Пастанова Савета Міністраў

ад 20.12.2010

№ 1851

Дзяржпраграма развіцця чыгуначнага транспарту на 2011-2015 гады зацверджана ў Беларусі

Дзяржаўная праграма развіцця чыгуначнага транспарту Рэспублікі Беларусь на 2011-2015 гады зацверджана пастановай Савета Міністраў нумар 1851.

Галоўная мэта дзяржпраграмы - развіццё чыгуначнага транспарту як адной з важнейшых умоў устойлівага развіцця краіны, поўнага транспартнага забеспячэння патрэбнасцей насельніцтва, узмацнення транзітнага патэнцыялу, павышэння канкурэнтаздольнасці эканомікі.

У бліжэйшыя пяць гадоў будзе павышаны ўзровень бяспекі руху паяздоў, абноўлены цягавы і маторвагонны рухомы састаў, мадэрнізавана чыгуначная інфраструктура. Будуць укаранёны новыя і ўдасканалены дзеючыя тэхналогіі перавозак грузаў і пасажыраў, зніжана энергаёмістасць перавозак.

Праграмай запланавана рэалізацыя серыі буйных інвестыцыйных праектаў, у тым ліку па закупцы цягавага і маторвагоннага рухомага саставу. Дзяржпраграмай прадугледжана набыццё 30 электравозаў для грузавога руху, 24 электравозаў і 8 цеплавозаў для пасажырскага руху, 6 манеўровых цеплавозаў, 29 электрапаяздоў, 20 дызель-паяздоў, 182 пасажырскія вагоны, 10 тыс. грузавых вагонаў.

Асаблівая ўвага будзе ўдзелена праектам па электрыфікацыі чыгуначных ліній. Такія работы плануецца рэалізаваць на ўчастках Асіповічы - Жлобін, Жлобін - Гомель, Маладзечна - Гудагай - Дзяржаўная граніца Беларусі, Жлобін - Калінкавічы, Калодзішчы - Шабаны і Гатава - Міханавічы. Агульны аб'ём электрыфікацыі чыгуначных ліній у перыяд з 2011 па 2015 год павінен скласці 387 км.

Праграмай прадугледжана таксама развіццё скорасных міжрэгіянальных пасажырскіх зносін. Плануецца ўвядзенне ў абарачэнне паскораных дзённых пасажырскіх паяздоў, сфарміраваных з камфартабельнага маторвагоннага рухомага саставу. Рэалізацыя праекта дасць магчымасць значна скараціць працягласць знаходжання пасажыраў у дарозе паміж Мінскам і абласнымі цэнтрамі. Прадугледжаны і мерапрыемствы па развіццю інфраструктуры пасажырскага сэрвісу. У іх ліку рэканструкцыя вакзальных комплексаў у Брэсце, Гродне, Баранавічах.

У рамках праграмы будзе ісці і развіццё Мінскага чыгуначнага вузла, якое ўключае арганізацыю ўнутрыгарадскіх чыгуначных перавозак пасажыраў у сталіцы, будаўніцтва пасажырскай тэхнічнай станцыі і дадатковых галоўных пуцей на падыходах да станцыі "Мінск-Пасажырскі".

У адпаведнасці з праграмай, тэмп росту аб'ёмаў перавозак грузаў па БЧ у 2015 годзе складзе 121,3 працэнта да ўзроўню 2010 года, у тым ліку прырост транзіту прагназуецца на ўзроўні 135 працэнтаў, увозу - 129 працэнтаў, вывазу - 118,8 працэнта. Пасажырскія перавозкі па ўсіх відах зносін вырастуць на 4,3 працэнта. Энергаёмістасць ВУП на чыгуначным транспарце знізіцца на 29,5 працэнта. Тэмп росту валавога ўнутранага прадукту галіны складзе ў 2015 годзе 168 працэнтаў, аб'ёму інвестыцый у асноўны капітал - 199,2 працэнта, сальда знешняга гандлю - 253,4 працэнта.

Вынікам рэалізацыі дзяржпраграмы павінна стаць стварэнне базісных умоў для пераходу да якасна новай сістэмы функцыянавання чыгуначнага транспарту і істотнага паляпшэння якасці транспартнага абслугоўвання прамысловасці і насельніцтва краіны - у запрошваемым аб'ёме, з улікам патрабаванняў экалогіі і забеспячэннем даступнасці транспартнага абслугоўвання. На выкананне новай праграмы спатрэбіцца больш як Br14 трлн. Фінансаванне плануецца ажыццяўляць за кошт уласных сродкаў Беларускай чыгункі, крэдытаў банка, сродкаў рэспубліканскага і мясцовых бюджэтаў, у тым ліку інавацыйнага фонду Міністэрства транспарту і камунікацый.

З поўным тэкстам дакумента можна азнаемiцца на рускай версii сайта

Пошук

Па тыпу публікацыі:




Па нумары дакумента:

Па даце дакумента: