Рус | Бел | Eng   Галоўная | Зваротная сувязь | Кантакты | Карта сайта
 
 
ГАЛОЎНАЕ
Пытанні ўладкавання знешніх граніц Мытнага саюза будуць разгледжаны на пасяджэнні Саўміна Саюзнай дзяржавы ў Брэсце
1 2 3 4
Пытанні ўладкавання знешніх граніц мытнага саюза Беларусі, Расіі і Казахстана будуць разгледжаны на пасяджэнні Савета Міністраў Саюзнай дзяржавы, якое пройдзе ў Брэсце 16 сакавіка.
 

Прэм'ер-міністр Беларусі наведаў з рабочай паездкай Гомельскую вобласць

1 2 3 4 5 6 7
Новы прамысловы цэх па вытворчасці энергаэфектыўнага шкла з магнетронным пакрыццём будзе пабудаваны ў ААТ "Гомельшкло" на працягу года. Адпаведнае даручэнне даў 3 лютага Прэм'ер-міністр Беларусі Сяргей Сідорскі ў час наведвання прадпрыемства.

"На новай вытворчасці будзе выпускацца шырокі спектр сучаснага шкла, у тым ліку энергаэфектыўнага, - сказаў кіраўнік Урада. - Такое шкло мы будзем ставіць у нашых дамах, што дасць магчымасць эканоміць энергарэсурсы".

Азнаёміўшыся з ходам будаўніцтва другой лініі па вытворчасці ліставога шкла (флаат-шкла) на ААТ "Гомельшкло", Сяргей Сідорскі запатрабаваў, каб праект быў рэалізаваны ва ўстаноўленыя тэрміны. Плануецца, што ўжо ў сакавіку на новай лініі пачнуць выпускаць сучасную прадукцыю. Праект такога ўзроўню ў шкляной прамысловасці краіны выконваецца ўпершыню. Увод у эксплуатацыю новых вытворчых магутнасцей дасць магчымасць павялічыць выпуск таварнай прадукцыі ў 2,2 раза, павысіць удзельную вагу экспарту прадукцыі да 70-75 працэнтаў, стварыць 265 рабочых месц.

Акрамя таго, рэалізацыя праекта забяспечыць значнае зніжэнне спажывання энергарэсурсаў пры вытворчасці шкла. Паводле папярэдніх разлікаў, расход паліва печы будзе амаль у два разы меншы, чым на дзеючых вытворчасцях. З пускам новай лініі магутнасцю 780 т у суткі, айчынныя будаўнічая, машынабудаўнічая і мэблевая галіны будуць у поўным аб'ёме забяспечаны прадукцыяй са шкла вышэйшай якасці, вырастуць экспартныя пастаўкі. Аб'ём выручкі ААТ "Гомельшкло" больш як у чатыры разы перавысіць ўзровень 2008 года. Новую прадукцыю плануецца пастаўляць як у краіны СНД, так і ў Еўропу.

У час наведвання біягазавага комплексу ААТ "Гомельская птушкафабрыка" Прэм'ер-міністр Беларусі паведаміў, што замежныя інвестары зацікаўлены ў фінансаванні будаўніцтва ў Беларусі біягазавых установак.

У прыватнасці адна з нямецкіх фірм гатова штогод укладаць у стварэнне біягазавых комплексаў у Беларусі ад 30 млн. да 35 млн. еўра, за кошт якіх можна пабудаваць 8-9 такіх комплексаў.

Аб'ёмы будаўніцтва ў Беларусі біягазавых комплексаў устаноўлены рэспубліканскай праграмай энергазберажэння на 2006-2010 гады і планамі дзяржпраграмы інавацыйнага развіцця ў Беларусі на 2007-2010 гады. Гэтымі дакументамі прадугледжана будаўніцтва ў рэспубліцы да 2011 года 10 біягазавых комплексаў. У 2008 годзе ўведзены ў эксплуатацыю першыя два такія аб'екты: на племптушказаводзе "Беларускі" магутнасцю 340 кВт (першая чарга) і ў селекцыйна-гібрыдным цэнтры "Заходні" Брэсцкага раёна магутнасцю 520 кВт. У 2009 годзе ў строй ўведзены біягазавы комплекс магутнасцю 330 кВт на Гомельскай птушкафабрыцы.

Як паведаміў журналістам кіраўнік Урада, у Беларусі будзе створана ўласная вытворчасць біягазавых установак.

"У гэтым годзе мы арганізуем вытворчасць такіх установак і тым самым вырашым некалькі пытанняў: імпартазамяшчэння, атрымання таннай энергіі, умацуем энергетычную бяспеку, скароцім уздзеянне на экалогію", - сказаў Сяргей Сідорскі.

Замежныя кампаніі, у тым ліку нямецкія і аўстрыйскія, накіравалі ў Беларусь свае прапановы па ўдзелу ў праектах па выпуску біягазавых установак. "Мяркуецца, што гэтыя інвестпраекты будуць рэалізоўвацца ў нашай краіне ў рамках Кіёцкага пратакола, не напрамую, а праз інвестыцыі", - адзначыў кіраўнік Урада.

Сяргей Сідорскі нагадаў, што да 2011 года ў Беларусі будзе пабудавана 10 біягазавых комплексаў. Пакуль іх у нашай краіне толькі 3. У той жа час, напрыклад, у Германіі штогод уводзіцца больш за 500 такіх комплексаў.

Акрамя таго, у Беларусі плануецца арганізаваць вытворчасць скорасных пасажырскіх паяздоў.

Інтарэс да стварэння такой вытворчасці ўжо сёння праяўляюць розныя замежныя кампаніі. "Ёсць прапановы ад інвестараў развіваць вытворчасць скорасных паяздоў у Беларусі на аснове тых тэхналогій, якія ў нас напрацаваны, а таксама замежных інавацый", - сказаў Прэм'ер-міністр.

Сяргей Сідорскі падкрэсліў неабходнасць развіцця ў Беларусі скорасных пасажырскіх перавозак. "На жаль, сёння паязды па чыгунцы перавозяць нас паміж абласнымі цэнтрамі за 4,5-5 гадзін - гэта шмат, - адзначыў кіраўнік Урада. - У бліжэйшыя 2-3 гады ў краіне будуць прыняты меры па развіццю скорасных пасажырскіх перавозак. У мінулым месяцы Кіраўнік дзяржавы даў даручэнне па развіццю вытворчасці скорасных паяздоў у Асіповічах".

Увага будзе ўдзяляцца і развіццю аўтамагістралей у рэспубліцы. Такія праекты плануецца выконваць з прыцягненнем крэдытных рэсурсаў, у тым ліку кітайскіх. Гэтыя сродкі плануецца накіроўваць на развіццё такіх участкаў аўтадарог, як Гомель - Мінск, Мінск - Гродна і іншых.

Адказваючы на пытанні журналістаў, Прэм'ер-міністр таксама падкрэсліў, што запланаваныя на 2010 год тэмпы росту эканомікі Беларусі абсалютна рэальныя і дасягальныя.

"Мы чакаем паступовага нарошчвання тэмпаў росту эканомікі ад 100 працэнтаў да прагнозных 111-113 працэнтаў у 2010 годзе", - сказаў Сяргей Сідорскі. "Мы пралічылі эканоміку з улікам росту ВУП на 11-13 працэнтаў", - дадаў ён.

Урад таксама падлічыў далейшае развіццё валаўтваральных прадпрыемстваў краіны. "Мы зрабілі ўсё, каб аказаць падтрымку такім прадпрыемствам на ўнутраным і знешніх рынках у розных формах, з тым, каб збалансаваць іх вытворчыя паказчыкі", - сказаў Прэм'ер-міністр.

Ён звярнуў увагу, што збалансаваць эканоміку краіны немагчыма без знешніх інвестыцый. У 2010 годзе ў Беларусь плануецца прыцягнуць $2,7 млрд. прамых замежных інвестыцый.

Аналізуючы работу галін эканомікі ў гэтым годзе, Сяргей Сідорскі паведаміў, што аб'ём прамвытворчасці ў нафтаперапрацоўчым і нафтахімічным комплексах краіны ў студзені 2010 года знізіўся на 8 працэнтаў у параўнанні са студзенем 2009 года. Гэта было абумоўлена ў першую чаргу змяненнямі ўмоў паставак нафты з Расіі ў Беларусь. "Гэтыя змяненні збілі тэмпы росту ў названай галіне. Чакаецца, што ў студзені аб'ём вытворчасці будзе на ўзроўні 92 працэнтаў", - сказаў Прэм'ер-міністр. Пры гэтым ён адзначыў, што Урад Беларусі прапаноўваў расійскаму боку вырашыць усе пытанні па пастаўках нафты на працягу першага паўгоддзя гэтага года. "Аднак расійскі бок настаяў, каб гэта пытанне было разгледжана ў пачатку студзеня", - дадаў Сяргей Сідорскі.

Ён нагадаў, што Беларусь і Расія 27 студзеня падпісалі пратакол да пагаднення 2007 года, якое вызначае напрамкі далейшага развіцця гандлёва-эканамічных адносін дзвюх краін па пастаўках і перапрацоўцы нафты на 2010 год. "Згодна з дасягнутымі дамоўленасцямі для ўнутранага спажывання Беларусь атрымае бяспошлінна 6,3 млн. т расійскай нафты, гэтыя аб'ёмы поўнасцю забяспечаць патрэбнасці беларускага рынку", - падкрэсліў кіраўнік Урада. Пры гэтым ён адзначыў, што з расійскім бокам дасягнута дамоўленасць, што астатняя нафта будзе паступаць у Беларусь з пошлінамі 100 працэнтаў, якія дзейнічаюць на тэрыторыі Расійскай Федэрацыі на перыяд да ўвядзення адзінай мытнай тэрыторыі ў рамках Мытнага саюза Беларусі, Расіі, Казахстана. "З 1 студзеня гэтага года ў нас дзейнічае адзіны мытны тарыф, з 1 ліпеня 2010 года будзе адзіная мытная тэрыторыя, а да 2012 года мы павінны выйсці на адзіную эканамічную прастору, - нагадаў Сяргей Сідорскі. - Другі і трэці крокі маюць на ўвазе новыя варыянты супрацоўніцтва ў паліўна-энергетычнай сферы. Яны павінны быць адлюстраваны ў новай праграме супрацоўніцтва Беларусі і Расіі ў паліўна-энергетычнай сферы".

Адпаведны дакумент і прапановы беларускага боку ўзгадняюцца з расійскімі калегамі. Плануецца, што праект праграмы будзе вынесены на разгляд у ходзе сустрэчы Прэм'ер-міністра Беларусі Сяргея Сідорскага са Старшынёй Урада Расіі Уладзімірам Пуціным 16 сакавіка ў Брэсце.

Каменціруючы новыя ўмовы патавак расійскай нафты, кіраўнік Урада падкрэсліў, што значнага змянення ў сувязі з гэтым цэн на нафтапрадукты на ўнутраным рынку Беларусі ў бліжэйшы час не плануецца.

"Ніякіх істотных змяненняў для аўтаперавозчыкаў, для насельніцтва не плануецца, значных ваганняў цэн на нафтапрадукты не будзе, - сказаў Сяргей Сідорскі. - Мы зробім усё, каб насельніцтва і тыя, хто за рулём, апынуліся ў дастаткова камфортных умовах".

Кіраўнік Урада дадаў, што эканоміка Беларусі забяспечвае канкурэнтаздольнасць нафтапрадуктаў не толькі ўнутры краіны, але і ў параўнанні з сумежнымі дзяржавамі. Так, напрыклад, літр дызпаліва ў Беларусі каштуе 78-79 цэнтаў, ва Украіне цана гэтай прадукцыі за літр складае 84 цэнты, а ў Літве, Латвіі і Польшчы - 1,33-1,39 долара. У Расіі цана ніжэйшая, што тлумачыцца як наяўнасцю ўласных нафтавых рэсурсаў, так і шэрагам іншых аб'ектыўных фактараў.

Такая ж сітуацыя і па бензіну. Калі ў Беларусі літр бензіну АІ-92 каштуе 0,96-0,98 цэнта, то ў Літве, Польшчы, Латвіі - каля паўтара долара. "Мы робім усё, каб цэны на беларускіх запраўках былі канкурэнтаздольнымі і ў той жа час прывабнымі для спажыўцоў", - рэзюмаваў Прэм'ер-міністр.

Ён таксама паведаміў, што Беларусь у бліжэйшы час адменіць экспартныя пошліны на нафтапрадукты.

"Улічваючы, што пошліны на нафту складаюць 100 працэнтаў, у бліжэйшы час экспартныя пошліны на нафтапрадукты на знешнім перыметры Беларусі мы абнулім", - сказаў Сяргей Сідорскі.

Кіраўнік Урада нагадаў, што ў адпаведнасці з дамоўленасцямі з расійскім бокам Беларусь атрымае 6,3 млн. т нафты бяспошлінна. За кошт гэтага аб'ёму будуць у першую чаргу загружаны нафтаперапрацоўчыя заводы, "Беларуснафта" і Беларуская нафтавая кампанія. Яны будуць асноўнымі аператарамі па закупцы, перапрацоўцы нафты і пастаўках нафтапрадуктаў на ўнутраны рынак.

Гаворачы аб супрацоўніцтве Беларусі з нафтавымі кампаніямі Расіі, Прэм'ер-міністр адзначыў, што наша краіна зацікаўлена ў развіцці гэтага партнёрства. "Мы зацікаўлены, каб расійскія кампаніі працавалі на беларускім рынку, - сказаў ён. - І зробім усё для таго, каб дзейнічала пагадненне, якое падпісалі ў Маскве". Прэм'ер-міністр растлумачыў, што згодна з пагадненнем расійскія і беларускія кампаніі будуць мець права завезці нафту са 100-працэнтнай пошлінай на беларускі рынак, перапрацаваць яе на нафтаперапрацоўчых прадпрыемствах рэспублікі і вывезці нафтапрадукты назад у Расію. У гэтай сітуацыі Сяргей Сідорскі адзначыў неабходнасць пралічыць эканоміку названага механізма. "Тут магчыма некаторае мікшыраванне пры перапрацоўцы, бо акрамя бензіну, дызпаліва, мы маем і іншыя кампаненты хіміі. Трэба знайсці магчымасць, якая дасць бізнесу дадатковы даход у названай сферы", - адзначыў ён. Пры гэтым усе даходы давальніцкага рэжыму будуць пералічацца ў бюджэт Расіі. "Такія гарантыі мы далі", - дадаў Прэм'ер-міністр.

Беларускі бок таксама прапанаваў расійскім калегам, каб "Раснафта" і "Газпрамнафта" разгледзелі перспектывы работы на беларускім рынку. Яны маглі б зарэгістраваць сваю даччыную кампанію ў Беларусі ў адпаведнасці з нацыянальным заканадаўствам і весці празрыстую перапрацоўку нафты, якая паступае з Расіі са 100-працэнтнай пошлінай з далейшай пастаўкай нафтапрадуктаў у Расію, удакладніў Сяргей Сідорскі.

Паводле інфармацыі Прэм'ер-міністра Беларусі, Прэзідэнт Расіі даручыў правесці разлікі па выказанай беларускім бокам прапанове. "Думаю, што ў бліжэйшы час мы атрымаем адказ, галоўнае, каб беларускія і расійскія кампаніі працавалі празрыста", - адзначыў кіраўнік Урада.

Сяргей Сідорскі таксама адзначыў, што Беларусь зацікаўлена ў прыватызацыі комплексу "Нафтан-Палімір".

"Мы зацікаўлены ў тым, каб "Нафтан-Палімір" разглядаўся як комплекс", - сказаў Прэм'ер-міністр. Ён падкрэсліў, што Урад Беларусі ніколі і нікому не забараняў весці перагаворы па прыватызацыі беларускіх прадпрыемстваў. "Гаворачы аб прыватызацыі, мы заўсёды мелі пакет тых рашэнняў, якія павінны быць прыняты да прыватызацыі і выкананы інвестарам, які хоча працаваць на нашых прадпрыемствах пасля прыватызацыі", - сказаў Сяргей Сідорскі.

Прэм'ер-міністр дадаў, што пытанні па ўдзелу расійскіх кампаній у прыватызацыі комплексу "Нафтан-Палімір" адлюстраваны ў новай праграме супрацоўніцтва Беларусі і Расіі ў паліўна-энергетычнай сферы. "Гэтыя пытанні цікавяць абодва бакі. Цяпер прыкладаюцца ўсе намаганні, каб зацвердзіць доўгатэрміновую сумесную стратэгію дзвюх краін у паліўна-энергетычнай сферы, зацвердзіць і прадставіць яе на разгляд Вышэйшага дзяржсавета Саюзнай дзяржавы.

Адказваючы на пытанні журналістаў, Прэм'ер-міністр таксама паведаміў, што Беларусь разлічвае на дасягненне дамоўленасцей з ААТ "Газпрам" аб захаванні ў 2010 годзе мінулагодніх цэн на газ.

"Мы разлічваем на гэта з улікам накіраваных расійскай кампаніі інвестпраектаў, - сказаў Сяргей Сідорскі. - Калі наша прапанова зацікавіць "Газпрам", то цана на газ захаваецца на ўзроўні мінулага года". Беларусь падрыхтавала названыя прапановы ў адпаведнасці з даручэннямі прэзідэнтаў дзвюх краін на пасяджэнні Вышэйшага Дзяржсавета ў снежні мінулага года. Цяпер Беларусь чакае ад расійскага боку адказу.

Прэм'ер-міністр адзначыў, што цяпер газ у Беларусь паступае бесперабойна, беларускі бок забяспечваў безумоўную аплату газу ў 2009 годзе і прадоўжыць стабільна аплачваць яго ў гэтым годзе. "Думаю, што на працягу студзеня мы вызначымся з "Газпрамам", як будзем аплачваць газ у 2010 годзе", - дадаў ён.

Паводле слоў кіраўніка беларускага Урада, "Газпрам" прытрымліваецца першапачатковых умоў кантракта, якія прадугледжваюць прадастаўленне Беларусі ў гэтым годзе паніжаючага каэфіцыента да сярэднееўрапейскай цаны на газ 0,9 супраць 0,7 у 2009 годзе. "З улікам падзення цэн на газ на спотавых рынках мы лічым магчымым прымяненне ў 2010 годзе каэфіцыента 0,75", - сказаў ён.

Пры гэтым Сяргей Сідорскі ўдакладніў, што штогадовае павышэнне паніжаючага каэфіцыента да цаны на газ для Беларусі прадугледжана дагаворам з "Газпрамам" аб пастаўках газу. "Калі мы стваралі СП, планавалі развіццё ў газавай сферы. У лютым гэтага года пасля правядзення чарговага плацяжу ў $625 млн. доля "Газпрама" ў "Белтрансгазе" вырасце да 50 працэнтаў", - адзначыў кіраўнік Урада.

Сяргей Сідорскі таксама паведаміў, што Беларусь плануе падпісаць з Расіяй пакет дакументаў па будаўніцтву АЭС не пазней за чэрвень гэтага года.

"Пакуль рабочыя групы актыўна працуюць над гэтым пытаннем, думаю, што мы выйдзем на падпісанне пакетнага пагаднення, якое будзе задавольваць і беларускі, і расійскі бакі, у тым ліку па крэдытнаму пытанню", - сказаў Сяргей Сідорскі.

Ён нагадаў, што рашэнне аб будаўніцтве АЭС у Беларусі прынята. "Мы пачалі будаўніцтва сацыяльнай інфраструктуры і цяпер, з 2010 года, павінны правесці работу па стварэнню вытворчай інфраструктуры", - сказаў Прэм'ер-міністр Беларусі.

ВЫДАННІ САВЕТА МІНІСТРАЎ РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ
  Газета 'Рэспублiка'

Газета 'Беларуская Ніва'

Часопіс 'Эканоміка Беларусі'

Газета 'Звязда'
 
ІНТЭРНЭТ-РЭСУРСЫ
  Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь

BELARUS.BY

Нацыянальны прававы Інтэрнэт-партал Рэспублікі Беларусь

TNPA.BY
 
© 2005-2009 Апарат Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь
Пры выкарыстанні інфармацыі спасылка на друкаваную крыніцу з`яўляецца абавязковай
Інфармацыйная падтрымка УП "Беларускае тэлеграфнае агенцтва"
 
 
НАВІНЫ rss
Польшча хацела б стаць варотамі для беларускага сельгасэкспарту ў ЕС

Польшча хацела б стаць варотамі для беларускага сельгасэкспарту ў ЕС. Аб гэтым заявіў 6 сакавіка ў Мінску Міністр сельскай гаспадаркі і развіцця вёскі Польшчы Марак Савіцкі ў ходзе сустрэчы кіраўнікоў аграрных ведамстваў Латвіі, Літвы і Польшчы з Прэм'ер-міністрам Беларусі Сяргеем Сідорскім.

Каб мытны саюз Беларусі, Расіі і Казахстана адбыўся, неабходна выконваць першапачатковыя дамоўленасці

Каб мытны саюз Беларусі, Расіі і Казахстана адбыўся, вельмі важна, каб былі выкананы ўсе дамоўленасці, дасягнутыя пры яго стварэнні. Аб гэтым заявіў Намеснік Прэм'ер-міністра Беларусі Андрэй Кабякоў, выступаючы 5 сакавіка ў Маскве на Міжнародным эканамічным форуме дзяржаў - удзельніц СНД.

I.Бамбіза адзначае неабходнасць павышэння прадукцыйнасці раслінаводства і жывёлагадоўлі ў Беларусі.

У Беларусі неабходна павышаць прадукцыйнасць раслінаводства і жывёлагадоўлі. Аб гэтым заявіў сёння намеснік прэм'ер-міністра Беларусі Іван Бамбіза на семінары-нарадзе па актывізацыі выкарыстання генетычнай навукі і ўзмацненню ўзаемадзеяння вучоных-генетыў і селекцыянераў-аграрнікаў.

 
А.Кабякоў прыняў удзел у сустрэчы сустаршынь саветаў па супрацоўніцтву краін-суседак у Калінінградзе

Чатырохбаковая сустрэча сустаршынь Саветаў па доўгатэрміноваму супрацоўніцтву рэгіёнаў краін-суседак адбылася сёння ў Калінінградзе. У ёй прынялі ўдзел віцэ-прэм'ер Беларусі Андрэй Кабякоў, намеснік міністра ўнутраных спраў Польшчы Пётр Стаханьчык, віцэ-міністр замежных спраў Літвы Эвалдас Ігнатавічус і губернатар Калінінградскай вобласці Георгій Баос.

Інвестыцый у асноўны капітал малых і сярэдніх гарадскіх паселішчаў склалі Br5,9 трлн

Амаль Br378 млрд. бюджэтных сродкаў накіравана ў 2009 годзе на фінансаванне мерапрыемстваў Дзяржаўнай комплекснай праграмы развіцця рэгіёнаў, малых і сярэдніх гарадскіх паселішчаў. Аб гэтым паведаміў 2 сакавіка на пасяджэнні Прэзідыума Саўміна міністр эканомікі Беларусі Мікалай Снапкоў.

АРХІЎ НАВІН
ПОШУК