БЕЛАРУСЬ АДКРЫТА ДЛЯ ПЕРАГАВОРАЎ З ЛЮБЫМІ ІНВЕСТАРАМІ
Беларусь адкрыта для перагавораў з любымі інвестарамі, заявіў сёння Прэм'ер-міністр Беларусі Сяргей Сідорскі на пасяджэнні Кансультатыўнага савета па замежных інвестыцыях у Мінску. "Мы адкрыты для перагавораў з інвестарамі і гатовы разглядаць любыя прапановы ад іх", - падкрэсліў кіраўнік Урада. Паводле яго слоў, галоўная задача Урада Беларусі - далейшае паляпшэнне інвестыцыйнага клімату і ўваходжанне рэспублікі ў лік краін з найбольш прывабнымі ўмовамі для інвесціравання - цяпер Беларусь займае 110-ю пазіцыю ў гэтым спісе. "Мы робім усё магчымае, каб інвестары ў Беларусі адчувалі сябе камфортна, інвестыцыйны клімат паляпшаўся", - дадаў Сяргей Сідорскі.
Далейшае нарошчванне інвестыцыйнага патэнцыялу звязана са стварэннем спрыяльных умоў вядзення бізнесу. Ён нагадаў, што Беларусь - адзіная краіна ў СНД, у якой прыняты Інвестыцыйны кодэкс. За апошні час істотна спрошчаны працэдуры рэгістрацыі прадпрыемстваў (тэрмін разгляду дакументаў пры рэгістрацыі скарочаны з 20 да 5 дзён, пачаў актыўна дзейнічаць прынцып "аднаго акна"), зменшаны пералік дакументаў, неабходных для атрымання суб'ектамі гаспадарання ліцэнзій, устаноўлены тэрміны для чыноўнікаў пры ажыццяўленні асобных працэдур і прыняты іншыя меры. Сярод станоўчых рашэнняў па паляпшэнню інвестыцыйнага клімату Сяргей Сідорскі таксама адзначыў зняцце абмежаванняў на абарачэнне "мараторных" акцый.
Акрамя таго, у краіне прыняты шэраг рашэнняў па актывізацыі прытоку замежных інвестыцый у малыя і сярэднія гарады. Напрыклад, укаранёна еўрапейская форма продажу аб'ектаў за адну базавую велічыню, прымяняецца льготнае падаткаабкладанне, больш прымальныя ўмовы крэдытавання, спрошчаны мытныя працэдуры. Прэм'ер-міністр таксама адзначыў, што прытоку замежнага капіталу ў рэспубліку будзе садзейнічаць атрыманне Беларуссю суверэнных крэдытных рэйтынгаў, якія сведчаць аб стабільным развіцці эканомікі краіны.
Сёння на пленарным пасяджэнні Кансультатыўнага савета па замежных інвестыцыях пры Савеце Міністраў Рэспублікі Беларусь абмяркоўваецца шырокае кола пытанняў, звязаных з фарміраваннем спрыяльнага інвестыцыйнага іміджу рэспублікі за мяжой, развіццём малога і сярэдняга бізнесу. У ім прымаюць удзел больш як 500 экспертаў, з іх больш як 200 - прадстаўнікі замежных арганізацый. Таксама на пасяджэнне запрошаны прадстаўнікі замежнага дыпламатычнага корпуса, акрэдытаваныя ў Беларусі, ПРААН, Міжнароднай фінансавай карпарацыі, Міжнароднага банка рэканструкцыі і развіцця і Еўрапейскага банка рэканструкцыі і развіцця, кіраўнікі міністэрстваў, канцэрнаў, аблвыканкамаў і Мінскага гарвыканкама, адміністрацый свабодных эканамічных зон, беларускіх прадпрыемстваў, зацікаўленых у прыцягненні замежных інвестыцый.
Падатковая нагрузка на эканоміку Беларусі ў 2009 годзе знізіцца на 1,2 працэнтнага пункта ад ВУП. Аб гэтым заявіў Прэм'ер-міністр Беларусі Сяргей Сідорскі на пасяджэнні Кансультатыўнага савета па замежных інвестыцыях у Мінску. Паводле яго слоў, гэта дасць магчымасць пакінуць у распараджэнні прадпрыемстваў больш як Br1,4 трлн.
Сяргей Сідорскі нагадаў, што ў 2007 годзе падатковая нагрузка скарацілася на 0,6 працэнтнага пункта ад ВУП, у 2008 годзе - на 0,8.
Прэм'ер-міністр падкрэсліў, што такая дынаміка - добры сігнал для інвестараў. На яго думку, планы Беларусі па ўваходжанню ў трыццатку краін з найбольш спрыяльным інвестыцыйным кліматам цалкам рэальныя, і вынікі эканамічнага развіцця Беларусі пацвярджаюць гэта.
Інвестыцыі ў асноўны капітал у Беларусі ў 2008 годзе чакаюцца ў аб'ёме не менш як $17 млрд. Паводле слоў Прэм'ер-міністра Беларусі, гэта складзе амаль 90 працэнтаў усяго аб'ёму інвестыцый, асвоеных за папярэднюю пяцігодку.
Сяргей Сідорскі адзначыў, што інвестыцыі ў асноўны капітал на працягу 2006-2010 гадоў плануецца павялічыць у 4 разы ў параўнанні з папярэдняй пяцігодкай. Чакаецца, што іх аб'ём перасягне $80 млрд.
У 2007 годзе аб'ём інвестыцый у асноўны капітал у Беларусі склаў больш як Br25 трлн., што больш за аб'ём ВУП краіны ў 2002.
У Беларусь пачаў актыўна прыцягвацца і замежны капітал, у тым ліку ў банкаўскую сістэму. У мінулым годзе былі праведзены здзелкі па прыходу на гэты рынак шэрага расійскіх і замежных банкаў. Цяпер вядуцца перагаворы з некалькімі замежнымі інвестарамі аб куплі пакетаў акцый беларускіх банкаў. У прыватнасці, Commerzbank зацікаўлены ў набыцці пакета акцый беларускага Белінвестбанка.
У цэлым аб'ём замежных інвестыцый за мінулы год у беларускую эканоміку склаў $5,4 млрд. У першым квартале гэтага года ён дасягнуў ужо $2,5 млрд. Інвестыцыі паступалі больш як са 100 краін. Узрастаючы інтарэс замежных інвестараў абумоўлены таксама інавацыйным развіццём беларускай эканомікі, адзначыў Сяргей Сідорскі.
У Беларусі ў 2008 годзе будзе прынята яшчэ 11 дакументаў па паляпшэнню інвестыцыйнага клімату. Аб гэтым заявіў сёння віцэ-прэм'ер Андрэй Кабякоў на пасяджэнні Кансультатыўнага савета па замежных інвестыцыях у Мінску.
Ён адзначыў, што гэтыя дакументы ўваходзяць у план мерапрыемстваў урада і Нацыянальнага банка па паляпшэнню прадпрымальніцкага і інвестыцыйнага асяроддзя ў рэспубліцы. Усяго гэты план уключае 28 праектаў нарматыўна-прававых актаў. З іх 15 ужо прыняты. 11 знаходзяцца на заключным этапе ўзгаднення і будуць прыняты ў 2008 годзе.
"Усё гэта сведчыць аб тым, што Беларусь па рэфармаванню заканадаўства ў сферы развіцця прадпрымальніцтва і інвестыцый выходзіць на дастаткова высокі еўрапейскі ўзровень", - падкрэсліў Андрэй Кабякоў.
Удзельная вага інвестыцый у ВУП Беларусі ў 2008 годзе павялічыцца да 30 працэнтаў, што сведчыць аб расшыраным узнаўленні асноўнага капіталу ў краіне. Віцэ-прэм'ер Андрэй Кабякоў адзначыў, што ў 2008 годзе тэмп росту ВУП Беларусі да ўзроўню мінулага года складзе 111 працэнтаў. Інвестыцыі ў асноўны капітал узрастуць на 25 працэнтаў.
Андрэй Кабякоў падкрэсліў высокую дынаміку паступлення замежных інвестыцый. У Беларусі цяпер працуе больш як 4,2 тыс. арганізацый з замежным капіталам, у асноўным з Расіі, Аўстрыі, Германіі, ЗША.
| |
© 2005-2008 Апарат Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь
Пры выкарыстанні інфармацыі спасылка на друкаваную крыніцу з`яўляецца абавязковай
Інфармацыйная падтрымка УП "Беларускае тэлеграфнае агенцтва"
|
|
|