БЕЛАРУСЬ ЗАЦІКАЎЛЕНА Ў ПАЎНАЦЭННЫМ І ПРАГМАТЫЧНЫМ СУПРАЦОЎНІЦТВЕ З ЕС З УПОРАМ НА ЭКАНАМІЧНЫ СКЛАДАЛЬНІК
Беларускі бок усведамляе неабходнасць прадаўжэння работы над так званымі дамашнімі заданнямі, акрэсленымі ў дыялогу з ЕС, і разлічвае на адэкватныя дзеянні ў адказ з боку Еўрасаюза. Аб гэтым заявіў Намеснік Прэм'ер-міністра Беларусі Андрэй Кабякоў на сустрэчы з намеснікам генеральнага дырэктара па знешніх сувязях Еўракамісіі Х'ю Мінгарэлі. "Мы ў цэлым станоўча ацэньваем рашэнне ЕС аб прыпыненні візавых абмежаванняў і аднаўленні кантактаў з беларускімі ўладамі. Разам з тым мы разглядаем гэтыя рашэнні як прамежкавыя на шляху да ўстанаўлення поўнамаштабнага супрацоўніцтва Беларусі і ЕС", - адзначыў Андрэй Кабякоў.
Пры гэтым ён падкрэсліў, што Беларусь зацікаўлена ў паўнацэнным і прагматычным супрацоўніцтве з ЕС з упорам на эканамічны складальнік.
Паводле слоў Андрэя Кабякова, апошнія крокі Беларусі і ЕС адкрываюць новую старонку ў двухбаковых адносінах. "Гэта, на наш погляд, было своечасова, таму што ўзровень знешнеэканамічных адносін гаворыць сам за сябе", - сказаў ён і праінфармаваў, што 32 працэнты знешнегандлёвага абароту і 44 працэнты беларускага экспарту прыпадае на краіны ЕС.
Віцэ-прэм'ер канстатаваў, што апошнім часам здымаюцца абмежаванні, бар'еры ў двухбаковым супрацоўніцтве. "Мы спадзяёмся, што гэты працэс будзе набіраць сілу", - сказаў ён.
Еўракамісія ініцыіруе пачаць супрацоўніцтва з Беларуссю па трох новых галінах. Гэта рэгуляванне якасці прадукцыі і стандартызацыі, узаемадзеянне фінансавых службаў, сельскагаспадарчая і харчовая бяспека. Аб гэтым паведаміў намеснік генеральнага дырэктара па знешніх сувязях Еўракамісіі Х'ю Мінгарэлі на сустрэчы з віцэ-прэм'ерам Беларусі Андрэем Кабяковым.
"Гэта будзе нашым першым крокам па аднаўленню паўнацэнных адносін з вашай краінай. Беларусь - настолькі важны для нас сусед, што мы гатовы зрабіць намнога больш, каб гэта стала магчымым", - адзначыў намеснік генеральнага дырэктара па знешніх сувязях Еўракамісіі.
Паводле слоў Х'ю Мінгарэлі, сёлетні яго візіт у Беларусь з'яўляецца працягам развіцця тых рашэнняў, якія былі прыняты Саветам ЕС, міністрамі замежных спраў ЕС тры тыдні таму. "Наша палітычнае кіраўніцтва прыняло рашэнне аднавіць кантакты і часткова прыпыніць санкцыі, якія былі ўведзены ў адносінах да Беларусі некалькі гадоў таму, а таксама развіваць тэхнічнае супрацоўніцтва з вашай краінай па шэрагу напрамкаў узаемнага інтарэсу. Наша прысутнасць сёння тут - сведчанне таго, што мы гатовы і далей прытрымлівацца сваіх абавязацельстваў", - адзначыў ён.
Намеснік генеральнага дырэктара па знешніх сувязях Еўракамісіі таксама падкрэсліў, што будзе зроблена ўсё для таго, каб прадаўжаць развіццё супрацоўніцтва Беларусі і ЕС у галіне энергетыкі, транспарту, аховы навакольнага асяроддзя, узаемадзеяння мытных службаў.
Разам з тым Еўрасаюз чакае ад беларускага боку крокаў у асобных галінах. "У бліжэйшыя 6 месяцаў мы маем намер падтрымліваць пастаянны дыялог з уладамі Беларусі, каб абмяркоўваць пытанні развіцця сістэмы няўрадавых арганізацый, удасканалення выбарчага заканадаўства, заканадаўства ў галіне аховы працы", - праінфармаваў ён. Паводле слоў Х'ю Мінгарэлі, гэта будзе садзейнічаць пераўтварэнням у Беларусі, правядзенне якіх дасць магчымасць наблізіць Беларусь па асобных пазіцыях да еўрапейскіх норм.
"У нас ёсць сур'ёзныя палітычныя намеры развіваць адносіны з вашай краінай, каб Беларусь магла стаць паўнацэнным удзельнікам еўрапейскай палітыкі суседства, у рамках якой мы маглі б развіваць нашы гандлёва-эканамічныя ўзаемаадносіны. Мы маглі б таксама зрабіць захады па аблягчэнню перамяшчэння людзей праз граніцу, развіццю міжасобасных кантактаў", - праінфармаваў Х'ю Мінгарэлі.
| |
© 2005-2008 Апарат Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь
Пры выкарыстанні інфармацыі спасылка на друкаваную крыніцу з`яўляецца абавязковай
Інфармацыйная падтрымка УП "Беларускае тэлеграфнае агенцтва"
|
|
|