РОСТ ВУП У БЕЛАРУСІ ЗА ДВА ГАДЫ СКЛАЎ 118,9 ПРАЦЭНТА
Рост ВУП у Беларусі за два гады склаў 118,9 працэнта. Аб гэтым заявіў Прэм'ер-міністр Беларусі Сяргей Сідорскі на пасяджэнні Савета Міністраў, дзе падводзіліся вынікі работы народнай гаспадаркі краіны ў 2007 годзе і ў студзені 2008-га. Гэты паказчык перавышае запланаваныя параметры росту, вызначаныя на пяцігодку. Па прагнозу за два гады (2006-2007) рост ВУП павінен скласці не менш як 118,3 працэнта. Кіраўнік Урада таксама звярнуў увагу на рост інвестыцый у эканоміку Беларусі. За два гады гэты паказчык павялічыўся на 51,2 працэнта. Прыцягнута ў 2007 годзе больш як $5,4 млрд. замежных інвестыцый, упершыню прыцягнута таксама $1,3 млрд. прамых замежных інвестыцый. У цэлым за 2007 год інвестыцыі склалі Br25,3 трлн.
Заработная плата ў прамысловасці Беларусі склала ў снежні 2007 года больш як Br900 тыс., -- паведаміў Прэм'ер-міністр Беларусі. У цэлым у Беларусі сярэднямесячная заработная плата ў снежні склала Br795 тыс. За два апошнія гады рэальныя грашовыя даходы насельніцтва павялічыліся на 34,5 працэнта.
Кіраўнік Урада адзначыў станоўчыя тэндэнцыі ў росце заработнай платы ў будаўнічай галіне, дзе сярэдні заработак перасягае Br1 млн. Сярэдняя зарплата ўрачоў складае больш як Br1,1 млн., прафесарска-выкладчыцкага складу - Br1,2 млн., навуковых работнікаў - Br1,3 млн. Сярэднямесячны памер пенсій павялічыўся на 17 працэнтаў да Br305 тыс.
Сяргей Сідорскі падкрэсліў, што рост валавога ўнутранага прадукту забяспечыў павелічэнне заработнай платы.
У лютым-сакавіку Беларусь увойдзе ў запланаваныя параметры інфляцыі, лічыць Сяргей Сідорскі.
Ён адзначыў, што па 2007 году інфляцыя перавысіла 12 працэнтаў. "Гэта парог, на які мы не павінны выходзіць", - падкрэсліў кіраўнік Урада.
Сяргей Сідорскі назваў высокай інфляцыю ў студзені - 2,5 працэнта. Такое павелічэнне цэн адбылося на кошт павышэння тарыфаў на паслугі жыллёва-камунальнай гаспадаркі, што дало 1,7 працэнта прыросту інфляцыі. Акрамя таго, 0,8 працэнта даў рост цэн у рэальным сектары эканомікі, у сферы спажывецкіх паслуг, тавараў.
Разам з тым у лютым-сакавіку ёсць магчымасць утрымаць інфляцыю ў запланаваных рамках (6-8 працэнтаў у год), лічыць Прэм'ер-міністр.
Рост аб'ёмаў вытворчасці ў аграпрамысловым комплексе Беларусі адстае ад зададзеных тэмпаў. Не рэалізуецца ў поўнай меры дзяржаўная праграма адраджэння і развіцця вёскі на 2005-2010 гады, заявіў на пасяджэнні Савета Міністраў Сяргей Сідорскі.
Ён адзначыў, што за пяцігоддзе вытворчасць сельскагаспадарчай прадукцыі павінна ўзрасці на 45 працэнтаў, у тым ліку ў 2008 годзе - на 8,5 працэнта. "На жаль, гэтыя прагнозы не выконваюцца", - сказаў кіраўнік Урада.
Сяргей Сідорскі нагадаў, што ў 2005 годзе аграрны сектар павялічыў аб'ём вытворчасці на 2 працэнты, у 2006 годзе - на 6 працэнтаў, у 2007 - на 4,1 працэнта. Такім чынам, у цэлым АПК не спраўляецца з пяцігадовымі планамі.
Прэм'ер-міністр таксама падкрэсліў, што ў бягучым годзе прагноз асноўных напрамкаў сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны прадугледжвае павелічэнне ВУП на 8-9 працэнтаў, а пастановай Савета Міністраў нумар 8 устаноўлены павышаны паказчык - 11 працэнтаў. Гэтыя параметры павінны быць забяспечаны, у тым ліку, і за кошт росту вытворчасці сельскагаспадарчай прадукцыі. Аднак па выніках студзеня 2008 года ў гэтым сектары не выкананы заданні па нарошчванню аб'ёмаў вытворчасці.
"Такіх правалаў у эканоміцы быць не павінна", - падкрэсліў Прэм'ер-міністр. Зніжэнне адбылося ў сувязі са змяншэннем вытворчасці малака, прытым што кармоў у галіне нарыхтавана дастаткова, канстатаваў Сяргей Сідорскі. Паводле яго слоў, "трэба спыніць размовы аб тым, што адбываецца зніжэнне пагалоўя жывёлы ва ўласных падворках", гэту праблему неабходна вырашыць.
Прэм'ер-міністр таксама падкрэсліў, што ў Беларусі знізілася дынаміка прыросту інвестыцый. Ён сказаў, што ўрад нацэлены ў 2008 годзе павялічыць аб'ём інвестыцый у параўнанні з мінулым годам на 25 працэнтаў, "аднак прадпрыемствы пакуль што не дэманструюць высокіх тэмпаў прыросту капіталу". Асноўны папрок зроблены ў адрас канцэрна "Белнафтахім" і Міністэрства прамысловасці, дзе ў студзені прыцягнута адпаведна 89 працэнтаў і 67 працэнтаў інвестыцый. Гэта работа пакуль не стала галоўнай і ў некаторых іншых міністэрствах і ведамствах, у тым ліку ў Мінбудархітэктуры, канцэрнах "Беллеспаперапрам", "Беллегпрам".
"Без актыўнай інавацыйнай палітыкі і прыцягнення інвестыцый вынікаў мы не даб'ёмся", - адзначыў Сяргей Сідорскі. Пры гэтым ён прызнаў, што ў 2007 годзе была дасягнута вельмі высокая база па прыцягненню інвестыцый (147 працэнтаў у студзені 2007 года). Ад такога высокага паказчыка сёння цяжка плюсаваць, аднак гэта патрэбна рабіць, падкрэсліў кіраўнік урада.
У гэтым годзе ў Беларусі павінна быць пабудавана 5,2 млн.кв.м жылля, што на 500 тыс.кв.м больш, чым у 2007 годзе. Дынаміку будаўніцтва жылля неабходна нарошчваць, пры гэтым, паводле слоў прэм'ера, "трэба паглядзець, што робіцца ў катлаванах, як закладваюцца нулявыя цыклы". Ад гэтага таксама залежыць і ход далейшай работы і здача жылля ў эксплуатацыю.
Аналізуючы работу ў студзені, Сяргей Сідорскі крытыкаваў работу губернатараў. "У аблвыканкамах не назіраецца пакрокавай работы па павелічэнню аб'ёмаў прамысловай прадукцыі. Студзень у прамысловасці абласцей быў правальны, - сказаў ён. - Між тым Урад прыняў дастаткова рашэнняў, каб забяспечыць стабільную работу эканомікі ў рэгіёнах, але ў студзені не ўсім гэта ўдалося зрабіць".
Работа эканомікі краіны павінна закранаць усе міністэрствы і ведамствы, у тым ліку і тыя, якія не займаюцца непасрэдна вытворчасцю. На думку кіраўніка Урада, Міністэрству інфармацыі неабходна рыхтаваць больш спецыяльных перадач, інфармацыйных матэрыялаў, дзе расказваецца аб развіцці дзелавога сектара краіны, аб прыцягненні інвестыцый. Тут павінна быць створана сістэма канкрэтнай работы, у якой будзе адлюстроўвацца вопыт, цікавыя і добрыя справы працаўнікоў Беларусі.
Прэм'ер-міністр таксама выказаў прэтэнзіі да Міністэрства замежных спраў па рабоце з інвестарамі ў рэгіёнах. На яго думку, пакуль што не наладжана дзейсная работа і сістэма па выкананню дэкрэта нумар 1 аб прыцягненні інвестараў у малыя гарады.
Урад Беларусі ў 2008 годзе ўтрымае інфляцыю на ўзроўні 8 працэнтаў. Аб гэтым на пасяджэнні Савета Міністраў Беларусі заявіў міністр эканомікі Мікалай Зайчанка.
"Плануецца у 2008 годзе ўпісацца ў графік па зніжэнню тэмпу росту інфляцыі", - сказаў ён. За студзень гэтага года індэкс спажывецкіх цэн склаў 102,5 працэнта. Асноўную ролю тут адыграла павышэнне тарыфаў на жыллёва-камунальныя паслугі (на 1,66 працэнта), плодаагароднінную прадукцыю (0,27 працэнта), а таксама мясапрадукцыю, піва, сыры і некаторыя іншыя харчовыя тавары. Пры гэтым доля рэгулюемых цэн склала больш як 77 працэнтаў агульнага прыросту зводнага індэксу, а свабодных цэн і тарыфаў - 23 працэнты.
Для аднаўлення кантролю над інфляцыяй урадам у студзені прыняты шэраг мер і зацверджаны комплекс антыінфляцыйных мерапрыемстваў. Паводле прагнозу, у першым квартале 2008 года індэкс спажывецкіх цэн складзе 103,7 працэнта, у другім - 101,4 працэнта, у трэцім - 100,8 працэнта і ў чацвёртым - 101,9 працэнта. "З улікам атрыманых у мінулым годзе ўрокаў мы зрабілі вывады і лічым, што нам па сілах рэалізаваць траекторыю руху па індэксу спажывецкіх цэн", - падкрэсліў міністр эканомікі.
Мікалай Зайчанка канстатаваў, што асноўным фактарам росту спажывецкіх цэн у 2007 годзе стала рэзкае падаражэнне імпартуемых энерганосьбітаў. Чакаецца, што ў 2008 годзе рост цэн на іх будзе меншы, дадаў міністр.
Урад Беларусі прыняў Пастанову па інвестыцыйнай дзейнасці ў 2008 годзе. Дакумент устанаўлівае заданні па прыцягненню інвестыцый для ўсіх міністэрстваў, ведамстваў і органаў кіравання, паведаміў сёння міністр эканомікі Мікалай Зайчанка на пасяджэнні Савета Міністраў.
"Заданні, зацверджаныя гэтай пастановай, вельмі напружаныя і адказныя, але менавіта іх ажыццяўленне вызначае лёс усіх іншых нашых планаў і праграм", - сказаў ён.
Плануецца прыцягнуць у асноўны капітал Br34,5 трлн. інвестыцый. Заданне па прыцягненню замежных крэдытаў, пазык і прамых інвестыцый устаноўлена ў аб'ёме $2,7 млрд. Пералік найважнейшых інвестыцыйных праектаў, прадугледжаных да рэалізацыі ў 2008 годзе, уключае 78 праектаў на суму Br2,1 трлн. Аб'ём інвесткрэдытаў, у тым ліку за кошт замежных крэдытных рэсурсаў, у рэальны сектар эканомікі прадугледжаны на ўзроўні Br5,5 трлн.
Рэнтабельнасць у прамысловасці Беларусі ў 2008 годзе рэальна павялічыць на 2-3 працэнтныя пункты, заявіў міністр эканомікі Мікалай Зайчанка на пасяджэнні Савета Міністраў Беларусі.
Ён адзначыў, што ў 2007 годзе не ўдалося выканаць прагнозны параметр па рэнтабельнасці рэалізаванай прадукцыі. Аднак многія галіновыя міністэрствы справіліся з гэтым заданнем. Так, у Мінпраме рэнтабельнасць узрасла да 15,9 працэнта пры прагнозе 13 працэнтаў.
Паводле слоў міністра, невыкананне параметра ў цэлым у краіне абумоўлена ў асноўным змененымі ўмовамі работы канцэрна "Белнафтахім", у прыватнасці нафтаперапрацоўчых заводаў. Раней рэнтабельнасць гэтых прадпрыемстваў даходзіла да 30 працэнтаў. Па выніках мінулага года яна не перавысіла 3-4 працэнты.
Улічваючы, што ў 2008 годзе цэны на энерганосьбіты ўзрастуць значна менш, чым у 2007 годзе, прагнозны паказчык рэнтабельнасці прамысловай прадукцыі ў памеры 12-13 працэнтаў рэальна дасягальны, адзначыў Мікалай Зайчанка.
Сальда знешняга гандлю Беларусі ў 2007 годзе без уліку росту цэн на энерганосьбіты склалася дадатнае ў памеры $1,58 млрд., -- падкрэсліў міністр эканомікі Мікалай Зайчанка.
Вынікі знешнеэканамічнай дзейнасці за мінулы год маюць неадназначную ацэнку. Сапраўды, у параўнанні з 2006 годам сальда пагоршылася на $1 млрд. 140 млн. Па выніках года яно было адмоўнае ў суме $2 млрд. 685,3 млн. "Аднак у цэлым эканоміка рэспублікі без уліку росту цэн на нафту і прыродны газ працавала з дадатным вынікам - $1 млрд. 584 млн.", - падкрэсліў міністр. Гэты вынік быў забяспечаны як за кошт павелічэння сальда гандлю паслугамі на $448,6 млн., так і паляпшэння сальда ў гандлі па асноўных групах тавараў на $1 млрд. 134,4 млн.
Мікалай Зайчанка адзначыў, што прагнозны паказчык па сальда гандлю таварамі не выкананы Мінбудархітэктуры (на $23,4 млн.), канцэрнамі "Белнафтахім" (на $1 млрд. 471 млн.), "Беллегпрам" (на $40 млн.), "Белдзяржхарчпрам" (на $23 млн.). Што датычыцца абласцей, то паказчык па сальда выкананы толькі Мінскай вобласцю.
"Таму задача зніжэння адмоўнага сальда знешняга гандлю таварамі і паслугамі пераходзіць на 2008 год як найважнейшы прыярытэт у рабоце органаў дзяржкіравання", - падкрэсліў міністр. У мэтах забеспячэння выканання прагнозных паказчыкаў знешнеэканамічнай дзейнасці і дасягнення сальда ў памеры $1,4 млрд. распрацаваны комплекс арганізацыйна-эканамічных мер, а таксама план мерапрыемстваў на 2008 год па рэалізацыі нацыянальнай праграмы развіцця экспарту на 2006-2010 гады.
| |
© 2005-2008 Апарат Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь
Пры выкарыстанні інфармацыі спасылка на друкаваную крыніцу з`яўляецца абавязковай
Інфармацыйная падтрымка УП "Беларускае тэлеграфнае агенцтва"
|
|
|