Дзяржпраграма садзейнічання занятасці насельніцтва Беларусі на 2011 год зацверджана Урадам Беларусі

Савет Міністраў Беларусі пастановай нумар 270 зацвердзіў Дзяржаўную праграму садзейнічання занятасці насельніцтва Рэспублікі Беларусь на 2011 год. Гэты комплексны дакумент вызначае галоўныя напрамкі і прыярытэты дзейнасці органаў дзяржкіравання, аблвыканкамаў, Мінгарвыканкама, аб'днанняў наймальнікаў і прафсаюзаў, грамадскіх аб'яднанняў інвалідаў у вырашэнні эканамічных і сацыяльных праблем занятасці.

Праграма занятасці распрацавана ў адпаведнасці з асноўнымі палажэннямі Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі на 2011-2015 гады, якія прадугледжваюць інавацыйнае развіццё і структурную перабудову эканомікі, пераход на больш высокі тэхналагічны ўклад развіцця вытворчасці, развіццё чалавечага патэнцыялу, прадпрымальніцтва і ініцыятывы, устойлівае развіццё рэгіёнаў.

Паводле ацэнак спецыялістаў, у бягучым годзе рынак працы рэспублікі будзе фарміравацца ва ўмовах структурнай перабудовы эканомікі. Найбольш моцнае ўздзеянне будуць мець чатыры фактары:  дэмаграфічна абумоўленае скарачэнне колькасці працоўных рэсурсаў,  лішняя рабочая сіла ў шэрагу арганізацый пры яе дэфіцыце на рэгіянальных рынках працы, дысбаланс паміж попытам і прапанаваннем працоўных месц па прафесійна-кваліфікацыйнаму складу, а таксама  захаванне нізкай канкурэнтаздольнасці на рынку працы грамадзян, якія асабліва маюць патрэбу ў сацыяльнай абароне (інвалідаў, моладзі, жанчын, грамадзян, якія вызваліліся з устаноў крымінальна-выканаўчай сістэмы МУС, а таксама людзей, якія маюць працяглы перапынак у рабоце).

Для садзейнічання ў працаўладкаванні незанятага насельніцтва рэспубліканскім органам дзяржкіравання і іншым дзяржаўным арганізацыям, падпарадкаваным Ураду, аблвыканкамам і Мінскаму гарвыканкаму ўстаноўлены заданні па працаўладкаванню грамадзян на наваствораныя рабочыя месцы. Усяго на 2011 год прадугледжваецца стварэнне 175 тыс. працоўных месц, з іх у Мінску - 36 тыс., у Віцебскай і Брэсцкай абласцях - па 25 тыс., у Гомельскай - 24 тыс., у Мінскай - 23 тыс., у Магілёўскай і Гродзенскай - па 21 тыс. Дарэчы, заданне для рэспубліканскіх органаў дзяржкіравання і іншых дзяржарганізацый устаноўлена ў памеры амаль 5,9 тыс. працоўных месц.

У мэтах стымулявання наймальнікаў да стварэння ў першую чаргу высокапрадукцыйных і высокаэфектыўных працоўных месц плануецца аказанне ім фінансавай падтрымкі ў выглядзе бюджэтных пазык са сродкаў Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва Міністэрства працы і сацыяльнай абароны. Будуць прыняты меры па стымуляванню стварэння эканамічна эфектыўных рабочых месц у перспектыўных навукаёмістых, высокатэхналагічных галінах эканомікі, якія дынамічна развіваюцца, і сферы запатрабаваных паслуг. Плануецца аказаць садзейнічанне беспрацоўным у развіцці прадпрымальніцкай, рамеснай дзейнасці, а таксама дзейнасці па аказанню паслуг у сферы аграэкатурызму. Дадатковы імпульс атрымае рост занятасці ў сферы паслуг.

У новай дзяржпраграме ўзмоцнены і канкрэтызаваны мерапрыемствы, накіраваныя на забеспячэнне занятасці моладзі. У прыватнасці, запланавана ўстанаўленне наймальнікам броні для прыёму на работу 5 тыс. 710 беспрацоўных ва ўзросце да 21 года, якія ўпершыню працаўладкоўваюцца. Для гэтай катэгорыі прадугледжваецца прыярытэтны напрамак на прафнавучанне (да 80 працэнтаў ад зарэгістраваных).

На "Маладзёжную практыку" з частковай кампенсацыяй наймальнікам затрат на аплату працы будуць накіраваны 1 тыс. 645 чалавек.

Запланавана забеспячэнне часовай працоўнай занятасці моладзі, якая вучыцца ва ўстановах адукацыі, у вольны ад вучобы час - усяго для 25,6 тыс. юнакоў і дзяўчат. Будзе ўдасканальвацца сістэма садзейнічання працоўнай занятасці навучэнцаў і студэнтаў.

Далейшае развіццё атрымае сістэма працаўладкавання моладзі, а таксама прафесійнага навучання і арыентацыі (перш за ўсё школьнікаў), накіраваная на павышэнне прэстыжу рабочых прафесій.

Дзяржпраграма ўключае рэалізацыю канкрэтных мерапрыемстваў па забеспячэнню занятасці насельніцтва ў малых гарадах і рэгіёнах з устойліва высокім узроўнем беспрацоўя.

На аснове маніторынгу рынку працы малых гарадоў і прапаноў аблвыканкамаў у дзяржпраграму ўключана 27 найбольш праблемных малых гарадоў і 7 раёнаў. У іх ліку ў Брэсцкай вобласці - Ганцавіцкі раён, гарады Ганцавічы, Мікашэвічы Лунінецкага раёна, Іванава, г.п.Целяханы Івацэвіцкага раёна, р.п.Рэчыца Столінскага раёна; у Віцебскай вобласці - Пастаўскі і Лепельскі раёны, гарады Паставы, Лепель, Дуброўна, Талачын, Барань Аршанскага раёна; у Гомельскай вобласці - Рэчыцкі і Рагачоўскі раёны, гарады Васілевічы Рэчыцкага раёна, Рагачоў, гарадскія пасёлкі Зарэчча Рэчыцкага раёна і Уваравічы Буда-Кашалёўскага раёна; у Гродзенскай вобласці - гарады Масты, Ваўкавыск, Навагрудак, Свіслач, Скідзель, Слонім, г.п.Рось Ваўкавыскага раёна; у Мінскай вобласці - горады Вілейка, Беразіно, Капыль; у Магілёўскай вобласці - Кіраўскі і Краснапольскі раёны, горад Кіраўск, гарадскія пасёлкі Краснаполле і Бялынічы.

Акрамя таго, прадугледжаны меры па забеспячэнню занятасці насельніцтва яшчэ ў 7 рэгіёнах: Лунінецкім, Столінскім і Пінскім раёнах Брэсцкай вобласці, Жыткавіцкім, Мазырскім, Петрыкаўскім і Нараўлянскім раёнах Гомельскай вобласці - у адпаведнасці з Дзяржаўнай праграмай сацыяльна-эканамічнага развіцця і комплекснага выкарыстання прыродных рэсурсаў Прыпяцкага Палесся на 2010 - 2015 гады.

У цэлым па рэспубліцы дзяржслужба занятасці акажа садзейнічанне ў працаўладкаванні на створаныя працоўныя месцы і існуючыя вакансіі 30,8 тыс. жыхароў малых і сярэдніх гарадскіх паселішчаў, у тым ліку на 25 тыс. 170 новых працоўных месц. Запланавана выдзяленне бюджэтнай пазыкі наймальнікам для стварэння працоўных месц і працаўладкавання жыхароў малых гарадоў. Прадугледжваецца аказанне фінансавай падтрымкі ў выглядзе субсідый 720 беспрацоўным для арганізацыі прадпрымальніцкай, рамеснай дзейнасці, а таксама дзейнасці па аказанню паслуг у сферы аграэкатурызму. Накіраванне на прафпадрыхтоўку, перападрыхтоўку і павышэнне кваліфікацыі атрымаюць 4 тыс. 175 беспрацоўных жыхароў малых і сярэдніх гарадскіх паселішчаў.

Прадугледжаны мерапрыемствы па забеспячэнню занятасці насельніцтва ў сельскай мясцовасці, у тым ліку па стымуляванню беспрацоўных да пераезду на новае месца жыхарства і працы (плануецца перасяліць 340 сем'яў), уключэнню сельскіх жыхароў у прадпрымальніцкую дзейнасць.

Выкананне мерапрыемстваў дзяржпраграмы дасць магчымасць забяспечыць працаўладкаванне на наваствораныя працоўныя месцы 175 тыс. чалавек, у тым ліку 25,2 тыс. чалавек у малых гарадах, 17 тыс. - у сельскай мясцовасці, 2,5 тыс. чалавек на працоўныя месцы, створаныя з выкарыстаннем бюджэтных пазык. Будзе аказана садзейнічанне ў працаўладкаванні на пастаянную работу 199,8 тыс. незанятых грамадзян, у тым ліку 128,1 тыс. беспрацоўных. У аплатных грамадскіх работах (пераважна на аб'ектах сацыяльнай сферы) прымуць удзел 90,5 тыс. чалавек, у тым ліку 49,2 тыс. беспрацоўных. Накіраванне на прафесійную падрыхтоўку, перападрыхтоўку і павышэнне кваліфікацыі атрымаюць 24,7 тыс. беспрацоўных, у тым ліку не менш як 45 працэнтаў - па заяўках наймальнікаў. Садзейнічанне ў арганізацыі прадпрымальніцкай дзейнасці атрымаюць 3 тыс. беспрацоўных (з прадастаўленнем фінансавай падтрымкі са сродкаў Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва). Будзе аказана сацпадтрымка 126 тыс. беспрацоўных у перыяд пошуку працы.

Як вынік, у 2011 годзе павысіцца эканамічная актыўнасць незанятага насельніцтва, захаваецца кантралюемая і кіруемая сітуацыя на рынку рабочай сілы, павысіцца яе якасць і канкурэнтаздольнасць. Палепшыцца збалансаванасць паміж попытам і прапанаваннем рабочай сілы па прафесійна-кваліфікацыйнай і тэрытарыяльнай структуры.

Устаноўлена заданне забяспечыць да канца 2011 года колькасць насельніцтва, занятага ў эканоміцы, у межах 4670-4720 тыс. чалавек.

Узровень рэгіструемага беспрацоўя па рэспубліцы да канца года не перавысіць 1,2-1,5 працэнта, у тым ліку ў Віцебскай вобласці - 1,6 працэнта, у Брэсцкай і Магілёўскай - па 1,5 працэнта, у Гомельскай і Гродзенскай - па 1,4 працэнта, у Мінскай - 1,2 працэнта, у Мінску - 0,5 працэнта.

На выкананне мерапрыемстваў дзяржпраграмы ў 2011 годзе будзе выдзелена Br171 млрд. 171 млн. 621 тыс., у тым ліку сродкі Фонду - Br121 млрд. 565 млн. 555 тыс. (у бюджэты абласцей і Мінска перадаецца Br118 млрд. 867,5 млн.) , сродкі мясцовых бюджэтаў (сродкі ад вяртання бюджэтных пазык) - Br34 млрд. 264,8 млн., уласныя сродкі арганізацый-выканаўцаў - Br15 млрд. 341 млн. 266 тыс. Асноўная сума сродкаў пойдзе на фінансаванне мерапрыемстваў, звязаных з ажыццяўленнем актыўных мер палітыкі занятасці насельніцтва. Грашовы аб'ём дзяржаўных сацыяльных гарантый беспрацоўным на перыяд актыўнага пошуку работы ў выглядзе выплаты дапамогі па беспрацоўю, кампенсацыйных выплат, матэрыяльнай дапамогі складзе Br25 млрд. 358 млн. 611 тыс. (атрымаюць 126 тыс. чалавек).

Надрукавана з сайта www.government.by
Адрас публікацыі http://www.government.by/be/solutions/1603
надрукаваць