АБМЕРКАВАНЫ ПЫТАННІ ФАРМІРАВАННЯ ПРАЕКТА БЮДЖЭТУ БЕЛАРУСІ НА 2009 ГОД
Пытанні фарміравання праекта бюджэту Беларусі на 2009 год абмеркаваны 3 чэрвеня ў час сустрэчы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі і Прэм'ер-міністра краіны Сяргея Сідорскага, паведамiла прэс-служба Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Параметры бюджэту Беларусі на 2009 год закладваюцца зыходзячы з плануемага тэмпу росту ВУП на ўзроўні не ніжэй як 110-112 %, а таксама інфляцыі ў межах 9-11 %. Прадугледжваецца, што даходная частка бюджэту будучага года ў параўнанні з 2008 годам павялічыцца на 20 %.
Аляксандр Лукашэнка даручыў Ураду аптымізаваць расходы бюджэту 2009 года: у параўнанні з 2008-м яны павінны павялічыцца не больш як на 10 %.
Для далейшага развіцця рэальнага сектара эканомікі краіны Урад прапануе знізіць у 2009 годзе падатковую нагрузку на эканоміку на 1,2 працэнтнага пункта да ВУП. У выніку гэтага ў распараджэнні прадпрыемстваў дадаткова застанецца Br1,4 трлн.
Прэзідэнт Беларусі, звяртаючыся ў красавіку з Пасланнем да беларускага народа і Нацыянальнага сходу, паставіў задачу Ураду забяспечыць у 2010 годзе ў краіне сярэднюю заработную плату ў бюджэтнай сферы на ўзроўні $700 у эквіваленце. Зыходзячы з гэтых крытэрыяў да канца 2008 года заработная плата ў бюджэтнай сферы будзе складаць амаль $430, да канца 2009 года - $550. Пры гэтым сярэдняя заработная плата ў цэлым па рэальнаму сектару эканомікі да канца 2009 года дасягне $600-630 у эквіваленце.
Аляксандр Лукашэнка даручыў у 2009 годзе забяспечыць таксама фінансаванне ў поўным аб'ёме ўсіх сацыяльных праграм, асаблівую ўвагу ўдзяляючы павышэнню пенсій. Яны павінны расці такімі ж тэмпамі, як і заработная плата. Прэзідэнт запатрабаваў выконваць гэта няўхільна. Сяргей Сідорскі паведаміў, што да канца гэтага года адбудзецца яшчэ адно павышэнне пенсій у краіне.
Што датычыцца пытанняў росту цэн на імпартуемыя энерганосьбіты, то пры фарміраванні бюджэту на 2009 год Урад Беларусі зыходзіць з таго, што кошт расійскага газу для Беларусі будзе знаходзіцца ў межах $140 за 1 тыс.куб.м. Сяргей Сідорскі нагадаў, што Расія перанесла пераход на роўнадаходныя з экспартнымі цэны на газ унутры краіны на больш позні тэрмін. Прэм'ер-міністр праінфармаваў Кіраўніка дзяржавы аб тым, што гэтыя пытанні будуць абмяркоўвацца 27 чэрвеня на чарговым пасяджэнні Савета Міністраў Саюзнай дзяржавы. На сустрэчы плануецца таксама разгледзець пытанні інтэграцыі дзвюх краін, саюзнай уласнасці, забеспячэння роўных правоў грамадзян.
| |
© 2005-2008 Апарат Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь
Пры выкарыстанні інфармацыі спасылка на друкаваную крыніцу з`яўляецца абавязковай
Інфармацыйная падтрымка УП "Беларускае тэлеграфнае агенцтва"
|
|
|