| |
Беларусь у студзені-ліпені 2009 года гандлявала са 164 краінамі
Беларусь у студзені-ліпені 2009 года ажыццяўляла экспартна-імпартныя аперацыі са 164 краінамі. Паводле данных Нацыянальнага статыстычнага камітэта, беларускія тавары пастаўляліся на рынкі 126 дзяржаў, імпартавалася прадукцыя са 153 краін.
Геаграфія беларускіх паставак пашырылася ў параўнанні з пачаткам года. Для параўнання: у студзені Беларусь гандлявала са 127 краінамі, экспарт ажыццяўляўся на рынкі 86 дзяржаў, імпарт - са 118 краін.
Асноўнымі гандлёвымі партнёрамі Беларусі ў студзені-ліпені былі Расія (47,2 працэнта ўсяго аб'ёму тавараабароту), Нідэрланды (8 працэнтаў), Германія (6,1 працэнта), Украіна (5,8 працэнта), Латвія (3,5 працэнта), Польшча (3,3 працэнта), Кітай (2,5 працэнта), Злучанае Каралеўства (2 працэнты), а таксама Італія і Бразілія.
Пастаўкі беларускіх тавараў у Расію па выніках сямі месяцаў 2009 года ў параўнанні з аналагічным перыядам 2008 года скараціліся на 46,5 працэнта да $3521 млн. і склалі ў аб'ёме экспарту рэспублікі 31,9 працэнта. Экспарт у Нідэрланды зменшыўся на 44,4 працэнта да $1986 млн. Наступствы сусветнага крызісу паўплывалі на гандаль Беларусі і з многімі іншымі краінамі. Так, беларускі экспарт ва Украіну ў студзені-ліпені склаў $847,3 млн., або 48,1 працэнта да аналагічнага перыяду мінулага года, у Польшчу - $458,9 млн. (40,2 працэнта), Германію - $409,2 млн. (78,3 працэнта), Латвію - $840 млн. (62,5 працэнта). У той жа час ёсць і станоўчыя тэндэнцыі: экспартныя пастаўкі ў Індыю за сем месяцаў узраслі на 45,1 працэнта да $227,4 млн.
Аб'ём знешняга гандлю таварамі Беларусі ў студзені-ліпені 2009 года склаў $26,33 млрд., або 59,9 працэнта да ўзроўню аналагічнага перыяду мінулага года. У тым ліку экспарт знізіўся да $11,022 млрд. (53,9 працэнта да студзеня-ліпеня 2008 года), імпарт - да $15,308 млрд. (65,1 працэнта).
| |
© 2005-2010 Апарат Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь
Пры выкарыстанні інфармацыі спасылка на друкаваную крыніцу з`яўляецца абавязковай
Інфармацыйная падтрымка УП "Беларускае тэлеграфнае агенцтва"
|
|
|