ВЫТВОРЧАСЦЬ СПЕЦТЭХНІКІ ДЛЯ РАЗДЗЕЛЬНАЙ УБОРКІ ЛЁНУ АРГАНІЗУЕЦЦА Ў БЕЛАРУСІ
Вытворчасць спецтэхнікі для раздзельнай уборкі лёну арганізуецца ў Беларусі. Аб гэтым паведаміў міністр сельскай гаспадаркі і харчавання Сямён Шапіра на пасяджэнні Прэзідыума Савета Міністраў, на якім разгледжаны праект Стратэгіі развіцця льнянога комплексу Беларусі на 2008-2010 гады і абмеркаваны дадатковыя меры па рэалізацыі Комплекснага плана развіцця льняной галіны на 2006-2010 гады. Пасяджэнне прайшло пад старшынствам Прэм'ер-міністра Сяргея Сідорскага. Сямён Шапіра адзначыў, што ў мэтах скарачэння тэрмінаў уборкі лёну, а адпаведна і страт якаснай трасты ў Беларусі па вопыту еўрапейскіх краін укараняецца раздзельная тэхналогія ўборкі.
Яна дае магчымасць скараціць уборачны перыяд да 12 дзён, тады як цяпер сярэдняя працягласць уборкі лёну ў рэспубліцы складае больш як 30 дзён. "Для гэтага ў рэспубліцы трэба арганізаваць вытворчасць і пастаўку спецтэхнікі. Размова ідзе аб самаходных падборшчыках, ачэсвальніках, церабілках, самаходных варочвальніках", - сказаў Сямён Шапіра.
Цяпер на базе Шчучынскага рамонтнага завода сумесна з бельгійскай фірмай арганізуецца вытворчасць дзвюх паточных ільноцерабілак. У 2009 годзе тут будзе выпушчана 25 адзінак гэтай прадукцыі, у 2010 годзе - 99. Акрамя таго, выпуск ільноцерабілак будзе наладжаны Навукова-практычным цэнтрам па механізацыі сельскай гаспадаркі НАН Беларусі сумесна з французскай фірмай (у 2009 годзе запланавана вытворчасць 35 адзінак, у 2010 годзе - 90).
Паводле слоў міністра, комплексная механізацыя льняной галіны - прыярытэтная задача для забеспячэння яе ўстойлівай работы. Важным напрамкам з'яўляецца забеспячэнне неабходнай спецтэхнікай для ўборкі і перапрацоўкі льнотрасты. У бягучым годзе для ўборкі лёну выкарыстоўваўся 1101 ільнокамбайн расійскай вытворчасці і 28 самаходных камбайнаў вытворчасці ВА "Гомсельмаш". "Большасць камбайнаў маюць поўны фізічны знос, у далейшым штогод неабходна замяняць не менш як 120 адзінак", - адзначыў кіраўнік ведамства.
Для забеспячэння якаснай сяўбы лёну ў рэспубліцы будзе пашырана прымяненне камбінаваных глебаапрацоўчых пасяўных агрэгатаў. "У нас ёсць 168 такіх агрэгатаў пры патрэбнасці 508", - удакладніў Сямён Шапіра. Пастаўкі гэтай тэхнікі будуць ажыццяўляцца ў 2009-2010 гадах. Акрамя таго, у бліжэйшыя два гады плануецца закупіць 125 апырсквальнікаў для забеспячэння інтэграванай аховы раслін. З мэтай забеспячэння высокай якасці льнотрасты будзе закуплена таксама 598 самаходных варочвальнікаў беларускай вытворчасці. Запланавана набыццё высокапрадукцыйных прэспадборшчыкаў і іншай тэхнікі.
Міністр праінфармаваў, што ў бягучым годзе нарыхтавана 189 тыс.т ільнотрасты, што ў пераводзе на льновалакно складае 60,3 тыс.т. "Такім чынам, заданне выканана", - канстатаваў ён. Найбольш высокія тэмпы забяспечаны ў Магілёўскай вобласці - 135 працэнтаў ад плана. Разам з тым у Гродзенскай і Віцебскай абласцях гэтыя паказчыкі ніжэйшыя - 82 працэнты і 95 працэнтаў адпаведна.
Для перааснашчэння беларускіх ільнозаводаў будзе разгледжана магчымасць закупкі расійскіх ліній. Як паведаміў міністр сельскай гаспадаркі і харчавання Сямён Шапіра на гэты час набыты чатыры бельгійскія лініі для перааснашчэння льнозаводаў, аднак для далейшага тэхперааснашчэння будзе разглядацца магчымасць стварэння айчыннай вытворчасці такога абсталявання або набыцця расійскага (яно ў 3 разы таннейше за бельгійскае).
Паводле слоў міністра, гэта пытанне разглядалася на сумесным пасяджэнні з Міністэрствам прамысловасці, і Мінпрам у бліжэйшы час павінен даць адказ, ці можа быць арганізавана вытворчасць гэтай тэхнікі сваімі сіламі. Калі не - будзе разглядацца магчымасць набыцця расійскага абсталявання.
Сямён Шапіра растлумачыў, што закупленыя бельгійскія лініі павінны мець высокія паказчыкі па прадукцыйнасці. Аднак для іх эфектыўнай работы тэхналогія падрыхтоўкі льнотрасты ў рэспубліцы таксама павінна быць на еўрапейскім узроўні. Пакуль што першасная вытворчасць лёну не адпавядае еўрапейскім патрабаванням. "У сувязі з гэтым трэба ацаніць эфектыўнасць закупленых імпартных ліній, калі яны выйдуць на поўную загрузку, і яшчэ раз параўнаць іх з расійскімі для прыняцця рашэння аб далейшых закупках абсталявання", - падкрэсліў міністр.
"Для развіцця льнянога комплексу Беларусі прапануецца адшукаць прыблізна Br77 млрд. на закупку 11 ліній і амаль Br70 млрд. на будаўніча-мантажныя работы", - сказаў Сямён Шапіра. У выпадку набыцця ліній расійскай вытворчасці сума затрат на куплю гэтага абсталявання зменшыцца. Міністр падкрэсліў, што пытанне тэхперааснашчэння беларускіх ільнозаводаў з'яўляецца актуальным. "У бягучым годзе мы атрымалі 60 тыс.т ільновалакна, а магутнасці нашых ільноперапрацоўчых прадпрыемстваў могуць забяспечыць вытворчасць толькі 50 тыс.т валакна. Таму неабходна замена ліній на больш прадукцыйныя, якія забяспечваюць больш высокую якасць прадукцыі", - сказаў Сямён Шапіра.
| |
© 2005-2008 Апарат Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь
Пры выкарыстанні інфармацыі спасылка на друкаваную крыніцу з`яўляецца абавязковай
Інфармацыйная падтрымка УП "Беларускае тэлеграфнае агенцтва"
|
|
|