атрымаюць 4 тыс. 175 беспрацоўных жыхароў малых і сярэдніх гарадскіх паселішчаў.
Прадугледжаны мерапрыемствы па забеспячэнню занятасці насельніцтва ў сельскай мясцовасці, у тым ліку па стымуляванню беспрацоўных да пераезду на новае месца жыхарства і працы (плануецца перасяліць 340 сем'яў), уключэнню сельскіх жыхароў у прадпрымальніцкую дзейнасць.
Выкананне мерапрыемстваў дзяржпраграмы дасць магчымасць забяспечыць працаўладкаванне на наваствораныя працоўныя месцы 175 тыс. чалавек, у тым ліку 25,2 тыс. чалавек у малых гарадах, 17 тыс. - у сельскай мясцовасці, 2,5 тыс. чалавек на працоўныя месцы, створаныя з выкарыстаннем бюджэтных пазык. Будзе аказана садзейнічанне ў працаўладкаванні на пастаянную работу 199,8 тыс. незанятых грамадзян, у тым ліку 128,1 тыс. беспрацоўных. У аплатных грамадскіх работах (пераважна на аб'ектах сацыяльнай сферы) прымуць удзел 90,5 тыс. чалавек, у тым ліку 49,2 тыс. беспрацоўных. Накіраванне на прафесійную падрыхтоўку, перападрыхтоўку і павышэнне кваліфікацыі атрымаюць 24,7 тыс. беспрацоўных, у тым ліку не менш як 45 працэнтаў - па заяўках наймальнікаў. Садзейнічанне ў арганізацыі прадпрымальніцкай дзейнасці атрымаюць 3 тыс. беспрацоўных (з прадастаўленнем фінансавай падтрымкі са сродкаў Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва). Будзе аказана сацпадтрымка 126 тыс. беспрацоўных у перыяд пошуку працы.
Як вынік, у 2011 годзе павысіцца эканамічная актыўнасць незанятага насельніцтва, захаваецца кантралюемая і кіруемая сітуацыя на рынку рабочай сілы, павысіцца яе якасць і канкурэнтаздольнасць. Палепшыцца збалансаванасць паміж попытам і прапанаваннем рабочай сілы па прафесійна-кваліфікацыйнай і тэрытарыяльнай структуры.
Устаноўлена заданне забяспечыць да канца 2011 года колькасць насельніцтва, занятага ў эканоміцы, у межах 4670-4720 тыс. чалавек.
Узровень рэгіструемага беспрацоўя па рэспубліцы да канца года не перавысіць 1,2-1,5 працэнта, у тым ліку ў Віцебскай вобласці - 1,6 працэнта, у Брэсцкай і Магілёўскай - па 1,5 працэнта, у Гомельскай і Гродзенскай - па 1,4 працэнта, у Мінскай - 1,2 працэнта, у Мінску - 0,5 працэнта.
На выкананне мерапрыемстваў дзяржпраграмы ў 2011 годзе будзе выдзелена Br171 млрд. 171 млн. 621 тыс., у тым ліку сродкі Фонду - Br121 млрд. 565 млн. 555 тыс. (у бюджэты абласцей і Мінска перадаецца Br118 млрд. 867,5 млн.) , сродкі мясцовых бюджэтаў (сродкі ад вяртання бюджэтных пазык) - Br34 млрд. 264,8 млн., уласныя сродкі арганізацый-выканаўцаў - Br15 млрд. 341 млн. 266 тыс. Асноўная сума сродкаў пойдзе на фінансаванне мерапрыемстваў, звязаных з ажыццяўленнем актыўных мер палітыкі занятасці насельніцтва. Грашовы аб'ём дзяржаўных сацыяльных гарантый беспрацоўным на перыяд актыўнага пошуку работы ў выглядзе выплаты дапамогі па беспрацоўю, кампенсацыйных выплат, матэрыяльнай дапамогі складзе Br25 млрд. 358 млн. 611 тыс. (атрымаюць 126 тыс. чалавек).
З поўным тэкстам дакумента можна азнаемiцца на рускай версii сайта