ПАСЯДЖЭННЕ САВЕТА ДЗЕЛАВОГА СУПРАЦОЎНІЦТА БЕЛАРУСІ І МАСКВЫ
Тавараабарот Беларусі і Масквы ў 2007 годзе можа быць павялічаны ў 1,5 раза - С.Сідорскі
Больш за 40 прадпрыемстваў Беларусі прымае ўдзел у выстаўцы-прэзентацыі "Беларуская якасць-2007", якая была адкрыта 20 лістапада ў Маскве.
Як адзначыў Прэм'ер-міністр Беларусі Сяргей Сідорскі на цырымоніі адкрыцця экспазіцыі, "сёння ў нашай краіне жадаючых працаваць з Масквой многа". Паводле яго слоў, у расійскую сталіцу пастаўляецца беларуская прадукцыя высокай якасці, якая пацверджана не толькі беларускімі і расійскімі, але і еўрапейскімі сертыфікатамі.
На выстаўцы прадстаўлены ўзоры прадукцыі вытворцаў практычна з усіх абласцей Беларусі, з якімі супрацоўнічае Масква. Гэта прадпрыемствы самага рознага профілю: ад мясакамбінатаў і лікёра-гарэлачных заводаў да вытворцаў дываноў, абутку, тэлевізійнай і медыцынскай тэхнікі. Таксама можна азнаёміцца з вялікім асартыментам тавараў для моладзі.
Сёння таксама адбылася сустрэча Прэм'ер-міністра Беларусі Сяргея Сідорскага з мэрам расійскай сталіцы Юрыем Лужковым, на якой былі абмеркаваны напрамкі супрацоўніцтва ў 2008 годзе і на перспектыву.
Тавараабарот Беларусі і Масквы па выніках 2007 года павялічыцца на 17 працэнтаў
Тавараабарот Беларусі і Масквы па выніках 2007 года вырастае на 17 працэнтаў. Такі прагноз зрабіў мэр расійскай сталіцы Юрый Лужкоў, выступаючы сёння ў Маскве на цырымоніі адкрыцця выстаўкі "Беларуская якасць-2007".
Маскоўскі гораданачальнік нагадаў, што ў мінулым годзе аб'ём узаемнага гандлю склаў амаль $7 млрд. "Мы маем вялікі тавараабарот з Беларуссю, ён пастаянна расце", - падкрэсліў Юрый Лужкоў. Пры гэтым ён адзначыў важнасць таго, каб гэты рост адбываўся не толькі ў грашовым выражэнні, але і ў натуральным аб'ёме. "Гэту задачу мы будзем адсочваць з Сяргеем Сяргеевічам Сідорскім", - паабяцаў маскоўскі мэр.
Юрый Лужкоў адзначыў, што ў свой час Беларусь зрабіла акцэнт на развіццё супрацоўніцтва з расійскімі рэгіёнамі. "У Беларусі сёння добрае ўзаемадзеянне і з расійскім федэральным узроўнем, але пры гэтым той напрамак, які аказаў выключна станоўчы ўплыў на развіццё вытворчасці і забеспячэнне насельніцтва таварамі, і цяпер з'яўляецца ў вышэйшай ступені важным", - заявіў мэр Масквы.
Беларускія тавары маюць высокую канкурэнтаздольнасць на маскоўскім рынку - Ю.Лужкоў
Беларускія тавары маюць высокую канкурэнтаздольнасць на маскоўскім рынку. Аб гэтым заявіў сёння мэр расійскай сталіцы Юрый Лужкоў у Маскве на цырымоніі адкрыцця выстаўкі "Беларуская якасць-2007".
Ён адзначыў, што для масквічоў важным паказчыкам пры выбары тавару з'яўляецца яго якасць. "У беларускіх таварах якасць адзначана не толькі рознымі сертыфікатамі, за іх галасуюць масквічы, мы бачым значную канкурэнтаздольнасць беларускіх тавараў на маскоўскім рынку", - заявіў Юрый Лужкоў.
Сёння на перагаворах з Прэм'ер-міністрам Беларусі Сяргеем Сідорскім была дасягнута дамоўленасць аб тым, каб беларускі бок паказаў у Маскве не толькі асартымент сваіх тавараў. "Трэба заваёўваць рынак, пераходзіць ад рознічнага ўзаемадзеяння да аптовага звяна, - адзначыў Юрый Лужкоў. - З гэтай мэтай у Маскве ствараецца буйны аптовы цэнтр, які будзе прызначаны для беларускіх тавараў". Паводле слоў мэра Масквы, гэта дасць магчымасць істотна павялічыць аб'ём таварнага ўзаемадзеяння.
Тавараабарот Беларусі і Масквы ў 2007 годзе ў параўнанні з 2006-м можа быць павялічаны ў 1,5 раза. Аб гэтым заявіў сёння Прэм'ер-міністр Беларусі Сяргей Сідорскі на адкрыцці ў расійскай сталіцы 12-га пасяджэння Савета дзелавога супрацоўніцтва Беларусі і Масквы.
У студзені - верасні 2007 года аб'ём узаемнага тавараабароту паміж Беларуссю і Масквой склаў $3039,7 млн. і павялічыўся ў параўнанні са студзенем - вераснем 2006 года на 15,7 працэнта (на $413 млн.). Доля Масквы склала за мінулы перыяд 15,3 працэнта тавараабароту з Расійскай Федэрацыяй. Пры гэтым экспарт дасягнуў $1947,9 млн. і павялічыўся на 16,9 працэнта (на $282 млн.), імпарт - $1091,9 млн., павялічыўся на 13,7 працэнта (на $131 млн.). Сальда знешняга гандлю склалася дадатнае ў памеры $856 млн.
Як адзначыў Сяргей Сідорскі, у многім павелічэнню аб'ёмаў паставак і пашырэнню асартыменту як беларускіх тавараў на маскоўскім рынку, так і маскоўскіх на беларускім садзейнічаюць створаная тавараправодная сетка, правядзенне розных выставак, кірмашоў у расійскай сталіцы і ў Беларусі. Пры гэтым ён звярнуў увагу на тое, што ў гэтым годзе пакуль не ўдалося аднавіць мінулагоднія тэмпы паставак беларускіх харчовых тавараў на маскоўскі рынак.
Прычынай такога адставання Прэм'ер-міністр назваў зацягванне Рассельгаснаглядам атэстацыі мяса-малочных прадпрыемстваў Беларусі. На гэты час усе беларускія прадпрыемствы прайшлі такую атэстацыю. Сяргей Сідорскі выказаў надзею, што ў перспектыве тэмпы росту экспарту беларускіх прадуктаў харчавання ў Маскву будуць павялічаны.
Паводле яго слоў, ужо ўзгоднены аб'ёмы паставак беларускіх харчовых тавараў, а таксама будаўнічых матэрыялаў у Маскву на 2008 год.
Расійскае ЗАТ "Кампанія "Нутрытэк" прапануе інвесціраваць $25 млн. у мадэрнізацыю Ваўкавыскага ААТ "Беллакт"
Расійскае ЗАТ "Кампанія "Нутрытэк", з работай якога сёння азнаёміўся Прэм'ер-міністр Беларусі Сяргей Сідорскі, прапануе інвесціраваць $25 млн. у мадэрнізацыю Ваўкавыскага ААТ "Беллакт". Аб гэтым паведаміў сёння журналістам старшыня савета дырэктараў групы "Нутрытэк" Георгій Сажанаў.
"Мы хацелі б паўдзельнічаць у інвестыцыйнай праграме па мадэрнізацыі завода па вытворчасці дзіцячага харчавання ў Ваўкавыску. Хацелася б, каб гэта была структурная адзінка нашай кампаніі", - адзначыў ён. Тлумачачы прычыну выбару менавіта беларускага завода для інвесціравання ў названы праект, старшыня савета дырэктараў групы "Нутрытэк" падкрэсліў: "Мы добра ведаем гэты завод, а таксама задаволены якасцю беларускай сыравіны, з якой ён працуе".
Расійская кампанія гатова інвесціраваць у праект $25 млн. Акрамя таго, на беларускім прадпрыемстве будуць выкарыстоўвацца ўсе сучасныя тэхналагічныя распрацоўкі расійскай кампаніі.
Георгій Сажанаў сказаў таксама, што ў Беларусі кампанія магла б стварыць лінію па вытворчасці дзіцячых каш, спецыяльных прадуктаў вадкага пастападобнага дзіцячага харчавання. Плануецца, што выпускаемая прадукцыя ў асноўным будзе пастаўляцца на рынак Паўднёва-Усходняй Азіі.
Паводле яго слоў, ЗАТ "Кампанія "Нутрытэк" гатова рэалізаваць такі праект за год.
ЗАТ "Кампанія "Нутрытэк" з'яўляецца адзіным вытворцам поўнай лінейкі прадуктаў дзіцячага харчавання ў Расіі, што ўключае заменнік груднога малака. У чэрвені 2002 года быў уведзены ў эксплуатацыю першы ў Расіі завод па вытворчасці дзіцячага, лячэбнага і спецыяльнага харчавання ў горадзе Істра Маскоўскай вобласці. З 2006 года завод прайшоў сертыфікацыйны аўдыт па ISO 9001:2000. Тут шырока выкарыстоўваюцца самыя сучасныя метады глыбокай перапрацоўкі, ачысткі і фракцыяніравання малочнай сыравіны. Завод аснашчаны прадукцыйнымі ўстаноўкамі для ультрафільтрацыі, нанафільтрацыі і адваротнага осмасу. Акрамя таго, шырока прымяняюцца метады электрадыялізу і адсарбцыйнай храматаграфіі.
| |
© 2005-2008 Апарат Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь
Пры выкарыстанні інфармацыі спасылка на друкаваную крыніцу з`яўляецца абавязковай
Інфармацыйная падтрымка УП "Беларускае тэлеграфнае агенцтва"
|
|
|