Пастанова Савета Міністраў

ад 15.09.2011

№ 1234

Дзяржпраграма "Чыстая вада" на 2011-2015 гады зацверджана ў Беларусі

Урад Беларусі зацвердзіў Дзяржаўную праграму па водазабеспячэнню і водаадвядзенню "Чыстая вада" на 2011-2015 гады. Адпаведнае рашэнне змешчана ў пастанове Саўміна ад 15 верасня нумар 1234.

Выкананне праграмы будзе садзейнічаць далейшаму развіццю ў Беларусі сістэм пітнога водазабеспячэння і водаадвядзення, павышэнню якасці падаваемай спажыўцам пітной вады і ачысткі сцёкавых вод, паляпшэнню абароны падземных і паверхневых крыніц пітнога водазабеспячэння ад забруджвання. Мерапрыемствы праграмы дадуць магчымасць павысіць забяспечанасць насельніцтва цэнтралізаваным водазабеспячэннем з пітной вадой нарматыўнай якасці, знізіць шкоднае ўздзеянне на навакольнае асяроддзе шляхам будаўніцтва, рэканструкцыі і мадэрнізацыі ачышчальных збудаванняў каналізацыі.

Чакаецца, што да 2016 года насельніцтва абласных і раённых цэнтраў, гарадоў абласнога падпарадкавання і пасёлкаў гарадскога тыпу будзе забяспечана цэнтралізаваным водазабеспячэннем з пітной вадой нарматыўнай якасці на ўзроўні не менш як 98 працэнтаў. Цэнтралізаванае водазабеспячэнне будзе не менш як у 80 працэнтаў насельніцтва аграгарадкоў. Страты і няўлічаныя расходы вады з сістэм водазабеспячэння знізяцца на 5 працэнтаў. Значна зменшыцца скід недастаткова ачышчаных сцёкавых вод у водныя аб'екты.

Павысіцца забяспечанасць цэнтралізаванымі і мясцовымі сістэмамі гаспадарча-бытавога водаадвядзення гарадскога насельніцтва ў Брэсцкай і Магілёўскай (на 5 працэнтных пунктаў), Гродзенскай і Мінскай (на 2 працэнтныя пункты), Віцебскай і Гомельскай (на 1,6 працэнтнага пункта) абласцях. Вырасце таксама забяспечанасць такімі сістэмамі сельскага насельніцтва: у Брэсцкай, Гродзенскай і Магілёўскай абласцях – на 3 працэнтныя пункты, Мінскай – на 2, Віцебскай – на 1,2, Гомельскай – на 1 працэнтны пункт.

Фінансаванне дзяржпраграмы будзе ажыццяўляцца за кошт сродкаў рэспубліканскага і мясцовых бюджэтаў, а таксама крэдытных рэсурсаў Міжнароднага банка рэканструкцыі і развіцця і іншых крыніц.​

З поўным тэкстам дакумента можна азнаемiцца на рускай версii сайта

Пошук

Па тыпу публікацыі:




Па нумары дакумента:

Па даце дакумента: