ПАГАДНЕННЕ АБ ПРАДАСТАЎЛЕННІ БЕЛАРУСІ ЛЬГОТНАГА ЎРАДАВАГА КРЭДЫТУ ПАДПІСАНА З ЭКСІМБАНКАМ КІТАЯ
Прыход кітайскіх інвестараў дае магчымасць падтрымліваць высокі ўзровень вытворчасці ў Беларусі. Аб гэтым паведаміў Першы намеснік Прэм'ер-міністра Уладзімір Сямашка на сустрэчы з дэлегацыяй групы EXIM BANK. Паводле слоў Уладзіміра Сямашкі, высокі ўзровень палітычных адносін паміж дзяржавамі дае свае значныя вынікі ў развіцці гандлёва-эканамічных адносін, прычым па розных напрамках. У прыватнасці, Беларусь і Кітай "маюць нядрэнныя вынікі па стварэнню сумесных прадпрыемстваў", сказаў Першы віцэ-прэм'ер. У якасці прыкладу такога супрацоўніцтва Уладзімір Сямашка прывёў работу ў Беларусі Midea.
У бліжэйшы час будзе завершаны сумесны праект Midea і "Гарызонт" па вытворчасці ЗВЧ-печаў. Гэты праект - толькі пачатак маштабнага супрацоўніцтва з Midea. Калі ён будзе завершаны паспяхова, то інвестыцыі гэтай кампаніі ў Беларусь могуць скласці амаль $1,5 млрд., што дасць магчымасць выпускаць прадукцыю на $2-2,5 млрд. і паспяхова экспартаваць яе.
Таксама рэалізуецца сумесны праект з беларускім аператарам сотавай сувязі "БеСТ". З кампаніяй "Сіцік" ажыццяўляюцца два праекты ў энергетыцы. Цяпер Беларусь і Кітай абмяркоўваюць магчымасці рэалізацыі больш як 20 сумесных праектаў, сума якіх ацэньваецца ў некалькі мільярдаў долараў. "Гэтыя праекты ўзаемавыгадныя. Для Беларусі яны важныя, таму што краіна апошнім часам вельмі дынамічна развіваецца і перажывае якасна новы ўзровень развіцця", - падкрэсліў Уладзімір Сямашка.
Акрамя гэтага адным са значных перспектыўных праектаў Беларусі і Кітая ён назваў крэдытаванне беларускіх цэментных заводаў. Чакаецца, што сёння будуць падпісаны Пагадненне аб ільготным урадавым крэдыце паміж урадам Беларусі і Экспартна-імпартным банкам Кітая, Крэдытнае пагадненне аб прадастаўленні пакупніцкага крэдыту на будаўніцтва лініі па вытворчасці цэменту сухім спосабам на ВРУП "Крычаўцэментнашыфер", Крэдытнае пагадненне аб прадастаўленні пакупніцкага крэдыту на будаўніцтва другой лініі па вытворчасці цэменту сухім спосабам на ВРУП "Беларускі цэментны завод".
Уладзімір Сямашка выказаў задаволенасць тэмпамі нарошчвання ўзаемнага тавараабароту. У 2006 годзе ён упершыню перасягнуў $1 млрд., у 2007 годзе склаў $1,5 млрд., за сем месяцаў 2008 года - $1,2 млрд. Першы віцэ-прэм'ер падкрэсліў, што ў гандлёва-эканамічных адносінах прасочваецца выразная тэндэнцыя рэзкага ўзрастання імпарту кітайскай высокатэхналагічнай прадукцыі.
Беларусь прапануе Эксімбанку Кітая разгледзець магчымасць заключэння мемарандума аб супрацоўніцтве, паведаміў Уладзімір Сямашка на сустрэчы з дэлегацыяй групы EXIM BANK.
Паводле яго слоў, у вядучых беларускіх банкаў, у прыватнасці ў Беларусбанка, а таксама ў Нацбанка ёсць канкрэтныя прапановы па развіццю доўгатэрміновага супрацоўніцтва ў фінансавай сферы.
Уладзімір Сямашка нагадаў, што кітайскі юань уключаны ў пералік рэзервовых валют у Беларусі. Цяпер цэнтральныя банкі краін завяршаюць фарміраванне нарматыўнай базы, якая дае магчымасць ажыццяўляць разлікі паміж суб'ектамі гаспадарання Беларусі і Кітая ў нацыянальных валютах.
Экспартна-імпартны банк Кітая (Эксімбанк), заснаваны ў 1994 годзе, непасрэдна падпарадкоўваецца Дзяржсавету КНР, з'яўляецца банкам дзяржаўнай палітыкі, усім капіталам якога валодае ўрад Кітая. Яго міжнародная рэйтынгавая катэгорыя знаходзіцца на ўзроўні суверэнітэту краіны. Галаўны офіс Эксімбанка размешчаны ў Пекіне. На сённяшні дзень банк устанавіў агенцкія адносіны з больш як 140 банкамі.
Эксімбанк з'яўляецца галоўным банкам Кітая для транзітнай аперацыі па крэдытах, што прадастаўляюцца замежнымі ўрадамі, і банкам, які выконвае за кітайскі ўрад знешнія льготныя крэдыты. Асноўная мэта Эксімбанка Кітая - ажыццяўленне індустрыяльна-вытворчай, знешнеэканамічнай, фінансавай і дыпламатычнай палітыкі краіны, прадастаўленне фінансавай падтрымкі палітычнага характару для пашырэння экспарту краінай машынабудаўнічых і электронных прадуктаў, комплекснага абсталявання, прадуктаў новых і высокіх тэхналогій, падтрымкі канкурэнтаздольных прадпрыемстваў у падрадных і іншых інвестыцыйных праектах за мяжой, а таксама садзейнічання развіццю знешніх сувязей і міжнароднага гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва.
Сёння ў Mинску Урад Беларусі і Экспартна-імпартны банк Кітая (Эксімбанк) падпісалі Пагадненне аб прадастаўленні Беларусі льготнага ўрадавага крэдыту. З беларускага боку дакумент падпісаў міністр фінансаў Андрэй Харкавец, з боку Эксімбанка - старшыня праўлення, прэзідэнт Лі Жогу.
Таксама былі падпісаны крэдытныя пагадненні аб прадастаўленні пакупніцкага крэдыту на будаўніцтва лініі па вытворчасці цэменту сухім спосабам на ВРУП "Крычаўцэментнашыфер", а таксама на будаўніцтва другой такой лініі на ВРУП "Беларускі цэментны завод".
Паводле слоў Андрэя Харкаўца, агульная сума крэдытных пагадненняў - $390 млн. Пры гэтым міністр фінансаў падкрэсліў, што "ўмовы крэдытаў дастаткова камфортныя для Беларусі". У прыватнасці, пакупніцкія крэдыты прадастаўлены на 10 гадоў з мараторыем на пагашэнне 3 гады. Працэнтная стаўка па іх устаноўлена на ўзроўні 6,6 працэнта гадавых. Ільготны крэдыт выдзелены тэрмінам на 15 гадоў з мараторыем на пагашэнне 3 гады. Працэнтная стаўка па ім - 2,5 працэнта гадавых.
Андрэй Харкавец нагадаў, што беларускім бокам было прапанавана падрыхтаваць і падпісаць мемарандум аб супрацоўніцтве паміж Эксімбанкам Кітая і ўрадам Беларусі, каб больш паспяхова раэлізоўваць вялікі патэнцыял узаемадзеяння дзвюх краін.
Лі Жогу ў сваю чаргу запэўніў, што Эксімбанк Кітая па меры сваёй магчымасці будзе аказваць дапамогу ў развіцці Беларусі. Цяпер агульны аб'ём фінансавай дапамогі гэтага банка нашай краіне ацэньваецца ў $800 млн. Ён адзначыў, што на гэты час эканамічнае супрацоўніцтва паміж краінамі развіваецца эфектыўна, і выказаў надзею на добрыя перспектывы.
| |
© 2005-2008 Апарат Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь
Пры выкарыстанні інфармацыі спасылка на друкаваную крыніцу з`яўляецца абавязковай
Інфармацыйная падтрымка УП "Беларускае тэлеграфнае агенцтва"
|
|
|