У БЕЛАРУСІ НЕАБХОДНА НА ПРАЦЯГУ 2-3 ГАДОЎ ПЕРАВЕСЦІ ПРАДПРЫЕМСТВЫ НА ЭНЕРГАЗБЕРАГАЛЬНЫ ПРЫНЦЫП РАБОТЫ
Аб гэтым заявіў 19 лютага Прэм'ер-міністр Сяргей Сідорскі на пасяджэнні Прэзідыума Савета Міністраў, на якім разгледжаны мерапрыемствы па выкананню ў 2008 годзе Дзяржаўнай комплекснай праграмы мадэрнізацыі асноўных вытворчых фондаў Беларускай энергетычнай сістэмы, энергазберажэння і павелічэння долі выкарыстання ў рэспубліцы ўласных паліўна-энергетычных рэсурсаў на перыяд да 2011 года. "У нас ёсць унікальная магчымасць на працягу 2-3 гадоў выбудаваць новую энергасістэму нашых прадпрыемстваў. У перспектыве газ усё роўна будзе па $300, энергарэсурсы будуць даражэць - гэта зразумела ўсім", - сказаў Прэм'ер-міністр.
Сёння Беларусь купляе газ па цане значна ніжэйшай, чым суседнія краіны. І трэба за некалькі гадоў, выкарыстоўваючы спрыяльныя магчымасці, атрыманыя ў выніку дамоўленасцей Кіраўніка беларускай дзяржавы з расійскім бокам, максімальна хутка перавесці прадпрыемствы на энергазберагальны прынцып работы. Ставіцца задача таксама па максімуму зніжаць энергазатраты на вытворчасць адзінкі прадукцыі, адзначыў Сяргей Сідорскі.
У Беларусі ў бліжэйшыя чатыры гады будзе пабудавана 60 станцый на мясцовых відах паліва, паведаміў Прэм'ер-міністр Беларусі Сяргей Сідорскі. "Вызначаны гарады, праекты, магутнасці. Цяпер трэба пачынаць практычную рэалізацыю", - сказаў ён.
Сяргей Сідорскі падкрэсліў, што ў Беларусі ўжо ёсць прыклады будаўніцтва станцый, якія працуюць на мясцовых відах паліва, - гэта міні-ЦЭЦ у Вілейцы, Пружанах і іншыя. Трэба непасрэдна пачынаць стварэнне новых станцый на мясцовых відах паліва, дадаў Прэм'ер-міністр, адзначыўшы асаблівую важнасць рэалізацыі гэтых праектаў для рэспублікі.
Як адзначыў старшыня Дзяржстандарту Беларусі Валерый Карашкоў на пасяджэнні Прэзідыума Савета Міністраў, энергаёмістасць ВУП у Беларусі плануецца знізіць у 2008 годзе на 8 працэнтаў.
Ён сказаў, што запланаваныя на бягучы год мерапрыемствы па энергазберажэнню і выкарыстанню мясцовых відаў паліва дадуць магчымасць забяспечыць змяншэнне энергаёмістасці ВУП на 8 працэнтаў. Да 2010 года плануецца знізіць гэты паказчык на 31 працэнт. Пры выкананні ў поўным аб'ёме галіновых і рэгіянальных праграм у бягучым годзе можа быць забяспечана эканомія 1 млн. 628 тыс.т умоўнага паліва.
Разам з тым у студзені ў рэспубліцы адбыўся перарасход паліва ў параўнанні з намечаным паказчыкам. Было дадаткова зрасходавана 250 т умоўнага паліва, што звязана з ўмовамі надвор'я, павелічэннем загрузкі кампрэсарных станцый, зніжэннем імпарту электраэнергіі, растлумачыў старшыня Дзяржстандарту. Паводле яго слоў, будуць прыняты неабходныя меры для выхаду на запланаваныя паказчыкі.
Сяргей Сідорскі крытыкаваў работу Дзяржстандарту ў сувязі з дапушчаным адставаннем у галіне энергазберажэння. Ён падкрэсліў, што ў Беларусі ў бліжэйшыя 2-3 гады неабходна перавесці прадпрыемствы на новыя, энергазберагальныя прынцыпы работы, і Дзяржстандарт павінен адыграць у гэтым важную ролю. Прадпрыемствы павінны зніжаць затраты на выпуск адзінкі прадукцыі, а хто дапускае перарасход, будзе за гэта плаціць па рыначных цэнах, падкрэсліў Прэм'ер-міністр.
На мадэрнізацыю энергасістэмы і энергазберажэнне ў Беларусі ў 2008 годзе плануецца накіраваць больш як $1,56 млрд. Аб гэтым паведаміў міністр энергетыкі Аляксандр Азярэц.
Паводле даных Аляксандра Азярца, агульны аб'ём фінансавання на рэалізацыю дзяржпраграмы ў бягучым годзе складзе $1,561-1,751 млрд. У тым ліку на мадэрнізацыю энергасістэмы намечана накіраваць $601 млн. На энергазберагальныя мерапрыемствы ў рэспубліцы будзе зрасходавана ад $960 млн. да $1150 млн., у тым ліку на павелічэнне выкарыстання мясцовых энергарэсурсаў - $260 млн.
Як адзначыў міністр энергетыкі, у 2008 годзе на прадпрыемствах Мінэнерга будуць уведзены энергакрыніцы сумарнай электрычнай магутнасцю 299 МВт, 98 МВт плануецца ўвесці на прадпрыемствах "Белнафтахіма", Мінпрама, Мінжылкамгаса і іншых галін.
Чакаецца, што эканомія энергарэсурсаў у 2008 годзе ў рэспубліцы складзе не менш як 1,4 млн.т умоўнага паліва. Выкарыстанне мясцовых відаў паліва павінна ўзрасці да 4,259 млн.т умоўнага паліва.
Аляксандр Азярэц адзначыў, што ў 2008 годзе на прадпрыемствах Мінэнерга будзе завершана рэалізацыя пяці інвестпраектаў па стварэнню генерыруючых магутнасцей. Так, на Лукомскай ДРЭС да красавіка будзе завершана мадэрнізацыя энергаблока нумар 2. У выніку рэалізацыі гэтага праекта эканомія складзе 15 тыс.т умоўнага паліва ў год, або $1,8 млн. На Гомельскай ЦЭЦ-2 у маі ўвядуць турбадэтандэрную ўстаноўку магутнасцю 4 МВт. На Лідскай ЦЭЦ у жніўні пачне працаваць газатурбінная ўстаноўка магутнасцю 25 МВт. Завяршаецца таксама рэалізацыя буйнога інвестпраекта на Мінскай ЦЭЦ-3. У кастрычніку тут будзе ўведзены парагазавы энергаблок магутнасцю 230 МВт, эксплуатацыя якога дасць магчымасць эканоміць да 150 тыс.т умоўнага паліва ў год, або каля $18 млн. У канцы 2008 года павінна быць уведзена газапоршневая ўстаноўка магутнасцю 25 МВт на кацельні "Жлобін".
У бягучым годзе ў рэспубліцы плануецца замена 174,8 км цеплавых сетак, будаўніцтва і рэканструкцыя ліній электраперадачы агульнай працягласцю 2,2 тыс.км. Для электразабеспячэння ўводзімага жылля ў Мінску ў 2008 годзе будуць пабудаваны тры новыя і рэканструявана 7 падстанцый напружаннем 110 кВт. Аляксандр Азярэц падкрэсліў, што жылы фонд, які будуецца, будзе ў поўным аб'ёме забяспечаны электрычнай і цеплавой энергіяй.
| |
© 2005-2008 Апарат Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь
Пры выкарыстанні інфармацыі спасылка на друкаваную крыніцу з`яўляецца абавязковай
Інфармацыйная падтрымка УП "Беларускае тэлеграфнае агенцтва"
|
|
|