Бел | Рус | Eng PDA
Пастанова Савета Міністраў

ад 24.03.2011

№ 359

Вытворчасць цукровых буракоў у Беларусі да канца 2015 года ўзрасце да 5,5 млн. т

Вытворчасць цукровых буракоў у Беларусі да канца 2015 года ўзрасце да 5,5 млн. т, а аб'ёмы выпрацоўкі цукру з цукровабурачнай сыравіны павялічацца да 720 тыс. т. Такія параметры вызначаны Дзяржаўнай праграмай развіцця цукровай прамысловасці на 2011-2015 гады, якая зацверджана пастановай Савета Міністраў Беларусі ад 24 сакавіка 2011 года нумар 359.

У адпаведнасці з Дзяржпраграмай, пасяўная плошча цукровых буракоў узрасце з 94,7 тыс. га ў 2010 годзе да 105 тыс. га да канца 2015 года. У 2011 годзе яна складзе 90 тыс. га і такой захаваецца да 2014 года. Да канца пяцігодкі, як плануецца, пасяўная плошча ўзрасце за кошт сыравіннай зоны новага цукровага завода.

Павелічэнне аб'ёмаў вытворчасці цукровых буракоў плануецца забяспечыць за кошт росту іх ураджайнасці. Калі ў 2010 годзе яна складала 41,2 т/га, то ў 2011 годзе трэба будзе яе павялічыць да 46,7 т/га, а да 2015 года - да 52,4 т/га.

Будуць палепшаны тэхналагічныя паказчыкі цукровых буракоў за кошт павышэння ўзроўню іх цукрыстасці. Калі ў 2010 годзе яна складала 14,69 працэнта і не дасягала базіснай, то ў наступнай пяцігодцы яна павінна перасягнуць базісную і ў 2011 годзе скласці 16,46 працэнта, а ў 2014-2015 гадах быць на ўзроўні 17 працэнтаў (базісная цукрыстасць - 16 працэнтаў).

Валавую вытворчасць цукровых буракоў трэба павялічыць з 3 млн. 893,4 тыс. т у 2010 годзе да 5,5 млн. т у 2015 годзе. Ужо ў бягучым годзе збор салодкіх караняплодаў павінен скласці 4,2 млн. т.

Для таго каб паспець у неабходныя тэрміны перапрацаваць узросшыя аб'ёмы цукровых буракоў, прадпрыемствы галіны прадоўжаць тэхнічнае пераўзбраенне і будуць паступова нарошчваць свае вытворчыя магутнасці. Асноўны пік росту магутнасцей прыпадзе на 2014-2015 гады. Кожнае з чатырох дзеючых прадпрыемстваў да канца 2015 года павялічыць магутнасць да 10 тыс. т перапрацоўкі цукровых буракоў за суткі. У 2010 годзе яна складала ад 6 тыс. т да 7 тыс. т за суткі. Акрамя таго, да канца 2015 года з'явіцца новы цукровы завод, магутнасць якога арыенціровачна будзе 7,5 тыс. т перапрацоўкі цукровых буракоў за суткі. Агульная сумарная магутнасць перапрацоўкі цукровых буракоў з 26 тыс. т за суткі ў 2010 годзе ўзрасце да 49,5 тыс. т у 2015 годзе.

За кошт павелічэння магутнасці працягласць вытворчага сезона па перапрацоўцы цукровых буракоў будзе істотна скарочана - са 137 дзён у 2010 годзе да 100 дзён у 2015-м.

Тэхнічнае перааснашчэнне прадпрыемстваў дасць магчымасць прымаць больш салодкіх караняплодаў і адпаведна павялічваць аб'ёмы вытворчасці цукру. У 2011 годзе ўсім чатыром заводам вызначана заданне прыняць для перапрацоўкі аднолькавую колькасць салодкіх караняплодаў - па 1 млн. 50 тыс. т, пачынаючы з 2013 года яна істотна ўзрасце па ўсіх прадпрыемствах. Скідзельскі цукровы камбінат зможа перапрацаваць у 2013 годзе 1 млн. 90 тыс. т, а ў 2014-2015 гады - па 1 млн. 150 тыс. т. Гарадзейскі цукровы камбінат павялічыць прыём цукровых буракоў з 1 млн. 180 тыс. т у 2013 годзе да 1 млн. 230 тыс. т у 2015 годзе. Жабінкаўскі цукровы завод ужо ў 2014 годзе прыме на перапрацоўку 1 млн. 180 тыс. т буракоў. Слуцкі цукрова-рафінадны камбінат павялічыць аб'ём перапрацоўкі цукровых буракоў да 1 млн.150 тыс. т. Новая арганізацыя цукровай прамысловасці ў 2015 годзе ўпершыню прыме 790 тыс. т салодкіх караняплодаў для перапрацоўкі.

Вызначаны таксама заданні па выпрацоўцы цукру з цукровабурачнай сыравіны па кожнаму прадпрыемству. Самы вялікі аб'ём цукру да 2015 года трэба будзе выпрацаваць Гарадзейскаму цукроваму камбінату - 165 тыс. т, гэта на 30 тыс. т больш, чым будзе выпушчана ў 2011 годзе. Слуцкі цукрова-рафінадны камбінат вырабіць 160 тыс. т цукру ў 2015 годзе, што на 30 тыс. т больш, чым у 2011 годзе. На 33 тыс. т у параўнанні з 2011 годам узрасце да 2015 года аб'ём вытворчасці цукру ў Жабінкаўскага цукровага завода - да 155 тыс. т. Скідзельскі цукровы камбінат павялічыць выпуск цукру да канца пяцігодкі да 150 тыс. т. У 2011 годзе яму трэба выпрацаваць 114 тыс. т. Новы цукровы завод у 2015 годзе вырабіць 90 тыс. т цукру. Агульны аб'ём вытворчасці цукру з цукровабурачнай сыравіны да канца 2015 года складзе 720 тыс. т, што на 220 тыс. т больш, чым трэба будзе выпрацаваць у 2011 годзе.

Паводле ацэнкі спецыялістаў, гэта дасць магчымасць не толькі ў поўным аб'ёме забяспечыць унутраныя патрэбнасці краіны ў салодкім прадукце, але і істотна павялічыць экспарт. Ёмістасць унутранага рынку складае прыкладна 350 тыс. т за год, і ўжо на працягу многіх гадоў прадпрыемствы галіны задавольваюць яе цалкам. Праграма развіцця цукровай прамысловасці больш арыентавана на павелічэнне экспартнага патэнцыялу галіны і тэхнічнае перааснашчэнне прадпрыемстваў.

Для таго каб мадэрнізацыя камбінатаў вялася ў адпаведнасці з распрацаванымі графікамі, Міністэрству фінансаў сумесна з канцэрнам "Белдзяржхарчпрам" даручана пры фарміраванні праекта бюджэту на чарговы фінансавы (бюджэтны) год ва ўстаноўленым парадку прадугледжваць сродкі на кампенсацыю арганізацыям цукровай прамысловасці часткі працэнтаў па інвестыцыйных крэдытах, якія прыцягваюцца на рэалізацыю Дзяржпраграмы.

Плануецца кампенсацыя дзеючым арганізацыям цукровай прамысловасці часткі працэнтаў за карыстанне выдадзенымі ў адпаведнасці з Дзяржаўнай праграмай банкаўскімі крэдытамі ў межах расходаў, прадугледжаных на гэтыя мэты ў рэспубліканскім бюджэце для развіцця сельскагаспадарчай вытворчасці і перапрацоўкі сельскагаспадарчай прадукцыі, у памеры 50 працэнтаў стаўкі рэфінансавання Нацыянальнага банка, устаноўленай на дату пакрыцця працэнтаў, - па крэдытах, атрыманых у беларускіх рублях, і ў памеры 50 працэнтаў стаўкі - па крэдытах, атрыманых у замежнай валюце.

З поўным тэкстам дакумента можна азнаемiцца на рускай версii сайта

Пошук

Па тыпу публікацыі:




Па нумары дакумента:

Па даце дакумента: