Беларусь разлічвае быць першачарговым гандлёвым партнёрам Венесуэлы
|
|
1
2
3
4
|
|
|
Беларусь разлічвае быць першачарговым гандлёвым партнёрам Венесуэлы. Аб гэтым было заяўлена на сустрэчы Першага намесніка Прэм'ер-міністра Беларусі Уладзіміра
Сямашкі і сустаршыні беларуска-венесуэльскай камісіі высокага ўзроўню, памочніка Прэзідэнта Беларусі па асаблівых даручэннях Віктара Шэймана з Міністрам
энергетыкі і нафты Венесуэлы Рафаэлем Рамірэсам.
|
Як адзначыў Віктар Шэйман, двухбаковыя адносіны паміж Беларуссю і Венесуэлай прадаўжаюць дынамічна развівацца і ў аснове гэтай дынамікі ляжыць палітычнае ўзаемадзеянне на вышэйшым узроўні. Паводле яго слоў, залогам паспяховага развіцця гандлёва-эканамічных сувязей з'яўляецца ўзаемадапаўняльнасць эканомік Беларусі і Венесуэлы. "Беларусь разлічвае быць першачарговым стратэгічным партнёрам Венесуэлы", - падкрэсліў Віктар Шэйман, дадаўшы, што такое супрацоўніцтва павінна мець доўгатэрміновы характар.
"Мы выступаем за збалансаваны ўзаемавыгадны характар супрацоўніцтва", - падкрэсліў ён. Па выніках 2008 года дасягнута чатырохразовае павелічэнне аб'ёму ўзаемнага гандлю. "У цяперашняй няпростай эканамічнай сітуацыі Беларусі і Венесуэле неабходна цясней каардынаваць свае дзеянні ў знешнім гандлі. Больш дынамічнае развіццё павінны атрымаць пачатыя сумесныя праекты", - падкрэсліў сустаршыня беларуска-венесуэльскай камісіі высокага ўзроўню.
Паводле яго слоў, у ходзе нядаўняга візіту віцэ-прэзідэнта Венесуэлы ў Мінск былі зроблены канкрэтныя захады па паскарэнню рэалізацыі сумесных праектаў. Дасягнуты вынікі, якія даюць магчымасць запусціць зборачныя вытворчасці сумесных прадпрыемстваў у Венесуэле з удзелам БелАЗа, МАЗа, МТЗ. Чакаецца, што на пасяджэнні беларуска-венесуэльскай камісіі высокага ўзроўню, якая пройдзе ў Каракасе ў жніўні бягучага года, будзе дадзены імпульс для дынамічнай рэалізацыі таксама іншых праектаў, выгадных для абедзвюх краін. "Беларусь гатова поўнасцю задаволіць попыт Венесуэлы ў машынатэхнічнай прадукцыі, электроннай, прамысловым абсталяванні, кар'ернай і дарожнай тэхніцы", - падкрэсліў Віктар Шэйман.
У сваю чаргу Рафаэль Рамірэс выказаў задавальненне ўзроўнем развіцця двухбаковага супрацоўніцтва, асабліва ў энергетычнай сферы. "Венесуэла задаволена праектамі, што рэалізуюцца сумесна з Беларуссю", заявіў Міністр.
"Праекты, пачатыя сумесна з "Беларуснафтай", а таксама ў галіне газу і нафтаразведкі, нас поўнасцю задавальняюць", - сказаў Рафаэль Рамірэс. Паводле яго слоў, гэта сведчыць не толькі аб палітычнай гатоўнасці да супрацоўніцтва, але і пацвярджае высокі ўзровень беларускага абсталявання.
Рафаэль Рамірэс выказаў задавальненне ўзроўнем развіцця двухбаковага супрацоўніцтва, асабліва ў энергетычнай сферы. "Мы ўжо адчуваем эфект гэтай сумеснай работы ў нашай краіне", - падкрэсліў ён.
Беларуска-венесуэльскаму СП па здабычы нафты перададзены тры новыя нафтавыя актывы. Адпаведны акт аб перадачы СП "Петралера БелаВенесалана" актываў падпісаў сёння ў Мінску Міністр энергетыкі і нафты Венесуэлы Рафаэль Рамірэс.
Сёння падпісаны таксама мемарандум аб сумеснай распрацоўцы газавага праекта ў Венесуэле. З беларускага боку подпіс пад дакументам паставіў генеральны дырэктар РУП "ВА "Беларуснафта" Аляксандр Ляхаў, з венесуэльскага - Рафаэль Рамірэс. Імі падпісаны таксама мемарандум аб намерах па стварэнні СП па сэрвісных работах у нафтавай сферы. Акрамя таго, бакі заключылі пагадненне аб тэхналагічным супрацоўніцтве паміж ВА "Беларуснафта" і кампаніяй "Інтэвеп".
Нагадаем, што сумеснае беларуска-венесуэльскае прадпрыемства "Петралера БелаВенесалана" створана ў канцы 2007 года. У 2008 годзе яно здабыла на радовішчах Гуара Эстэ і Лагамедыя ў Венесуэле 690 тыс.т нафты. Павелічэнне актываў прадпрыемства дасць магчымасць нарасціць аб'ёмы здабычы.
| |
© 2005-2010 Апарат Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь
Пры выкарыстанні інфармацыі спасылка на друкаваную крыніцу з`яўляецца абавязковай
Інфармацыйная падтрымка УП "Беларускае тэлеграфнае агенцтва"
|
|
|