| |
ПРЭЗІДЫУМ САЎМІНА РАЗГЛЕДЗІЎ ХОД ПАДРЫХТОЎКІ ДА ПАСЯЎНОЙ 2008 ГОДА
Перасяванне азімых збожжавых культур у Беларусі ў бягучым годзе складзе не больш як 3-4 працэнты, або 40-50 тыс.га, што блізка да шматгадовых паказчыкаў. Аб гэтым заявіла сёння першы намеснік міністра сельскай гаспадаркі і харчавання Надзея Каткавец на пасяджэнні Прэзідыума Саўміна, дзе абмяркоўвася ход падрыхтоўкі да пасяўной 2008 года. Пасяджэнне прайшло пад старшынствам Прэм'ер-міністра Беларусі Сяргея Сідорскага. Паводле даных Надзеі Каткавец, у краіне сфарміраваны страхавы фонд насення збожжавых у аб'ёме 65 тыс.т. Гэтага дастаткова, каб перасеяць 250 тыс.га.
"Пасевы пакуль знаходзяцца ў добрым і здавальняючым стане", - адзначыла Надзея Каткавец.
Пад ураджай 2008 года пасеяна больш як 1,284 млн.га азімых збожжавых культур, што на 77,4 тыс.га больш у параўнанні з 2007 годам. Яравую сяўбу плануецца правесці на плошчы 2,392 млн.га. У цэлым збожжавыя і зернебабовыя культуры зоймуць больш як 2,4 млн.га, што практычна адпавядае ўзроўню мінулага года.
Як паведаміла першы намеснік міністра сельскай гаспадаркі і харчавання Надзея Каткавец, у Беларусі распрацаваны праект указа Прэзідэнта аб забеспячэнні стабільнай работы АПК у перыяд пасяўной кампаніі.
Дакумент накіраваны на ўзгадненне зацікаўленым міністэрствам і ведамствам. Ён дасць магчымасць вырашыць шэраг пытанняў, што ўзнікаюць у ходзе пасяўной кампаніі. У першую чаргу размова ідзе аб стварэнні запасу паліва для сельгастэхнікі. Надзея Каткавец адзначыла, што распрацаваны і ўзгоднены з канцэрнам "Белнафтахім" графік пастаўкі паліва па тыднях. Яго выкананне дасць магчымасць стварыць да 1 красавіка дзесяцідзённы запас. Паводле даных Мінсельгасхарча, на 1 сакавіка бягучага года план паставак па дызельнаму паліву склаў 78 працэнтаў, па бензіну - 55 працэнтаў. На складах сельскагаспадарчых арганізацый і райаграсэрвісаў знаходзіцца больш як 6,4 тыс.т дызпаліва і звыш 1,7 тыс.т аўтамабільнага бензіну, што забяспечыць работу тэхнікі да шасці дзён.
У ліку іншых асноўных пытанняў пасяўной - арганічныя ўгнаенні. Цяпер вывезена на палі арганікі 27 млн.т, або 78 працэнтаў ад неабходнага. Тэмпы вывазкі ў цэлым складаюць 1,4-1,7 млн.т на тыдзень. Вывазку арганікі плануецца завяршыць да 20 красавіка.
| |
© 2005-2008 Апарат Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь
Пры выкарыстанні інфармацыі спасылка на друкаваную крыніцу з`яўляецца абавязковай
Інфармацыйная падтрымка УП "Беларускае тэлеграфнае агенцтва"
|
|
|