РАБОЧАЯ ПАЕЗДКА Ў МАГІЛЁЎСКУЮ ВОБЛАСЦЬ
З 1 студзеня 2008 года беларускія газеты будуць выходзіць на айчыннай паперы
З 1 студзеня 2008 года беларускія газеты будуць выходзіць на айчыннай паперы. Сёння з ходам будаўнічых работ на РУП "Завод газетнай паперы" ў Шклове азнаёміўся Прэм'ер-міністр Беларусі Сяргей Сідорскі.
На заводзе ўжо ўстаноўлена амаль 100 працэнтаў асноўнага тэхналагічнага абсталявання, вядуцца пуска-наладачныя работы яго механічнай часткі і сістэмы электроннага кіравання, расказаў журналістам старшыня канцэрна "Беллеспаперапрам" Уладзімір Шульга. З 1 снежня плануецца пачаць вытворчасць першай прадукцыі па так званай кароткай схеме. Гэта значыць, неабходна будзе адпрацаваць у найкарацейшыя тэрміны тэхналогію і ўжо з сярэдзіны снежня пачаць выпуск газетнай паперы з тэрмамеханічнай масы. З гэтай мэтай сёння дадзены даручэнні да 1 снежня завяршыць будаўніцтва ачышчальных збудаванняў і завода тэрмамеханічнай масы, каб завяршыць увесь тэхналагічны ланцужок вытворчасці газетнай паперы.
Усе астатнія стратэгічныя задачы на сёння вырашаны, адзначыў Уладзімір Шульга. Пры гэтым ён дадаў, што фінансаванне і будаўніцтва вядзецца стабільна і без затрымак. На сённяшні дзень таксама ўведзены ў строй 60-кватэрны жылы дом для спецыялістаў завода, а праз тыдзень плануецца здаць у эксплуатацыю заводскую сталовую.
На мадэрнізацыю папяровай фабрыкі "Спартак" будзе накіравана $30 млн.
На мадэрнізацыю ААТ "Папяровая фабрыка "Спартак" будзе накіравана $30 млн. Аб гэтым паведаміў журналістам старшыня канцэрна "Беллеспаперапрам" Уладзімір Шульга па выніках разгляду выканання бізнес-плана развіцця прадпрыемства. Сёння фабрыку наведвае Прэм'ер-міністр Беларусі Сяргей Сідорскі.
Паводле слоў Уладзіміра Шульгі, гэта будуць крэдыты банкаў, сродкі інавацыйнага фонду Мінэнерга, а таксама ўласныя рэсурсы прадпрыемства. Плануецца набыць сучасны гафраагрэгат і лінію па перапрацоўцы гафрыраванага кардону ў гафраскрыні, а таксама новую папераробную машыну для выпуску санітарна-гігіенічнай паперы магутнасцю 50 т за суткі. Устаноўка абсталявання дасць магчымасць значна павысіць якасць выпускаемай прадукцыі, павялічыць аб'ём вытворчасці гафракардону ў 2 разы, туалетнай паперы амаль у 4 разы і значна знізіць энергазатраты.
Акрамя таго, плануецца зманціраваць дзве газапоршневыя ўстаноўкі магутнасцю 2 МВт кожная. Гэта дасць магчымасць поўнасцю забяспечыць тэхналагічны працэс цяплом і электраэнергіяй уласнай вытворчасці.
Да канца бягучага года намечана завяршыць падрыхтоўку ўсёй неабходнай дакументацыі для рэалізацыі інвестпраекта, у 2008 годзе пачаць закупку і мантаж імпартнага абсталявання, а ў першай палавіне 2009-га ажыццявіць яго запуск.
Цяпер папяровая фабрыка "Спартак" вырабляе штомесяц каля 2,5 млн.кв.м гафрыраванага кардону, 1,9 тыс.т паперы для гафрыравання, 200 т туалетнай паперы. Тут таксама выпускаецца папера для ніжняга слоя шпалераў і абгортачная. Больш як 40 працэнтаў прадукцыі экспартуецца ў асноўным у Расію і іншыя краіны СНД.
Магілёўскі вагонабудаўнічы завод на працягу двух гадоў выйдзе на вытворчасць 1100 вагонаў у год
СЗАТ "Магілёўскі вагонабудаўнічы завод" на працягу двух бліжэйшых гадоў павялічыць магутнасці вытворчасці да 1100 вагонаў у год. Аб гэтым паведаміў сёння журналістам па выніках наведвання і азнаямлення з работай і перспектывамі развіцця прадпрыемства Прэм'ер-міністр Беларусі Сяргей Сідорскі, які з рабочай паездкай знаходзіўся ў Магілёўскай вобласці.
Пры гэтым ён адзначыў, што ў Беларусі ствараецца новая галіна машынабудавання, якая паэтапна і мэтанакіравана развіваецца. Самае галоўнае на першым этапе выканана - асвоена вытворчасць аснасткі па ўсіх тэхналагічных цыклах вырабу мінералавоза і паўвагона. Пакуль прадпрыемства працуе па аснастцы імпартных камплектаў, але згодна з перспектыўным планам развіцця прадугледжана ўжо праз два гады выпускаць каля 50-60 працэнтаў камплектуючых, для чаго плануецца мадэрнізаваць існуючую вытворчасць, стварыць сучасныя ўчасткі фарбавання, рэзкі металу, асвоіць складанае ліццё. Для ўсяго гэтага трэба будзе прыцягнуць каля $35 млн. інвестыцый.
Паўвагоны і мінералавозы сёння запатрабаваны на рынку, і ў прадпрыемства ёсць добрыя прапановы на перспектыву асвоіць выпуск цыстэрнаў і спецыяльных вагонаў. Пасля выхаду ў 2009 годзе завода на поўную магутнасць будзе поўнасцю закрыта патрэбнасць Беларусі ў названай прадукцыі, а таксама завод зможа працаваць на экспарт, падкрэсліў прэм'ер-міністр.
СЗАТ "Магілёўскі вагонабудаўнічы завод" зарэгістравана ў сакавіку 2005 года. Яго заснавальнікі: з беларускага боку РУП "БелАЗ" (60 працэнтаў акцый) і прыватны расійскі капітал (40 працэнтаў).
| |
© 2005-2008 Апарат Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь
Пры выкарыстанні інфармацыі спасылка на друкаваную крыніцу з`яўляецца абавязковай
Інфармацыйная падтрымка УП "Беларускае тэлеграфнае агенцтва"
|
|
|