Створаны аргкамітэт па падрыхтоўцы і правядзенні этапу Кубка свету-2012 па фрыстайле ў Раўбічах |
|
|
Пастановай Савета Міністраў № 1620 створаны арганізацыйны камітэт па падрыхтоўцы і правядзенню 8-га этапу Кубка свету па фрыстайле ў лыжнай акрабатыцы, які запланаваны на 25 лютага 2012 года і адбудзецца ў Раўбічах. Старшынёй аргкамітэта прызначаны Намеснік Прэм'ер-міністра Анатоль Тозік. Намеснікамі старшыні аргкамітэта назначаны Міністр спорту і турызму Алег Качан і памочнік Прэзідэнта Беларусі Наталля Пяткевіч, якая ўзначальвае таксама Беларускі лыжны саюз. Усяго ў складзе аргкамітэта 19 чалавек, уключаючы галоўнага трэнера нацыянальнай каманды па фрыстайле Мікалая Казека, дырэктара рэспубліканскага цэнтра алімпійскай падрыхтоўкі па зімовых відах спорту "Раўбічы" Андрэя Асташэвіча і іншых. Аргкамітэт створаны ў мэтах каардынацыі дзейнасці рэспубліканскіх органаў дзяржаўнага кіравання, мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў Мінска і Мінскай вобласці, грамадскіх аб'яднанняў "Беларуская федэрацыя фрыстайла" і "Беларускі лыжны саюз", іншых зацікаўленых арганізацый. Аргкамітэту даручана распрацаваць план мерапрыемстваў па падрыхтоўцы і правядзенні этапу Кубка свету і забяспечыць яго выкананне. Этап Кубка свету ў Раўбічах стане восьмым па ліку і запланаваны на суботу, 25 лютага 2012 года. Усяго ж у наступным сезоне намечана правесці 10 этапаў Кубка свету. Каляндар этапаў Кубка свету па фрыстайле ў лыжнай акрабатыцы: 1-й этап. 14 студзеня 2012. Мон-Габрыэль (Канада). 2-й і 3-й этапы. 20-21 студзеня 2012 года. Лэйк-Плэсідзе (ЗША). 4-й этап. 29 студзеня 2012. Калгары (Канада). 5-й этап. 3 лютага 2012 г. Дзір-Вэлі (ЗША). 6-й этап. 11 лютага 2012. Бейда-Лэйк (Кітай). 7-й этап. 17 лютага 2012. Крайшберг (Аўстрыя). 8-й этап. 25 лютага 2012 года. Раўбічы (Беларусь). 9-й этап. 10 сакавіка 2012 года. Масква (Расія). 10-й этап. 17 сакавіка 2012. Мюркдален-Вос (Нарвегія). 19 лютага бягучага года Раўбічы ўпершыню прымалі этап Кубка свету па лыжнай акрабатыцы. Яго пераможцам стаў беларускі фрыстайліст Антон Кушнір, а бронзавым прызёрам апынуўся яшчэ адзін беларускі спартсмен Дзяніс Восіпаў. Па выніках усяго мінулага розыгрышу Кубка свету, які завяршаўся менавіта ў Раўбічах, Антон Кушнір заняў другое месца ў агульным заліку. Першае месца па выніках сезону заняў кітайскі фрыстайліст Цы Гуанпю, а трэцім апынуўся швейцарац Рэната Ульрых. У жаночых спаборніцтвах у агульным заліку Кубка свету пераможцай стала кітаянка Чэн Шуан, другое месца ў яе суайчынніцы Сю Ментао, а трэцяй аказалася ўкраінка Вольга Волкава. Лепшай з беларускіх фрыстайлістак па выніках сезону стала Ала Цупер, якая заняла 11-е месца. З-за траўмаў яна прыняла ўдзел толькі ў двух этапах Кубка свету. |
|
|
Надрукавана з сайта www.government.by Адрас публікацыі http://www.government.by/be/solutions/1736 |
надрукаваць |