БЕЛАРУСЬ І СВЯРДЛОЎСКАЯ ВОБЛАСЦЬ ЗРАБІЛІ ЗНАЧНЫ КРОК НАПЕРАД У СУПРАЦОЎНІЦТВЕ
Беларусь і Свярдлоўская вобласць зрабілі за апошні час значны крок наперад у супрацоўніцтве. Аб гэтым заявіў сёння Прэм'ер-міністр Беларусі Сяргей Сідорскі на сустрэчы ў Мінску з Губернатарам Свярдлоўскай вобласці Расійскай Федэрацыі Эдуардам Роселем. Як адзначыў кіраўнік беларускага Урада, падрыхтаваны план мерапрыемстваў па развіццю супрацоўніцтва паміж урадам Беларусі і ўрадам Свярдлоўскай вобласці да 2009 года. Выконваюцца падпісаныя раней пагадненні. "Мы і ў далейшым будзем актыўна працаваць у гэтым напрамку", - падкрэсліў Сяргей Сідорскі.
Ён таксама павіншаваў Эдуарда Роселя з высокай узнагародай Беларусі - ордэнам Дружбы народаў. Губернатар Свярдлоўскай вобласці ў сваю чаргу канстатаваў, што пагадненне з Беларуссю "акуратна выконваецца". Ён расказаў аб дынамічным развіцці эканомікі Свярдлоўскай вобласці: за 15 гадоў (з 2000 па 2015 год) гэты расійскі рэгіён інвесціруе ў развіццё $50 млрд. Да 2009 года аб'ёмы прамысловай вытворчасці ў параўнанні з 2000 годам плануецца падвоіць.
Эдуард Росель адзначыў магутнае развіццё чорнай і каляровай металургіі Урала, у тым ліку вытворчасці труб, а таксама машынабудаўнічай прадукцыі. Цяпер у Свярдлоўскай вобласці дзейнічае 169 тыс. прамысловых прадпрыемстваў і 32 тыс. - у малым і сярэднім бізнесе. Актыўнае развіццё прамысловасці дае магчымасць рэгіёну выконваць сацыяльныя праграмы, у тым ліку ў ахове здароўя.
Як паведамiў Губернатар Свярдлоўскай вобласці Расіі Эдуард Росель па выніках перагавораў у Мінску з Прэм'ер-міністрам Беларусі Сяргеем Сідорскім у Свярдлоўскай вобласці плануецца арганізаваць зборачную вытворчасць "БелАЗаў".
Паводле слоў Эдуарда Роселя, у Беларусі і Свярдлоўскай вобласці ёсць "каласальны патэнцыял". "І мы гатовы яго павялічыць", - дадаў ён.
Бакі дамовіліся таксама рэалізаваць буйны праект - стварэнне транспартна-лагістычнага цэнтра ў Мінску. Усе грузы, якія ідуць з краін Еўрасаюза ва ўсходнім напрамку, будуць акумулявацца ў Мінску ў транспартна-лагістычным цэнтры.
Эдуард Росель нагадаў, што Еўрасаюз прыняў рашэнне аб прадаўжэнні другога транспартнага калідора Берлін - Варшава - Ніжні Ноўгарад да Екацярынбурга. У сувязі з гэтым Мінск павінен адыграць важную ролю ў транспарціроўцы грузаў з Еўропы ва ўральскі рэгіён.
Тавараабарот паміж Беларуссю і Свярдлоўскай вобласцю за два гады плануецца павялічыць да $1 млрд, -- заявіў сёння Прэм'ер-міністр Беларусі Сяргей Сідорскі па выніках сустрэчы з губернатарам Свярдлоўскай вобласці Расіі Эдуардам Роселем.
Сёння Сяргей Сідорскі і Эдуард Росель падпісалі план мерапрыемстваў па развіццю супрацоўніцтва паміж Урадамі Беларусі і Свярдлоўскай вобласці на 2008-2009 гады - у дакуменце 36 пунктаў.
Паводле слоў Эдуарда Роселя, гэты план адкрывае другі этап узаемаадносін Свярдлоўскай вобласці з Беларуссю. "Мы паставілі перад сабой задачу павялічыць тавараабарот больш як у 2 разы", - сказаў ён. Па выніках мінулага года прырост склаў 42 працэнты.
Нарошчванне тавараабароту будзе ажыццяўляцца за кошт стварэння плануемых сумесных вытворчасцей лекавых сродкаў, медабсталявання, перапрацоўкі лесу, мэблі, іншых спажывецкіх тавараў. Гэтаму будуць садзейнічаць і канкрэтныя дагаворы і кантракты паміж суб'ектамі гаспадарання Беларусі і ўральскага рэгіёну, дадаў Сяргей Сідорскі.
Свярдлоўская вобласць з'яўляецца галоўным гандлёва-эканамічным партнёрам Беларусі на Урале (Екацярынбург - цэнтр Уральскай федэральнай акругі). Тавараабарот Беларусі са Свярдлоўскай вобласцю ў 2007 годзе павялічыўся ў параўнанні з 2006 годам на 41,5 працэнта і дасягнуў $482,6 млн. (восьмае месца сярод рэгіёнаў Расіі), што з'яўляецца самым высокім вынікам за апошнія 12 гадоў. Экспарт беларускіх тавараў павялічыўся на 52,8 працэнта і склаў $192,5 млн., імпарт вырас на 34,9 працэнта да $290,1 млн.
У студзені-лютым 2008 года аб'ём узаемнага гандлю склаў $66,9 млн. і павялічыўся ў параўнанні з аналагічным перыядам 2007 года на 20,7 працэнта. Пры гэтым экспарт зменшыўся на 0,5 працэнта да $25,2 млн., імпарт павялічыўся на 38,6 працэнта і дасягнуў $41,7 млн.
У гэтым годзе Беларусь пастаўляла ў Свярдлоўскую вобласць пластмасы і вырабы з іх, дарожна-будаўнічую тэхніку, трактары, халадзільнікі, вырабы з чорных металаў, машыны і механізмы для ўборкі або малацьбы сельскагаспадарчых культур, грузавыя аўтамабілі. Аснову імпартных паставак са Свярдлоўскай вобласці склалі вырабы з чорных металаў, чорныя металы, чыгуначныя і трамвайныя вагоны, паравыя турбіны, машыны і абсталяванне прамысловае і лабараторнае, медзь і вырабы з яе.
| |
© 2005-2008 Апарат Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь
Пры выкарыстанні інфармацыі спасылка на друкаваную крыніцу з`яўляецца абавязковай
Інфармацыйная падтрымка УП "Беларускае тэлеграфнае агенцтва"
|
|
|