ТАВАРААБАРОТ ПАМІЖ БЕЛАРУССЮ І ЛЕНІНГРАДСКАЙ ВОБЛАСЦЮ ПА ВЫНІКАХ 2008 ГОДА ПЕРАСЯГНЕ $400 МЛН.
Беларусі неабходна збалансаваць тавараабарот з Ленінградскай вобласцю, каб выйсці на дадатнае сальда ў двухбаковым гандлі. Аб гэтым заявіў Намеснік Прэм'ер-міністра Беларусі Андрэй Кабякоў па выніках пасяджэння сумеснай камісіі па развіццю супрацоўніцтва Рэспублікі Беларусь з Ленінградскай вобласцю ў Санкт-Пецярбургу. Ленінградская вобласць - адзін з вядучых гандлёвых партнёраў Беларусі сярод расійскіх рэгіёнаў. Узаемны тавараабарот мае стабільную тэндэнцыю да росту. У 2007 годзе ён склаў $272,3 млн. (15-е месца сярод рэгіёнаў Расіі) і павялічыўся ў параўнанні з 2006 годам на 45,5 працэнта.
Пры гэтым экспарт павялічыўся ў 1,5 раза да $87,9 млн., імпарт - у 1,4 раза да $184,4 млн. Сальда знешняга гандлю склалася адмоўнае ў памеры $96,4 млн.
Па выніках студзеня - сакавіка 2008 года тавараабарот Беларусі з гэтым рэгіёнам Расіі склаў $103,9 млн. і павялічыўся ў параўнанні з аналагічным перыядам 2007 года ў 1,9 раза, экспарт - $24,1 млн. (узрос у 1,3 раза), імпарт - $79,8 млн. (узрос у 2,1 раза). Сальда знешняга гандлю - адмоўнае ў памеры $55,6 млн.
Андрэй Кабякоў сказаў, што неабходна павялічыць тэмпы нарошчвання беларускага экспарту ў Ленінградскую вобласць, але разам з тым падкрэсліў, што Беларусь не будзе скарачаць імпарт з гэтага расійскага рэгіёну. "Упэўнены, што сумеснымі намаганнямі мы знойдзем магчымасці для нарошчвання тавараабароту ў бягучым годзе", - сказаў ён.
Паводле слоў віцэ-прэм'ера, Урад Беларусі і Урад Ленінградскай вобласці распрацоўваюць праграму супрацоўніцтва на 2009-2011 гады. Паводле яго слоў, аналагічная праграма супрацоўніцтва на 2006-2008 гады ў асноўным выконваецца, ёсць пазітыўныя вынікі. Павялічваюцца пастаўкі беларускай сельскагаспадарчай, камунальнай тэхнікі ў Ленінградскую вобласць. Таксама гэты расійскі рэгіён праяўляе цікавасць да магчымасцей беларускіх будаўнікоў. Размова ідзе аб будаўніцтве жылых аб'ектаў, пастаўках беларускіх будаўнічых матэрыялаў. Прапрацоўваюцца пытанні выкарыстання беларускіх праектных і будаўнічых арганізацый для распрацоўкі і рэалізацыі генеральных планаў, праектна-планіровачных рашэнняў на тэрыторыях муніцыпальных утварэнняў Ленінградскай вобласці.
На пасяджэнні сумеснай камісіі губернатар Ленінградскай вобласці Валерый Сердзюкоў заявіў, што супрацоўніцтва Беларусі і гэтага расійскага рэгіёну за апошнія 10 гадоў актыўна развіваецца практычна ва ўсіх галінах. Пры гэтым ён асабліва адзначыў, што значных поспехаў яно дасягнула ў выніку работы прадпрыемстваў Ленінградскай вобласці з рэгіёнамі Беларусі. "Супрацоўніцтва з Беларуссю ў нас самае плённае і эфектыўнае", - сказаў ён і падкрэсліў, што ўмацаванне ўзаемадзеяння як на ўзроўні Рэспублікі Беларусь і Ленінградскай вобласці, так і на ўзроўні прадпрыемстваў, будзе садзейнічаць павышэнню жыццёвага ўзроўню насельніцтва нашых краін.
Сёння таксама разгледжаны пытанні аб развіцці супрацоўніцтва ў галіне АПК паміж суб'ектамі гаспадарання Рэспублікі Беларусь і Ленінградскай вобласці. Бакі абмеркавалі пастаўкі беларускіх трактароў і сельскагаспадарчай тэхнікі, узаемапастаўкі прадукцыі АПК і харчовых тавараў, магчымасці выкарыстання ў Беларусі вопыту работы камбікормавых заводаў і племянных заводаў Ленінградскай вобласці па павышэнню прадукцыйнасці малочнага статка. Асабліва актуальным было пытанне супрацоўніцтва ў частцы рэалізацыі праектаў РУП "МАЗ" на тэрыторыі Ленінградскай вобласці, прапрацоўваліся пытанні паставак комплексаў машын беларускай вытворчасці для нарыхтоўкі торфу.
Абмяркоўваўся ход рэалізацыі праектаў па стварэнню гандлёва-лагістычнага і гандлёва-дзелавога цэнтраў у зоне забудовы Усевалажскага раёна Ленінградскай вобласці і жылога масіву "Беларускі квартал" у Ламаносаўскім раёне, а таксама рэалізацыі праекта па стварэнню сеткі фірменных абутковых магазінаў ЗАТ "Белвест".
Акрамя эканамічных пытанняў, у парадак дня было ўключана абмеркаванне ўзаемадзеяння бакоў у сферы інфармацыі і друку, культуры.
Тавараабарот паміж Беларуссю і Ленінградскай вобласцю Расіі па выніках 2008 года перасягне $400 млн. Аб гэтым паведаміў журналістам Намеснік Прэм'ер-міністра Беларусі Андрэй Кабякоў, падводзячы вынікі праведзенага сёння ў Санкт-Пецярбургу пасяджэння сумеснай камісіі па развіццю супрацоўніцтва паміж Урадам Ленінградскай вобласці Расіі і Урадам Беларусі.
"Я ўпэўнены, што мы ў бягучым годзе захаваем набраныя за чатыры месяцы тэмпы росту ўзаемнага гандлю на ўзроўні 150 працэнтаў да мінулага года. Такім чынам, тавараабарот па выніках работы 2008 года перасягне $400 млн. Але мы будзем імкнуцца наблізіць яго да $500 млн.", - адзначыў ён.
Нагадаем, у 2007 годзе тавараабарот паміж Беларуссю і Ленінградскай вобласцю склаў больш як $270 млн.
Паводле слоў Андрэя Кабякова, нарошчванне таварабароту будзе адбывацца, у первую чаргу, за кошт павелічэння паставак па традыцыйных напрамках, у прыватнасці сельгастэхнікі. Ён падкрэсліў, што развіццё АПК у Ленінградскай вобласці знаходзіцца на высокім узроўні, а значыць, патрабуе аналагічнага ўзроўню сельгастэхнікі. "Беларусам трэба папрацаваць у гэтым напрамку, каб адпавядаць патрабаванням", - сказаў віцэ-прэм'ер Беларусі. У сувязі з гэтым прадугледжваецца, што ў бліжэйшы час узоры беларускай сельгастэхнікі будуць накіраваны для правядзення выпрабаванняў на палігонах Ленінградскай вобласці, каб больш шырока прадэманстраваць яе магчымасці і зацікавіць патэнцыяльных расійскіх спажыўцоў.
Акрамя таго, бакі дамовіліся аб пашырэнні тавараправодных сетак беларускіх прадпрыемстваў у расійскім рэгіёне, а таксама аб развіцці супрацоўніцтва ў будаўнічай сферы. У прыватнасці, у горадзе Усевалажску Ленінградскай вобласці ў канцы года плануецца пачаць будаўніцтва жылых дамоў з канструкцый Віцебскага домабудаўнічага камбіната.
Абмеркаваны і іншыя пытанні гандлёва-эканамічнага ўзаемадзеяння, якія павінны даць імпульс далейшаму супрацоўніцтву Беларусі і Ленінградскай вобласці.
Сёння Андрэй Кабякоў уручыў Валерыю Сердзюкова дзяржаўную ўзнагароду Беларусі - ордэн Пашаны - за значны ўклад у развіццё гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва паміж Беларуссю і Ленінградскай вобласцю.
ААТ "Звязда" (Санкт-Пецярбург) у 2008 годзе плануе павялічыць пастаўкі рухавікоў для Беларускай чыгункі. Аб гэтым паведаміў журналістам генеральны дырэктар ААТ Павел Плаўнік.
За тры папярэднія гады супрацоўніцтва ААТ "Звязда" паставіла ў Беларусь прадукцыю на суму амаль 150 млн. расійскіх рублёў. Плануецца, што ў бягучым годзе гэты паказчык перасягне 70 млн. расійскіх рублёў.
Паводле слоў генеральнага дырэктара, 13 мая 2008 года быў падпісаны пратакол аб развіцці тэхнічнага і эканамічнага супрацоўніцтва паміж ААТ "Звязда" і Беларускай чыгункай у 2008-2009 гадах. У планах расійскага прадпрыемства - прапанаваць беларускім партнёрам комплексную пастаўку сілавых установак на базе новых рухавікоў і сучасных гідраперадач. Таксама асаблівую цікавасць БЧ могуць выклікаць работы, што праводзіць "Звязда" па ўкараненню электроннай сістэмы ўпырсквання паліва, якая істотна палепшыць экалагічныя параметры, расход паліва і рэсурс дызельных рухавікоў. Першая пастаўка з гэтай сістэмай намечана на восень 2008 года.
Узаемаадносіны ААТ "Звязда" з БЧ прадаўжаюцца ўжо больш як 10 гадоў. Першае прамое пагадненне аб супрацоўніцтве да 2010 года было падпісана бакамі ў 2004 годзе. БЧ з'яўляецца адным з галоўных партнёраў ААТ "Звязда". Яна забяспечваецца дызельнымі рухавікамі для рухомага саставу (пасажырскія дызельныя паязды, манеўровыя цеплавозы), а таксама камплектуючымі для сілавых установак і запаснымі часткамі. Цяпер на БЧ эксплуатуецца звыш 100 дызель-паяздоў з больш як 230 рухавікамі ААТ "Звязда". Акрамя таго, ААТ "Звязда" прыняло ўдзел у стварэнні новай серыі дызель-паяздоў павышанай камфортнасці, якія будуе па заказу БЧ АТ "Рыжскі вагонабудаўнічы завод" (Латвія).
Усяго з 2005 па 2007 год ААТ "Звязда" паставіла 16 сілавых установак з удасканаленымі рухавікамі для 100 дызель-паяздоў рознай састаўнасці для забеспячэння міжабласных і прыгарадных зносін.
Прадпрыемствы прапрацоўваюць таксама сумесныя праекты па мадэрнізацыі дызель-паяздоў. Так, у 2007 годзе пачаўся праект доследнай іх мадэрнізацыі з заменай рухавікоў папярэдняга пакалення на сучасныя эканамічныя рухавікі з павышанай надзейнасцю, рэсурсам, палепшанымі экалагічнымі і эксплуатацыйнымі характарыстыкамі. Цяпер першы такі мадэрнізаваны дызель-поезд праходзіць пробную эксплуатацыю на БЧ. Пасля падвядзення вынікаў доследнага прабегу ў лістападзе 2008 года будзе сфарміравана праграма паэтапнай мадэрнізацыі ўсяго парку дызель-паяздоў на БЧ. Агульны аб'ём мадэрнізацыі ацэньваецца ў 150 адзінак дызельных рухавікоў.
Акрамя таго, вывучаецца магчымасць энергазабеспячэння важнейшых аб'ектаў, якія ўваходзяць у інфраструктуру БЧ, комплекснымі аўтаматызаванымі электрастанцыямі вытворчасці ААТ "Звязда".
| |
© 2005-2008 Апарат Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь
Пры выкарыстанні інфармацыі спасылка на друкаваную крыніцу з`яўляецца абавязковай
Інфармацыйная падтрымка УП "Беларускае тэлеграфнае агенцтва"
|
|
|