| |
УРАД ЗАЦВЕРДЗІЎ ПЕРАЛІК МАЛЫХ ГАРАДОЎ БЕЛАРУСІ, ДЗЕ ДЗЕЙНІЧАЮЦЬ ІЛЬГОТЫ ДЛЯ БІЗНЕСУ
Савет Міністраў Беларусі зацвердзіў пералік населеных пунктаў, на якія распаўсюджваецца дзеянне Дэкрэта ад 28 студзеня 2008 года нумар 1 "Аб стымуляванні вытворчасці і рэалізацыі тавараў (работ, паслуг)". Такое рашэнне прынята Пастановай Урада нумар 483. У Брэсцкай вобласці ў пералік увайшлі населеныя пункты за выключэннем гарадоў Баранавічы, Брэст і Пінск. У Віцебскай вобласці - населеныя пункты акрамя гарадоў Віцебск, Наваполацк, Орша і Полацк, у Гомельскай - акрамя Гомеля, Жлобіна, Мазыра, Рэчыцы і Светлагорска, у Гродзенскай - акрамя Гродна і Ліды, у Мінскай - акрамя Барысава, Жодзіна, Маладзечна, Слуцка і Салігорска, у Магілёўскай - за выключэннем Бабруйска і Магілёва.
Дэкрэт нумар 1 распрацаваны ў мэтах актывізацыі прадпрымальніцкай дзейнасці ў малых і сярэдніх гарадах, для стымулявання вытворчасці і рэалізацыі тавараў, прыцягнення замежных інвестыцый, развіцця экспартнага патэнцыялу Беларусі. Дакумент накіраваны на забеспячэнне фарміравання спрыяльных умоў для прыцягнення прамых замежных інвестыцый і стварэнне новых прадпрыемстваў, перш за ўсё ў малых населеных пунктах.
Для павышэння прывабнасці ўкладанняў для замежных інвестараў дэкрэтам прадугледжаны меры па зніжэнню падатковай нагрузкі, а таксама абмежаванне ўмяшання дзяржавы ў вытворча-гаспадарчую дзейнасць прадпрыемстваў (у частцы ўстанаўлення цэн на прадукцыю, тавары, работы і паслугі ўласнай вытворчасці, вызначэння аб'ёму і парадку рэалізацыі прадукцыі, тавараў (работ, паслуг) уласнай вытворчасці, устанаўлення заработнай платы і рэгулявання колькасці работнікаў), забеспячэнне гарантыі абароны ад неспрыяльнага змянення заканадаўства на працягу 5 гадоў. Дэкрэтам таксама прадугледжана прыцягненне замежных інвестыцый у інавацыйнай форме ў выглядзе набыцця патэнтаў, ліцэнзій і іншых нематэрыяльных актываў.
У адпаведнасці з Дэкрэтам з 1 красавіка 2008 года камерцыйныя арганізацыі, якія новаствараюцца ў малых і сярэдніх гарадах Беларусі, будуць карыстацца дадатковымі падатковымі прэферэнцыямі. Так, камерцыйныя арганізацыі, у тым ліку з замежнымі інвестыцыямі, на 5 гадоў з дня іх заснавання вызваляюцца ад падатку на прыбытак, збору ў рэспубліканскі фонд падтрымкі вытворцаў сельскагаспадарчай прадукцыі, прадуктаў харчавання і аграрнай навукі і некаторых іншых падаткаў. Такі льготны рэжым будзе дзейнічаць у населеных пунктах з колькасцю насельніцтва да 50 тыс. чалавек.
Згодна з Дэкрэтам пры ўвозе тэхналагічнага абсталявання, прызначанага для ўзносу ў статутныя фонды арганізацый з замежнымі інвестыцыямі, прадпрымальнікі таксама вызваляюцца ад выплаты ПДВ і мытных пошлін.
| |
© 2005-2008 Апарат Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь
Пры выкарыстанні інфармацыі спасылка на друкаваную крыніцу з`яўляецца абавязковай
Інфармацыйная падтрымка УП "Беларускае тэлеграфнае агенцтва"
|
|
|