У Беларусі вызначаны крытэрыі ацэнкі плацежаздольнасці прадпрыемстваў

Урад Беларусі вызначыў крытэрыі ацэнкі плацежаздольнасці прадпрыемстваў. Яны зацверджаны пастановай Савета Міністраў Беларусі нумар 1672 ад 12 снежня 2011 года.

Дакумент прыняты для забеспячэння адзінага метадычнага падыходу да ацэнкі плацежаздольнасці суб'ектаў гаспадарання, своечасовага выяўлення нестабільнасці іх фінансавага стану. У якасці паказчыкаў для ацэнкі плацежаздольнасці суб'ектаў гаспадарання будуць выкарыстоўвацца каэфіцыенты плацежаздольнасці. Гэта каэфіцыент бягучай ліквіднасці, які характарызуе агульную забяспечанасць суб'екта гаспадарання ўласнымі абаротнымі сродкамі для вядзення гаспадарчай дзейнасці і своечасовага пагашэння тэрміновых абавязацельстваў. Таксама для прадпрыемстваў будзе дзейнічаць каэфіцыент забяспечанасці ўласнымі абаротнымі сродкамі, неабходнымі для яго фінансавай устойлівасці. А каэфіцыент забяспечанасці фінансавых абавязацельстваў актывамі характарызуе здольнасць суб'екта гаспадарання разлічвацца па сваіх фінансавых абавязацельствах пасля рэалізацыі актываў.

Пастановай зацверджаны нарматыўныя значэнні каэфіцыентаў плацежаздольнасці, яны дыферэнцаваны па відах эканамічнай дзейнасці. Маючы такія каэфіцыенты, можна вызначыць узровень плацежаздольнасці прадпрыемстваў. Гэта значыць суб'ект гаспадарання з'яўляецца плацежаздольным, калі яго каэфіцыент бягучай ліквіднасці і (або) каэфіцыент забяспечанасці ўласнымі абаротнымі сродкамі на канец справаздачнага перыяду большы за нарматыўны або роўны яму. Калі прадпрыемства неплацежаздольнае на працягу чатырох кварталаў, то яго неплацежаздольнасць набывае ўстойлівы характар.

Міністэрства фінансаў сумесна з Міністэрствам эканомікі да 30 снежня 2011 года павінна вызначыць парадак разліку каэфіцыентаў плацежаздольнасці і правядзення аналізу фінансавага стану і плацежаздольнасці суб'ектаў гаспадарання, а таксама прыняць іншыя меры па рэалізацыі гэтай пастановы. Дакумент уступае ў сілу з 30 снежня 2011 года. Ён прыняты ў адпаведнасці з указам ад 12 лістапада 2003 года нумар 508 "Аб некаторых пытаннях эканамічнай неплацежаздольнасці (банкруцтва)".​
Надрукавана з сайта www.government.by
Адрас публікацыі http://www.government.by/be/solutions/1745
надрукаваць