Бел | Рус | Eng PDA
Пастанова Савета Міністраў

ад 17.10.2011

№ 1392

У Беларусі будуць створаны новыя магутнасці па выпуску велікагрузных кар'ерных самазвалаў

У Беларусі будуць створаны новыя магутнасці па выпуску велікагрузных кар'ерных самазвалаў. Такое рашэнне прынята пастановай Савета Міністраў нумар 1392 ад 17 кастрычніка 2011 года.

Дадатковыя магутнасці па вытворчасці самазвалаў будуць стварацца ў ААТ "Беларускі аўтамабільны завод". Яны складуць 838 адзінак самазвалаў у год. З іх 65 штук – грузападымальнасцю 90 т, 476 – грузападымальнасцю 130 т, 49 – грузападымальнасцю 170 т, 218 – грузападымальнасцю 220-240 т, 30 – грузападымальнасцю 320-360 т.

Для атрымання такіх паказчыкаў да канца 2014 года на БелАЗе будуць пабудаваны дадатковыя вытворчыя плошчы блока цэхаў. Распрацоўка і зацвярджэнне праектнай дакументацыі будаўніцтва дадатковых вытворчых плошчаў блока цэхаў нумар 3 і стварэнне магутнасцей па выпуску велікагрузных кар'ерных самазвалаў будуць ажыццяўляцца за кошт уласных і пазыковых сродкаў ААТ "БелАЗ".

Пры гэтым Мінпраму і Мінбудархітэктуры неабходна забяспечыць распрацоўку архітэктурнага праекта на будаўніцтва дадатковых вытворчых плошчаў у тэрміны, якія даюць магчымасць пачаць у чацвёртым квартале 2011 года выкананне будаўніча-мантажных работ па стварэнню фундаментаў, якія выдзяляюцца асобным этапам работ у гэтым будаўнічым праекце.

Таксама пастановай Саўміна канцэрну "Белнафтахім" трэба забяспечыць распрацоўку праграмы па выпуску шын радыяльных 40.00R-57, 46/90R-57 і 59/80R-63 для кар'ерных самазвалаў грузападымальнасцю 220-360 т.

У адпаведнасці з пастановай будаўніцтва дадатковых вытворчых плошчаў блока цэхаў нумар 3 для развіцця вытворчасці кар'ерных самазвалаў грузападымальнасцю 320-450 т з лакалізацыяй механаапрацоўкі буйнагабарытных дэталей, зварачна-нарыхтоўчых аперацый, зборкі і афарбоўкі вырабаў запланавана ў 2013 годзе. Таксама намечана будаўніцтва корпуса па механічнай апрацоўцы дэталей кар'ерных самазвалаў грузападымальнасцю 90-240 т у мэтах нарошчвання магутнасцей па вытворчасці такіх дэталей. Прадугледжана і будаўніцтва корпуса для абкаткі і аддзелкі кар'ерных самазвалаў грузападымальнасцю 90-450 т.

На беларускіх прадпрыемствах – ААТ "Кавліцмаш" і ААТ "Кавальскі завод цяжкіх штамповак" – будзе арганізавана вытворчасць вузлоў і дэталей кар'ерных самазвалаў грузападымальнасцю 130-450 т. Таксама намечана стварэнне новай вытворчасці буйнагабарытнага ліцця для кар'ерных самазвалаў высокай грузападымальнасці.

У 2010 годзе БелАЗ выпусціў 1034 адзінкі аўтатэхнікі. Тэмп росту вытворчасці таварнай прадукцыі ў супастаўных цэнах у 2010 годзе склаў да ўзроўню папярэдняга года 139,6 працэнта. Экспарт узрос амаль у два разы. У студзені-жніўні 2011 года прадпрыемства павялічыла вытворчасць на 44 працэнты ў параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года. У 2015 годзе БелАЗ плануе павялічыць выпуск прадукцыі амаль у 2 разы да ўзроўню 2010 года. Да канца 2011 года БелАЗ мае намер выйсці на сярэднемесячны тэмп вытворчасці 14 адзінак кар'ерных самазвалаў грузападымальнасцю 220 т, а ў 2012 годзе – 16 кар'ерных самазвалаў у месяц. Акрамя таго, у наступным годзе прадпрыемства плануе павялічыць выпуск кар'ерных самазвалаў грузападымальнасцю 320-360 т у 2 разы. А для задавальнення попыту спажыўцоў на самазвалы асабліва вялікай грузападымальнасці канструктары БелАЗа пачалі распрацоўку кар'ернага самазвала грузападымальнасцю 450 т. Для рэалізацыі пастаўленых задач і намечана пашырэнне вытворчых плошчаў і павелічэнне магутнасцей.

ААТ "Беларускі аўтамабільны завод" – адзін з буйнейшых у свеце вытворцаў кар'ернай тэхнікі. Прадпрыемства заснавана ў 1948 годзе, выпускае кар'ерныя самазвалы, франтальныя колавыя пагрузчыкі і бульдозеры, цягачы-эвакуатары, спецыяльныя транспартныя сродкі для падземных работ, цяжкавозы для металургічнай прамысловасці і іншыя спецыялізаваныя тэхналагічныя машыны.​

З поўным тэкстам дакумента можна азнаемiцца на рускай версii сайта

Пошук

Па тыпу публікацыі:




Па нумары дакумента:

Па даце дакумента: