ПАСЯДЖЭННЕ САВЕТА МІНІСТРАЎ САЮЗНАЙ ДЗЯРЖАВЫ
С.Сідорскі ахарактарызаваў 2007 год як плённы для саюзнага будаўніцтва
Прэм'ер-міністр Беларусі Сяргей Сідорскі сёння ў Маскве на пасяджэнні Савета Міністраў Саюзнай дзяржавы ахарактарызаваў гэты год як плённы для саюзнага будаўніцтва.
"Мы змаглі ў 2007 годзе падтрымаць і ў многім развіць дадатную дынаміку будаўніцтва Саюзнай дзяржавы, - сказаў ён. - Нам удалося вырашыць шэраг актуальных пытанняў, зняць значную частку існуючых праблем ва ўзаемным гандлі".
Сяргей Сідорскі адзначыў, што праведзены нядаўна афіцыйны візіт Прэзідэнта Расіі Уладзіміра Пуціна ў Беларусь і пасяджэнне Вышэйшага Дзяржсавета Саюзнай дзяржавы пацвердзілі стратэгічны характар інтэграцыйных працэсаў паміж дзвюма краінамі.
Беларускі Прэм'ер падкрэсліў: паміж Беларуссю і Расіяй актыўна развіваецца міжрэгіянальнае супрацоўніцтва, што ў многім садзейнічала дасягненню ў бягучым годзе рэкорднага аб'ёму беларуска-расійскага тавараабароту ў памеры $23-24 млрд.
Паводле слоў Сяргея Сідорскага, ёсць станоўчыя зрухі ў сферы забеспячэння роўных правоў грамадзян Беларусі і Расіі. Ужо ўступілі ў сілу дамоўленасці аб супрацоўніцтве ў галіне сацзабеспячэння, сферы падаткаабкладання. Ён выказаў надзею, што ў бліжэйшы час Расія завершыць неабходныя працэдуры па пагадненнях аб аказанні медыцынскай дапамогі і забеспячэнні роўных правоў на свабоду перамяшчэння.
Расія пералічыць выдзеленыя Беларусі крэдытныя сродкі сёння на працягу дня - В.Зубкоў
Расія пералічыць выдзеленыя Беларусі крэдытныя сродкі на працягу сённяшняга дня. Аб гэтым паведаміў Прэм'ер-міністр Расіі Віктар Зубкоў у ходзе сустрэчы сёння ў Маскве з Прэм'ер-міністрам Беларусі Сяргеем Сідорскім, якая адбылася перад пасяджэннем Савета Міністраў Саюзнай дзяржавы.
Прынятыя Расіяй рашэнні аб выдзяленні Беларусі крэдыту ў памеры $1,5 млрд. Віктар Зубкоў ахарактарызаваў як пераканаўчы доказ імкнення выканаць усе палажэнні мемарандума, падпісанага Прэзідэнтамі Беларусі і Расіі на нядаўняй сустрэчы ў Мінску. Расійскі бок безадкладна пачаў рэалізацыю дасягнутых Прэзідэнтамі дзвюх краін дамоўленасцей.
На думку Віктара Зубкова, афіцыйны візіт Уладзіміра Пуціна ў Мінск меў важнейшае значэнне для развіцця беларуска-расійскіх адносін, а прынятыя па яго выніках рашэнні маюць прынцыповы характар.
Расія лічыць недапушчальным эканамічны націск на Беларусь з боку ЗША - В.Зубкоў
Расія лічыць недапушчальным эканамічны націск на Беларусь з боку ЗША. Аб гэтым заявіў Прэм'ер-міністр Расіі Віктар Зубкоў у Маскве пасля пасяджэння Савета Міністраў Саюзнай дзяржавы.
Ён падкрэсліў, што расійскі бок лічыць палітызаваным увядзенне адміністрацыяй ЗША любых эканамічных санкцый у адносінах да Беларусі. "Лічым недапушчальным націск на Беларусь, і мы падтрымліваем рэспубліку ў гэтым пытанні", - заявіў Віктар Зубкоў.
Прэм'ер-міністр Беларусі Сяргей Сідорскі паведаміў журналістам, што сітуацыя, звязаная з санкцыямі ЗША у адносінах да Беларусі, абмяркоўвалася ў ходзе пасяджэння саюзнага Саўміна. "Лічым, што дзеянні з боку ЗША маюць дыскрымінацыйны характар і парушаюць міжнароднае права", - падкрэсліў Сяргей Сідорскі.
Савет Міністраў Саюзнай дзяржавы зацвердзіў паліўна-энергетычны баланс на 2008 год
На пасяджэнні Савета Міністраў Саюзнай дзяржавы, якое адбылося сёння ў Маскве, зацверджаны баланс паліўна-энергетычных рэсурсаў Саюзнай дзяржавы на 2008 год, а таксама прагнозныя балансы попыту і прапанавання па важнейшых відах прадукцыі. Аб гэтым па выніках пасяджэння паведаміў журналістам Прэм'ер-міністр Беларусі Сяргей Сідорскі.
Ён адзначыў, што ў ходзе пасяджэння разглядалася 16 пытанняў і па ўсіх прыняты станоўчыя рашэнні.
У прыватнасці, цяпер ужо ў рамках Саюзнай дзяржавы рэалізуецца каля 40 праграм, падпраграм і мерапрыемстваў. Да іх дабаўлены яшчэ 2 новыя саюзныя праграмы, якія зацверджаны сёння ў ходзе пасяджэння. Яны датычацца супрацоўніцтва ў сферы высокіх тэхналогій.
У сваю чаргу Прэм'ер-міністр Расіі Віктар Зубкоў падкрэсліў, што ў бягучым годзе Беларусь і Расія ўпершыню паказваюць такі высокі эканамічны вынік узаемадзеяння - чаканы тавараабарот складзе $23-24 млрд. "Гэта не проста гандаль, гэта ўзаемная кааперацыя", - сказаў Віктар Зубкоў.
Расійскі Прэм'ер падкрэсліў, што ў ходзе пасяджэння бакі абмяркоўвалі пытанні, звязаныя з фарміраваннем агульнай эканамічнай прасторы і зняццем існуючых ва ўзаемным гандлі бар'ераў. "Істотных рознагалоссяў у Беларусі і Расіі няма", - рэзюмаваў Віктар Зубкоў.
| |
© 2005-2008 Апарат Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь
Пры выкарыстанні інфармацыі спасылка на друкаваную крыніцу з`яўляецца абавязковай
Інфармацыйная падтрымка УП "Беларускае тэлеграфнае агенцтва"
|
|
|