Рус | Бел | Eng   Галоўная | Зваротная сувязь | Кантакты | Карта сайта
 
 
ГАЛОЎНАЕ
Эканомікам Беларусі, Расіі і Казахстана трэба пераадольваць сусветны крызіс сумеснымі намаганнямі

Эканомікам Беларусі, Расіі і Казахстана трэба пераадольваць сусветны крызіс сумеснымі намаганнямі. Аб гэтым заявіў Прэм'ер-міністр Беларусі Сяргей Сідорскі ў Жодзіне ў час наведвання Беларускага аўтамабільнага завода. На сённяшні дзень узаемадапаўняльнасць эканомік Беларусі і Расіі складае ад 60 працэнтаў да 90 працэнтаў па асобных відах кааперацыі. "Цяпер спыніліся расійскія ГАЗ, КамАЗ і гродзенскія прадпрыемствы, што ўваходзяць у ААТ "Белкард", якія пастаўляюць у Расію камплектуючыя", - канстатаваў Прэм'ер.

 

БЕЛАРУСКІ ІНВЕСТЫЦЫЙНЫ ФОРУМ У ЛОНДАНЕ

Беларускі інвестыцыйны форум пачаўся ў канферэнц-цэнтры Чэрч Хаўз у Лондане. Яго работу ўзначальвае Прэм'ер-міністр Беларусі Сяргей Сідорскі. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка накіраваў прывітанне ўдзельнікам Беларускага інвестыцыйнага форуму ў Лондане. Прывітанне зачытаў Прэм'ер-міністр Беларусі Сяргей Сідорскі. "Шчыра рады, што нам удалося прыцягнуць да гэтага мерапрыемства такую аўтарытэтную дзелавую аўдыторыю. Ваш удзел у ім мы разглядаем як сведчанне растучай цікавасці замежнага бізнесу да нашай краіны, і гэту цікавасць мы будзем падтрымліваць", - гаворыцца ў прывітанні.

У ім таксама адзначана, што дасягнутыя на працягу апошніх гадоў тэмпы росту эканомікі і даходаў, стабільная ўнутраная сітуацыя, інвестыцыйны клімат, які дынамічна паляпшаецца, зручнае геаграфічнае становішча, высокі навукова-вытворчы і чалавечы патэнцыял - гэта толькі некаторыя з характарыстык, уласцівыя сучаснай Беларусі.

Беларусь гарантуе абарону інвестыцый, свабоднае распараджэнне атрыманым прыбыткам, якасны сэрвіс, камфортныя і бяспечныя ўмовы знаходжання для інвестараў. Энергетычная, транспартная, транзітная і турыстычная інфраструктура, укараненне новых тэхналогій прамысловасці і сельскай гаспадаркі - безумоўныя прыярытэты беларускай дзяржавы і самыя выгадныя сферы для ўкладання капіталу.

"Перакананы, што форум стане зыходным пунктам для цэлага шэрага праектаў, прывабных для інвестараў і накіраваных на развіццё эканомікі Беларусі, павышэнне дабрабыту яе грамадзян. Жадаю вам плённай, канструктыўнай і змястоўнай працы", - гаворыцца ў прывітанні.

Доля замежных інвестыцый у агульным аб'ёме інвестыцый у Беларусі ў 2010 годзе павялічыцца да 15-20 працэнтаў. Аб гэтым заявіў Прэм'ер-міністр Беларусі Сяргей Сідорскі на Беларускім інвестыцыйным форуме ў Лондане.

Паводле яго слоў, Рэспубліка Беларусь паспяхова рэалізуе інавацыйны шлях развіцця. У вельмі кароткія тэрміны ў краіне будзе пабудавана больш за 100 інавацыйных прадпрыемстваў і створана каля 400 новых высокатэхналагічных і высокаэфектыўных вытворчасцей. "Для рэалізацыі такіх праектаў мы зацікаўлены ў прыцягненні замежных інвестыцый", - сказаў ён.

Прэм'ер-міністр Беларусі адзначыў, што паступленні замежных інвестыцый у эканоміку Беларусі пастаянна растуць. У 2007 годзе яны склалі $5,4 млрд. і ў 3 разы перасягнулі ўзровень 2005 года, у 7,5 раза - 2002 года. Значны тэмп захоўваецца і ў бягучым годзе.
У рэспубліцы павялічваецца колькасць арганізацый з замежным капіталам. У 2002 годзе іх было 2 тыс., сёння ўжо звыш 4 тыс. больш як са 100 краін свету.

"Яшчэ раз падкрэслю, што не выпадкова наш форум праходзіць у Лондане. Вялікабрытанія на працягу шэрага гадоў знаходзіцца ў ліку лідэраў па аб'ёму інвесціравання ў эканоміку Рэспублікі Беларусь. Сярод асноўных краін - інвестараў у нашу эканоміку таксама выступаюць Расія, Аўстрыя, Швейцарыя, Германія і іншыя", - адзначыў ён. Прадстаўнікі некаторых з іх сёння падзеляцца сваім вопытам работы ў рэспубліцы, а таксама праблемамі, з якімі ім часам даводзіцца сутыкацца ў працэсе сваёй дзейнасці.

Немалаважны для патэнцыяльных інвестараў - факт атрымання Беларуссю ў 2007 годзе суверэннага крэдытнага рэйтынгу, які пацвярджае стабільнасць узроўню сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны. І ў бягучым, даволі складаным для ўсіх, годзе прысвоены Рэспубліцы Беларусь міжнароднымі агенцтвамі рэйтынг захаваны.

Наша краіна накіроўвае значныя сродкі на мадэрнізацыю прадпрыемстваў, асваенне новай прадукцыі і новых рынкаў. У выніку сёння аб'ём беларускага экспарту складае 60 працэнтаў ВУП, краіна гандлюе са 180 краінамі.

"Мы будуем сваю эканамічную сістэму з улікам сусветнага вопыту, пазбягаючы сацыяльна небяспечных тэндэнцый. Стратэгічная мэта беларускай дзяржавы - павышэнне ўзроўню і якасці жыцця грамадзян, высокая ступень сацыяльнай абароны, высокі ўзровень занятасці", - адзначыў Сяргей Сідорскі.

Ён таксама падкрэсліў, што дзяржава не дапускае ў краіну крымінальны капітал, сур'ёзна змагаецца з карупцыяй.

Нацыянальнае заканадаўства, перш за ўсё эканамічнае, удасканалена ў бок лібералізацыі. "І гэта не выпадкова, паколькі мы паставілі перад сабой даволі амбіцыйную мэту - увайсці ў лік 30 краін свету з найбольш спрыяльнымі ўмовамі вядзення бізнесу. У рамках рэалізацыі гэтай задачы толькі за апошні час прынята больш за 30 нарматыўных прававых актаў, накіраваных на ўдасканаленне заканадаўства ў розных сферах эканомікі", - сказаў Сяргей Сідорскі.

У Беларусі - адзінай з краін СНД - прыняты Інвестыцыйны кодэкс, палажэнні якога накіраваны на стымуляванне інвестыцыйнай дзейнасці, яе дзяржпадтрымку, а таксама абарону правоў інвестараў на тэрыторыі рэспублікі. Прыняты беспрэцэдэнтныя меры па адмене працэдуры дэкларавання паходжання капіталу, а вяртанне банкаўскіх дэпазітаў у поўным аб'ёме гарантуецца дзяржавай. Уведзены пяцігадовы мараторый на пагаршэнне ўмоў гаспадарання для сумесных і замежных прадпрыемстваў. Важны аспект паляпшэння інвестыцыйнага клімату - адмена інстытута "залатой акцыі". "Залатая акцыя" выклікала нараканні міжнародных арганізацый і замежных кампаній, наяўнасць яе, на думку замежных інвестараў, стрымлівала прыток замежнага капіталу. Скарочаны затраты часу і сродкаў на адкрыццё, атрыманне ліцэнзій. Замацаваны заяўны прынцып дзяржаўнай рэгістрацыі і ліквідацыі арганізацый. Значна зменшана колькасць адміністрацыйных працэдур. Іх правядзенне рэгламентавана жорсткімі тэрмінамі для чыноўнікаў. Істотна зменена заканадаўства аб адабранні і прадастаўленні зямельных участкаў, уведзены адзіны прынцып іх аўкцыённага продажу.

Для прыцягнення інвестыцый рэспубліка прадастаўляе замежным інвестарам шэраг прэферэнцый: у свабодных эканамічных зонах, малых і сярэдніх гарадах, сельскай мясцовасці, Парку высокіх тэхналогій. Рэзідэнты гэтых тэрыторый часткова вызваляюцца ад падаткаў, мытных плацяжоў, карыстаюцца шэрагам іншых ільгот.

Меры, прынятыя Урадам Беларусі, былі такімі рэзультатыўнымі, што знайшлі сваё адлюстраванне ў дакладзе Сусветнага банка "Вядзенне бізнесу-2009".

Расійскі рубель можа стаць рэгіянальнай валютай. Аб гэтым заявіў Прэм'ер-міністр Беларусі Сяргей Сідорскі, адказваючы на пытанні ўдзельнікаў Беларускага інвестыцыйнага форуму ў Лондане. Ён нагадаў, што гэта пытанне было абмеркавана Прэзідэнтамі Беларусі і Расіі. Урадам былі дадзены адпаведныя даручэнні прапрацаваць гэтыя пытанні.

Сяргей Сідорскі паведаміў, што на праведзеным у Кішынёве 14 лістапада пасяджэнні Савета кіраўнікоў Урадаў СНД ён абмяркоўваў гэта пытанне з Прэм'ер-міністрам Расіі Уладзімірам Пуціным.

Беларусь прапрацоўвае пытанне арганізацыі інвестыцыйнага форуму ў Аб'яднаных Арабскіх Эміратах, паведаміў Прэм'ер-міністр Беларусі Сяргей Сідорскі, адказваючы на пытанні ўдзельнікаў Беларускага інвестыцыйнага форуму ў Лондане.

Акрамя таго, кіраўнік беларускага Урада не выключыў магчымасці правядзення такога форуму і на амерыканскім кантыненце. "Нам гэты кантынент цікавы, не хацелася б страчваць гэты рынак", - адзначыў Сяргей Сідорскі.

Пры гэтым ён падкрэсліў, што не так важна месца правядзення форуму, як сам факт арганізацыі такога мерапрыемства. Напрыклад, паводле слоў Сяргея Сідорскага, міжнародныя эканамічныя і інвестыцыйныя форумы, якія праходзяць у Беларусі, таксама з'яўляюцца вельмі рэзультатыўнымі для нашай краіны.

Сяргей Сідорскі адзначыў, што бізнес-супольнасцям Беларусі і замежных краін неабходна больш узаемадзейнічаць, таму што ёсць вялікі патэнцыял для развіцця супрацоўніцтва па многіх напрамках.

Беларусь дала вычарпальныя адказы на ўсе пытанні МВФ для атрымання крэдыту. "Неабходны пакет дакументаў экспертам МВФ прадастаўлены. Група беларускіх экспертаў дала вычарпальныя адказы па пытаннях МВФ. Цяпер прапрацоўваюцца дадатковыя пытанні", - адзначыў Сяргей Сідорскі.

Паводле яго слоў, гэты крэдыт патрэбны як Беларусі, так і ЕС. Грошы патрэбны для таго, для "прабіць фінансавыя тромбы", што ўзніклі ў выніку сусветнага фінансавага крызісу. Сродкі будуць выкарыстоўвацца на падтрымку фінансавых патокаў паміж суб'ектамі гаспадарання Беларусі і краін - яе гандлёвых партнёраў.

Што датычыцца рэсурсаў расійскага крэдыту, першы транш якога Беларусь ужо атрымала, то яны будуць выкарыстоўвацца ў разліках за энергарэсурсы з Расіяй.
У Беларусь на чыстай аснове за 9 месяцаў бягучага года паступіла $824 млн. замежных інвестыцый. Аб гэтым у Лондане на Беларускім інвестыцыйным форуме паведаміў віцэ-прэм'ер Беларусі Андрэй Кабякоў. Калі ў 2004 годзе аб'ём замежных інвестыцый на чыстай аснове ў беларускай эканоміцы складаў $146 млн., то ў 2007 - $1,28 млрд.

Ён адзначыў, што аб'ём прыцягнення прамых замежных інвестыцый на чыстай аснове няўхільна расце: $131 млн. - у 2004 годзе, $565 млн. - у 2007 годзе, $633 млн. - у студзені-верасні бягучага года.

Для забеспячэння патрэбнасці ў інвестыцыях Беларусь сур'ёзна працуе над павышэннем інвестыцыйнай прыцягальнасці, удасканаленнем інвестыцыйнага і падатковага заканадаўства, дадаў віцэ-прэм'ер.

У Беларусі рэалізуецца сістэма мерапрыемстваў па зніжэнню рызыкі негатыўнага ўздзеяння сусветнага фінансавага крызісу. Віцэ-прэм'ер Беларусі Андрэй Кабякоў адзначыў, што для прадухілення адтоку капіталаў з банкаўскай сістэмы дзяржава ўзяла на сябе гарантыю па ўкладах насельніцтва. Для павышэння ўстойлівасці эканомікі і фінансавай сістэмы вядзецца работа з Расіяй і МВФ па атрыманню пазык.

Андрэй Кабякоў падкрэсліў, што такія крэдыты неабходныя не ў якасці экстранных мер па выратаванню эканомікі. Крэдытныя рэсурсы - гэта своеасаблівая падушка бяспекі для беларускай фінансавай сістэмы ад знешніх шокаў.

Паводле слоў намесніка прэм'ер-міністра, сусветны фінансавы крызіс не можа не закрануць Беларусь. Аднак у краіне няма ўнутраных перадумоў для зараджэння крызісных сітуацый: усе магчымыя ўскладненні звязаны са знешнімі пагрозамі. У Беларусі няма цяжкіх даўгоў, мы не пусцілі ў краіну спекуляцыйны і крымінальны капітал, дадаў ён.

Назіраючы за развіццём крызісу ў самых развітых краінах з ліберальнай эканомікай, можна заўважыць, што ў вострай сітуацыі ўрады ўспомнілі аб ролі дзяржавы і пайшлі на беспрэцэдэнтныя меры аж да нацыяналізацыі банкаў, рэзюмаваў віцэ-прэм'ер.

СГА вядзе з Беларуссю жывы перагаворны працэс. Аб гэтым паведаміў на Беларускім інвестыцыйным форуме ў Лондане намеснік генеральнага дырэктара гандлёвай арганізацыі Алехандра Хара. Паводле яго слоў, дапамогу па ўступленню краіны ў СГА павінен аказваць бізнес. "Прамы замежны капітал дапамагае стварыць умовы для лібералізацыі гандлю, што набліжае краіну да стандартаў СГА", - сказаў Алехандра Хара.

Намеснік генеральнага дырэктара адзначыў, што для ўступлення ў СГА неабходна плаціць пэўную цану. Яна звязана з тым, наколькі тая або іншая краіна можа лібералізаваць сваю эканоміку, выканаць задачы, якія ставіць СГА перад дзяржавамі-членамі.

Алехандра Хара выказаў думку, што чым хутчэй Беларусь уступіць у СГА, тым лепш, таму што планка патрабаванняў па ўступленню ў гандлёвую арганізацыю павышаецца.

Намеснік гендырэктара СГА таксама адзначыў, што ў Беларусі многае зроблена для значнага паляпшэння інвестыцыйнага клімату. Такія форумы, як сёння ў Лондане, дапамогуць павялічыць дадатковы прыток замежных інвестыцый у рэспубліку.

"ІТЭРА" адзначае прывабнасць беларускай эканомікі для інвестараў. Аб гэтым заявіў старшыня савета дырэктараў ТАА "НГК "ІТЭРА" Ігар Макараў на Беларускім інвестыцыйным форуме ў Лондане.

"Нашы планы ў Беларусі, у першую чаргу, звязаны з адносна новым для нас напрамкам бізнесу. Гэта - дэвэлапмент", - адзначыў ён.

Ігар Макараў прадставіў на форуме самы буйны праект НГК "ІТЭРА" у Беларусі - "Мінск-Сіці". Яго рэалізацыяй займаецца будаўнічая кампанія "ІТЭРА-Інвест-Буд". Кошт праекта ацэньваецца ў $5 млрд., тэрміны рэалізацыі складуць 12 гадоў.

"Мінск-Сіці" - ультрасучасны "горад у горадзе" - будзе пабудаваны ў цэнтры беларускай сталіцы на плошчы 318 га. Да 2020 года тут плануецца ўзвесці 3 млн.кв.м жылля, стварыць сетку аб'ектаў сацыяльнай інфраструктуры, у тым ліку 9 дзіцячых садоў і 7 школ. Плошча офісных памяшканняў складзе 550 тыс.кв.м. На 200 тыс.кв.м размесціцца гандлёва-забаўляльны комплекс. У "Мінск-Сіці" будзе развітая транспартная інфраструктура, па яго тэрыторыі пройдуць маршруты ўсіх відаў гарадскога транспарту, а таксама новая лінія метрапалітэна. Рэалізацыя праекта дасць дасць магчымасць 60 тыс. мінчан адсвяткаваць наваселле.

Паводле слоў старшыні савета дырэктараў "ІТЭРЫ", будуць усе падставы ганарыцца гэтым праектам і з архітэктурна-эстэтычнага пункту гледжання. У тэндэры на лепшую архітэктурную канцэпцыю забудовы "Мінск-Сіці" ўдзельнічалі 10 вядомых архітэктурных бюро з розных краін. Маштабнасць капіталаўкладанняў у будаўнічы бізнес у Беларусі з'яўляецца лепшым пацвярджэннем наяўнасці спрыяльнага інвестыцыйнага клімату ў рэспубліцы, лічыць Ігар Макараў.

Яшчэ адным праектам "ІТЭРА-Інвест-Буд" у Беларусі з'яўляецца будаўніцтва шматфункцыянальнага бізнес-цэнтра ў цэнтральнай частцы Мінска. Да 2012 года тут плануецца пабудаваць жылы дом і дзве вышынныя офісныя вежы, якія будуць самымі высокімі будынкамі сталіцы. Кошт праекта складзе $650 млн.

Ігар Макараў паведаміў, што, нягледзячы на маштабнасць будаўнічых праектаў, газавы бізнес будзе заставацца асноўным прыярытэтам дзейнасці "ІТЭРЫ".

"Франсабанк" заклікае замежных бізнесменаў інвесціраваць у беларускую эканоміку. Аб гэтым заявіў прэзідэнт гэтага банка Аднан Касар на Беларускім інвестыцыйным форуме ў Лондане.

Паводле слоў Аднана Касара, нягледзячы на сусветны фінансавы крызіс, які працягваецца, у шэрага бізнесменаў яшчэ ёсць "свабодны" капітал. Ён лічыць, што "Беларусь - адна з краін, якую гэты капітал павінен знайсці".

"Беларусь сёння з'яўляецца вельмі стабільнай краінай. Урад прыкладае шмат намаганняў, праводзіць рэформы па ўдасканаленню бізнес-клімату. Мы гэта вітаем", - сказаў Аднан Касар. Ён таксама адзначыў, што ўрад Беларусі на самым высокім узроўні падтрымлівае замежных інвестараў, прапануе стабільны і хуткарастучы рынак, на якім задзейнічаны высокакваліфікаваныя спецыялісты.

"Франсабанк" працуе ў Беларусі па двух напрамках: банкаўская сфера і сфера нерухомай маёмасці. Холдынг "Франса" і "Франсабанк" сумесна набылі 98,93 працэнта акцый ААТ Банк "Залаты талер". Набыццё гэтага банка - вынік рэалізацыі стратэгіі "Франсабанка" па пашырэнню яго прысутнасці на перспектыўных рэгіянальных і міжнародных рынках з высокім узроўнем эканамічнага і інвестыцыйнага патэнцыялу. Акрамя гэтага, ён будзе ўсяляк садзейнічаць прыцягненню міжнароднага і прыватнага арабскага капіталу ў Беларусь.

У Беларусі "Франсабанк" інвесціруе і прыцягвае знешнія інвестыцыі ў будаўніцтва нерухомай маёмасці, у прыватнасці, у будаўніцтва ў Мінску бізнес-цэнтра і адміністрацыйнага будынка, гандлёвых цэнтраў пры ўдзеле кампаніі "ABC Shopping Malls". Кіраўніцтвам банка прапрацоўваюцца магчымасці фінансавання будаўніцтва і мадэрнізацыі высакакласных гасцініц і цэнтраў правядзення вольнага часу ў беларускай сталіцы. Сумарны кошт інвестыцыйных праектаў, што ажыццяўляюцца і прапрацоўваюцца "Франсабанкам" і беларускай кампаніяй "Архітэкт Лтд." у галіне будаўніцтва офісных будынкаў, гандлёвых і забаўляльных цэнтраў у Мінску, складае $320 млн.

"На працягу некалькіх апошніх гадоў мы назіраем рэзкі ўсплёск цікавасці да беларускага банкаўскага бізнесу з боку буйных замежных фінансавых інстытутаў, у тым ліку з арабскага свету", - сказаў Аднан Касар. Паводле яго слоў, гэта сведчыць аб упэўненай пазіцыі Беларусі.

"Што датычыцца сектара нерухомай маёмасці, то гэта непачаты край для інвестараў. Сектар турызму таксама вельмі прывабны для ўкладання інвестыцый. Вялікія магчымасці мае і сельская гаспадарка", - дадаў кіраўнік "Франсабанка".

Выгадная пазіцыя беларускай эканомікі для ўкладання сродкаў патэнцыяльных інвестараў абумоўлена таксама тым фактам, што рэспубліка ў меншай ступені пацярпела ад сусветнага фінансавага крызісу. "Я поўнасцю ўпэўнены ў поспеху вашай краіны", - падкрэсліў бізнесмен.

"Франсабанк" утвораны ў 1921 годзе і з'яўляецца старэйшым і вядучым банкам у Ліване. Ён прадастаўляе мясцовым і міжнародным кліентам шырокі дыяпазон рознічных, камерцыйных, карпаратыўных, інвестыцыйных і міжнародных банкаўскіх паслуг. На канец чэрвеня гэтага года актывы "Франсабанка" склалі $7,9 млрд., акцыянерны капітал - $659 млн., уклады кліентаў - $6,7 млрд. "Франсабанк" мае прадстаўніцтвы ў Францыі, Алжыры, Сірыі, Судане, Кубе, Лівіі.

На форуме ўвазе міжнароднага бізнесу прадстаўлены больш як 70 інвестыцыйных праектаў. Сярод іх: будаўніцтва завода па вытворчасці аўтобусаў на прадпрыемстве "Мінскі аўтамабільны завод", стварэнне комплексу па вытворчасці ліставога пракату на прадпрыемстве "Беларускі металургічны завод", будаўніцтва каскадаў гідраэлектрастанцый на рэках Заходняя Дзвіна і Днепр, стварэнне марскога гандлёвага флоту Беларусі і многія іншыя.

Свае праекты ў Лондане прадстаўляюць арганізацыі міністэрстваў прамысловасці, энергетыкі, архітэктуры і будаўніцтва, транспарту і камунікацый, сувязі і інфарматызацыі, спорту і турызму, сельскай гаспадаркі і харчавання, канцэрнаў "Белнафтахім", "Беллеспаперапрам", "Белдзяржхарчпрам", "Беллегпрам". Зацікавіць замежных інвестараў плануюць абласныя выканаўчыя камітэты і свабодныя эканамічныя зоны. Правесці прэзентацыі і расказаць аб сваіх інвестыцыйных магчымасцях маюць намер і беларускія банкі.

Удзел у форуме прымуць прадстаўнікі замежных вытворчых, інвестыцыйных і кансалтынгавых кампаній, камерцыйных банкаў і фінансавых арганізацый, зацікаўленых у развіцці бізнесу ў Беларусі.

ВЫДАННІ САВЕТА МІНІСТРАЎ РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ
  Газета 'Рэспублiка'

Газета 'Беларуская Ніва'

Часопіс 'Эканоміка Беларусі'

Газета 'Звязда'
 
ІНТЭРНЭТ-РЭСУРСЫ
  Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь

BELARUS.BY

Нацыянальны прававы Інтэрнэт-партал Рэспублікі Беларусь
 
© 2005-2008 Апарат Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь
Пры выкарыстанні інфармацыі спасылка на друкаваную крыніцу з`яўляецца абавязковай
Інфармацыйная падтрымка УП "Беларускае тэлеграфнае агенцтва"
 
 
НАВІНЫ
Тром самым буйным зверагаспадаркам Белкаапсаюза ў 2009 годзе будуць прадастаўлены льготныя крэдыты

Тром самым буйным зверагадоўчым гаспадаркам спажыўкааперацыі ў 2009 годзе будуць прадастаўлены льготныя крэдыты для гадоўлі пушных звяроў. Рашэнне аб гэтым змяшчаецца ў Пастанове Савета Міністраў нумар 1997.

Новы памер мінімальнай заработнай платы ўстаноўлены ў Беларусі з 1 студзеня 2009 года

Урад Беларусі ўстанавіў з 1 студзеня 2009 года новы памер мінімальнай заработнай платы (МЗП). У адпаведнасці з Пастановай Саўміна нумар 2020 месячная мінімальная заработная плата ўстаноўлена ў памеры Br229 тыс. 700, пагадзінная мінімальная заработная плата - у памеры Br1 тыс. 360.

У Беларусі вытворчасць кукурузнага крухмалу і патакі павінна быць забяспечана айчыннай сыравінай

У Беларусі вытворчасць кукурузнага крухмалу і патакі павінна быць забяспечана айчыннай сыравінай. Аб гэтым заявіў Прэм'ер-міністр Сяргей Сідорскі сёння на адкрыцці цэха па вытворчасці кукурузнага крухмалу і патакі ў РУВП "Экзон-глюкоза" (Брэсцкая вобласць).

''Белнафтахім'' скароціць тэрміны разгляду заяў на размяшчэнне складоў нафтапрадуктаў і АЗС

Канцэрн "Белнафтахім" скароціць тэрміны разгляду заяў на размяшчэнне складоў нафтапрадуктаў і аўтазаправачных станцый на тэрыторыі рэспублікі. Адпаведнае рашэнне змяшчаецца ў Пастанове Савета Міністраў Беларусі нумар 2004 ад 22 снежня.

 
Урад Беларусі зацвердзіў Комплексны план развіцця льняной галіны да 2010 года

Урад Беларусі Пастановай нумар 1954 зацвердзіў Комплексны план развіцця льняной галіны да 2010 года.Каменціруючы асноўныя палажэнні дакумента, намеснік міністра сельскай гаспадаркі і харчавання Васіль Паўлоўскі паведаміў, што ў яго ўвайшлі ўсе прапановы Мінсельгасхарча па аздараўленню льняной галіны.

Сродкі фонду нацыянальнага развіцця будуць выкарыстаны для падтрымкі экспартаарыентаваных прадпрыемстваў

Сродкі фонду нацыянальнага развіцця будуць выкарыстаны для падтрымкі экспартаарыентаваных прадпрыемстваў. Аб гэтым заявіў Прэм'ер-міністр Беларусі Сяргей Сідорскі на пасяджэнні Прэзідыума Савета Міністраў, дзе абмяркоўваліся меры па забеспячэнню стабільнай работы валаўтваральных і іншых прадпрыемстваў Беларусі.

 
У Беларусі ў 2009 годзе плануецца пабудаваць 6 млн.кв.м жылля

У 2009 годзе ў Беларусі будзе пабудавана 6 млн.кв.м жылля. Адпаведнае рашэнне змяшчаецца ў Пастанове Урада нумар 1982/19 ад 19 снежня.

Урад Беларусі і Знешэканомбанк Расіі падпісалі мемарандум аб супрацоўніцтве

Прэм'ер-міністр Беларусі Сяргей Сідорскі лічыць неабходным паскорыць пераход у разліках паміж суб'ектамі гаспадарання Беларусі і Расіі на рэгіянальную валюту. Аб гэтым кіраўнік беларускага Урада заявіў 20 снежня на сустрэчы са Старшынёй дзяржаўнай карпарацыі "Банк развіцця і знешнеэканамічнай дзейнасці (Знешэканомбанк)" (РФ) Уладзімірам Дзмітрыевым.

 
Усе работы па рэканструкцыі будынка тэатра оперы і балета Беларусі павінны быць завершаны да 20 лютага

Усе работы на аб'екце "Нацыянальны акадэмічны Вялікі тэатр оперы і балета Рэспублікі Беларусь" павінны быць завершаны да 20 лютага 2009 года. Такую задачу паставіў сёння ў час наведвання рэканструюемага будынка тэатра Прэм'ер-міністр Беларусі Сяргей Сідорскі.

 
Беларусь вітае інвестараў з канкрэтнымі тэрмінамі рэалізацыі праектаў і фінансаваннем

Беларусь вітае любых інвестараў з канкрэтнымі планамі па тэрмінах рэалізацыі праектаў і фінансаванню, сказаў у інтэрв'ю карэспандэнту БЕЛТА Намеснік Прэм'ер-міністра Беларусі Віктар Бура.

АРХІЎ НАВІН
ПОШУК