У БЕЛАРУСІ Ў 2008 ГОДЗЕ БУДЗЕ СТВОРАНА 12 ЗАВОДАЎ ПА ВЫТВОРЧАСЦІ ПЛОДААГАРОДНІННАЙ І КАНСЕРВАВАЙ ПРАДУКЦЫІ
Аб гэтым заявіў Прэм'ер-міністр Беларусі Сяргей Сідорскі на пасяджэнні Прэзідыума Савета Міністраў, на якім абмяркоўваўся ход рэалізацыі праграмы развіцця вытворчасці плодаагароднінных кансерваў у Беларусі на 2006-2010 гады. У выніку стварэння новых вытворчасцей выпуск плодаагароднінных кансерваў павялічыўся амаль у два разы: з 260 млн. умоўных слоікаў у 2007 годзе да 403 млн. у.с. у 2008-м. "Цяпер важна распрацаваць дакладную праграму па збыту такой прадукцыі. І вытворцы, і Мінгандаль павінны ведаць, дзе і як яна будзе рэалізоўвацца", - падкрэсліў Сяргей Сідорскі.
Ён таксама запатрабаваў грунтоўна пралічыць, як будзе ажыццяўляцца продаж кансервавай прадукцыі на экспарт. У працэс павінны быць уключаны ўсе структуры - "Белдзяржхарчпрам", "Белкаапсаюз", Мінгандаль, Дзяржстандарт. Рэалізацыя гэтай праграмы дасць магчымасць таксама знізіць імпарт плодаагароднінных кансерваў. Пакуль жа доля імпартнай прадукцыі на беларускім рынку складае амаль 60 працэнтаў.
На думку Прэм'ер-міністра, у Беларусі неабходна стварыць дакладную сістэму маркетынгу і рэкламы плодаагароднінных кансерваў. Трэба, каб айчынныя вырабы выйгрышна выглядалі ў параўнанні з імпартнымі. Беларускія кансервы не павінны ляжаць на ніжняй паліцы ў магазіне, а дастойна павінны быць прадстаўлены, калі яны канкурэнтаздольныя і адпавядаюць усім неабходным стандартам, дадаў Сяргей Сідорскі. "Пакуль жа не ўсё тое, што вырабляецца, добра прадаецца", - падкрэсліў Прэм'ер.
У сувязі з гэтым неабходна стварыць адзіную сістэму маркетынгу і рэкламы кансервавай прадукцыі. Задача таксама заключаецца ў тым, каб пераарыентаваць кансервавыя заводы на выпуск канкурэнтаздольнай імпартазамяшчальнай прадукцыі. У рэспубліцы, паводле даных Мінгандлю, не хапае грыбных кансерваў, фруктовых і агароднінных асарці, сокаў у пакетах, практычна няма замарожанай агародніны. "Мы не можам паправіць справу, калі па-ранейшаму разліваем сокі ў трохлітровыя слоікі", - лічыць Сяргей Сідорскі.
Кіраўнік Урада заклікаў сродкі масавай інфармацыі актыўна ўключыцца ў працэс рэкламы айчынных кансерваваных прадуктаў. Яны адпавядаюць стандартам і вырабляюцца без дабавак, адзначыў Прэм'ер-міністр.
Як паведаміў старшыня канцэрна "Белдзяржхарчпрам" Іван Данчанка на пасяджэнні Прэзідыума Саўміна, пад Мінскам будзе створаны лагістычны гандлёвы цэнтр кансервавай прадукцыі.
Паводле слоў Івана Данчанкі, такім чынам збыт плодаагародніннай прадукцыі павінен паскорыцца - з цэнтра кансервы будуць пастаўляцца ў магазіны.
У цэлым у гэтым годзе гандлю неабходна быць гатоваму да павелічэння аб'ёму вытворчасці кансервавай прадукцыі амаль у два разы. У бягучым годзе намечана ўвесці ў вытворчасць 12 новых заводаў. У асноўным яны будуць арыентаваны на выпуск імпартазамяшчальнай прадукцыі, у тым ліку сокаў. Завяршаецца стварэнне новых вытворчасцей на Баранавіцкім камбінаце харчовых прадуктаў. У першым паўгоддзі будуць уведзены таксама новыя заводы ў гарадскім пасёлку Высокае Брэсцкай вобласці і Бабруйску.
Іван Данчанка адзначыў, што прадпрыемствы маюць неабходныя магутнасці для перапрацоўкі плодаагародніннай сыравіны, а таксама для яе экспарту. Задача праграмы - поўнасцю выйсці на спажыванне прадукцыі айчыннай вытворчасці.
Як падкрэсліў Прэм'ер-міністр Сяргей Сідорскі, развіццё ўласнай вытворчасці не азначае згортванне імпарту прадукцыі. "Імпартныя кансервы на рынку, безумоўна, будуць, аднак наш спажывец павінен ведаць, які тавар ён купляе", - дадаў Прэм'ер.
У сувязі з гэтым Сяргей Сідорскі даў раней даручэнне Дзяржстандарту праверыць, якой якасці паступаюць на беларускі рынак кетчупы, соусы і іншая аналагічная імпартная прадукцыя. Высветлілася, што ў асартыменце ёсць тавары з дабаўкамі, кансервантамі, фарбавальнікамі, а таксама мадыфікаваныя прадукты, аднак пакупнік аб гэтым не інфармаваны. "На наш рынак павінна паступаць якасная прадукцыя, спажывец павінен ведаць, што знаходзіцца ў слоіках пад прыгожымі этыкеткамі, і рабіць свой выбар", - лічыць кіраўнік Урада.
Як заявіў старшыня канцэрна "Белдзяржхарчпрам" Іван Данчанка, віцебскі плодаагароднінны камбінат у 2008 годзе павінен выйсці на прыбытковую работу.
Паводле яго слоў, гэта прадпрыемства праблемнае. У мінулым годзе ў яго развіццё ўклалі Br5,3 млрд., а ўсяго за апошнія гады - Br11 млрд. Тут у 2007 годзе ўвялі новую лінію хуткага замарожвання прадуктаў. Разам з тым, па выніках мінулага года запасы гатовай прадукцыі на гэтым прадпрыемстве склалі 838 працэнтаў сярэднямесячнага аб'ёму вытворчасці.
"Гэта цяжкае прадпрыемства, мы над ім працуем, не апускаем рукі. На камбінаце праблема ў кадрах, змянілі дырэктара", - сказаў старшыня канцэрна. - Але па выніках 2008 года прадпрыемства будзе прыбытковым".
Як адзначыў на пасяджэнні Прэзідыума старшыня Камітэта дзяржкантролю Зянон Ломаць, "на некаторых прадпрыемствах галіны не патрэбны вялікія грошы, там проста патрабуецца навесці парадак".
У цэлым у рэспубліцы ў кансервавай галіне заняты 53 арганізацыі, з іх 9 базавых. Пры гэтым 43 прадпрыемствы маюць сучасны ўзровень вытворчасці. Паводле слоў Івана Данчанкі, цяпер ідзе аптымізацыя галіны. За апошнія тры гады іх колькасць зменшылася на 11.
У мінулым годзе ў ходзе рэалізацыі праграмы не выкананы заданні па нарыхтоўцы сыравіны. Разам з тым даволі актыўна ажыццяўлялася тэхнічнае пераўзбраенне заводаў. Тэмпы росту інвестыцый у цэлым па галіне павялічыліся ў 4,9 раза і склалі Br132,9 млрд. Па кожнай вобласці ёсць станоўчая дынаміка па павелічэнню інвестыцый.
Паводле слоў кіраўніка канцэрна, у Беларусі створана база, якая дае магчымасць забяспечыць вытворчасць кансервавай прадукцыі, у тым ліку дзіцячага харчавання.
Камітэт дзяржаўнага кантролю, праводзячы праверкі, у цэлым крытычна ацаніў работу 22 прадпрыемстваў галіны. КДК правяраў выкананне нарматыўнай базы, а таксама паказчыкі якасці санітарных умоў і бяспекі прадукцыі. Што датычыцца бяспекі, то ні на адным з прадпрыемстваў па гэтаму паказчыку не ўстаноўлена парушэнняў. У той жа час 13 дырэктараў заводаў знята з работы, усяго прыцягнуты да адказнасці 34 чалавекі.
| |
© 2005-2008 Апарат Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь
Пры выкарыстанні інфармацыі спасылка на друкаваную крыніцу з`яўляецца абавязковай
Інфармацыйная падтрымка УП "Беларускае тэлеграфнае агенцтва"
|
|
|