ПАСЯДЖЭННЕ МІЖДЗЯРЖАЎНАГА САВЕТА КІРАЎНІКОЎ УРАДАЎ КРАІН ЕЎРАЗІЙСКАГА ЭКАНАМІЧНАГА СУПОЛЬНІЦТВА
Сёння ў Маскве Прэм'ер-міністр Беларусі Сяргей Сідорскі, Прэм'ер-міністр Расіі Віктар Зубкоў і Прэм'ер-міністр Казахстана Карым Масімаў падпісалі 9 дакументаў.
Падпісаны кіраўнікамі Урадаў пакет дакументаў накіраваны на далейшае фарміраванне дагаворна-прававой базы Мытнага саюза трох краін. Пачатак гэтаму працэсу быў пакладзены Прэзідэнтамі Беларусі, Расіі і Казахстана на саміце ў Душанбе.
Сярод падпісаных кіраўнікамі Урадаў дакументаў - пагадненні аб адзіным мытна-тарыфным рэгуляванні, аб вывазных мытных пошлінах у адносінах да трэціх краін, аб адзіных правілах вызначэння краіны паходжання тавараў, аб адзіных мерах нетарыфнага рэгулявання ў адносінах да трэціх краін, аб прымяненні спецыяльных абаронных, антыдэмпінгавых і кампенсацыйных мер у адносінах да трэціх краін. Пакет дакументаў уключае ў сябе таксама пагадненні аб вызначэнні мытнага кошту тавараў, якія выраблены ў трэціх краінах і перамяшчаюцца праз граніцы Мытнага саюза, аб увядзенні мытнай статыстыкі знешняга гандлю таварамі ў Мытным саюзе. Акрамя таго, прэм'ер-міністры трох краін падпісалі пагадненні аб прынцыпах спагнання ўскосных падаткаў пры экспарце і імпарце тавараў, аказанні работ і паслуг, а таксама аб правядзенні ўзгодненай палітыкі ў галіне тэхнічных рэгламентаў санітарных і фітасанітарных мер.
Беларусь з'яўляецца актыўным і шчырым прыхільнікам найхутчэйшага стварэння поўнамаштабнага Мытнага саюза і адзінай эканамічнай прасторы ў рамках ЕўрАзЭС з прыцягненнем да гэтага працэсу ўсіх дзяржаў - членаў Супольніцтва. Аб гэтым заявіў Прэм'ер-міністр Беларусі Сяргей Сідорскі сёння ў Маскве на пасяджэнні Міждзяржсавета ЕўрАзЭС.
Кіраўнік беларускага Урада падкрэсліў, што інтэграцыйнае ўзаемадзеянне Беларусі ў рамках ЕўрАзЭС і іншых рэгіянальных утварэнняў будзе працаваць на развіццё нацыянальнай эканомікі, дапаможа пераадолець цяжкасці адаптацыі да новых цэн на энерганосьбіты і ўмоў глабальнай канкурэнцыі.
Сярод актуальных задач, якія стаяць перад ЕўрАзЭС, Сяргей Сідорскі назваў строгае выкананне плана дзеянняў па фарміраванню Мытнага саюза, зацверджанага Прэзідэнтамі Беларусі, Расіі і Казахстана, і прыняцце канцэпцый фарміравання адзінай энергетычнай і транспартнай прасторы. Прэм'ер-міністр Беларусі прапанаваў прадставіць абедзве гэтыя канцэпцыі для іх зацвярджэння на наступным пасяджэнні Міждзяржсавета ЕўрАзЭС на ўзроўні кіраўнікоў дзяржаў. "Іх прыняцце адкрые дарогу да падпісання цэлага шэрага важных міжнародных дагавораў, да фарміравання агульнай энергетычнай і транспартнай палітыкі ЕўрАзЭС, - сказаў Сяргей Сідорскі. - Гэта адпавядала б як логіцы нашага інтэграцыйнага супрацоўніцтва, так і рэаліям сучаснага свету з яго актыўнымі працэсамі рэгіяналізацыі".
2007 год для эканомікі Беларусі, як і для іншых дзяржаў ЕўрАзЭС, быў няпросты. Аб гэтым заявіў Прэм'ер-міністр Беларусі Сяргей Сідорскі сёння ў Маскве на пасяджэнні Міждзяржсавета ЕўрАзЭС на ўзроўні Кіраўнікоў урадаў.
Сяргей Сідорскі адзначыў, што свой уплыў на эканамічную сітуацыю ў Беларусі аказалі агульнасусветныя негатыўныя тэндэнцыі, у тым ліку падаражэнне розных відаў закупляемай сыравіны, матэрыялаў і сельскагаспадарчай прадукцыі, а таксама абвастрэнне сітуацыі на валютным рынку. У комплексе гэтыя працэсы трасфармаваліся ў Беларусі ў рост адмоўнага сальда знешняга гандлю таварамі, якое ў 2007 годзе склала $4 млрд.
Рост цэн на энерганосьбіты, новыя ўмовы гандлю выклікалі неабходнасць вырашэння шэрага пытанняў захавання канкурэнтаздольнасці беларускай прадукцыі, падкрэсліў Сяргей Сідорскі. У гэтых умовах асноўны ўпор у Беларусі быў зроблены на інавацыйнае развіццё эканомікі.
У бягучай пяцігодцы ў Беларусі будзе ўведзена ў эксплуатацыю больш як 100 новых прадпрыемстваў і найважнейшых вытворчасцей. Аб гэтым паведаміў сёння на пасяджэнні Міждзяржсавета ЕўрАзЭС Прэм'ер-міністр Беларусі Сяргей Сідорскі.
Паводле яго слоў, будаўніцтва і ўвод у эксплуатацыю такой колькасці прадпрыемстваў прадугледжана прынятай праграмай інавацыйнага развіцця Беларусі. Акрамя таго, запланавана стварыць 386 новых вытворчасцей на дзеючых прадпрыемствах і правесці мадэрнізацыю 609 прамысловых прадпрыемстваў на аснове ўкаранення перадавых тэхналогій.
У 2007 годзе ў Беларусі ўсяго было ўведзена ў эксплуатацыю 166 новых аб'ектаў.
Далейшае развіццё негатыўных тэндэнцый у свеце, перш за ўсё магчымы сусветны фінансавы крызіс, могуць паставіць пад пагрозу асобныя сацыяльныя дасягненні і інавацыйны курс эканамічнага развіцця Беларусі. Аб гэтым заявіў Прэм'ер-міністр Беларусі Сяргей Сідорскі, выступаючы сёння ў Маскве на пасяджэнні Міждзяржаўнага Савета ЕўрАзЭС.
Кіраўнік беларускага Урада адзначыў, што асобныя негатыўныя тэндэнцыі праявіліся ў сусветнай эканоміцы яшчэ ў 2007 годзе. У іх ліку - рост цэн на энерганосьбіты і іншую сыравіну, абвостраная сітуацыя на валютным рынку, павелічэнне кошту сельгаспрадукцыі на сусветным рынку.
Сяргей Сідорскі падкрэсліў, што нягледзячы на складаную сітуацыю, кіраўніцтву Беларусі ўдаецца вырашаць задачы сацыяльнай накіраванасці. Так, рэальныя грашовыя даходы насельніцтва павялічыліся ў 2007 годзе на 15 працэнтаў пры гадавым прагнозе прыросту 7,5-8,5 працэнта. Сярэдняя зарплата ў цэлым па краіне ў канцы 2007 года склала амаль 370 долараў у эквіваленце. У 2007 годзе былі зроблены два пераразлікі працоўных пенсій і чатыры разы павышаліся мінімальныя працоўныя і сацыяльныя пенсіі, а таксама памеры дзяржаўных дапамог на дзяцей.
Прэм'ер-міністр Беларусі Сяргей Сідорскі выказаўся за неабходнасць прыняцця далейшых мер па фарміраванню Саюзнай дзяржавы. Аб гэтым ён заявіў сёння ў Маскве ў час сустрэчы з Прэм'ер-міністрам Расіі Віктарам Зубковым.
Сяргей Сідорскі адзначыў, што далейшаму збліжэнню Беларусі і Расіі будуць садзейнічаць рашэнні, прынятыя кіраўніком беларускай дзяржавы Аляксандрам Лукашэнкам у канцы мінулага года, у прыватнасці, яны далі магчымасць на 95 працэнтаў уніфікаваць мытныя тарыфы, дзеючыя ў Беларусі і Расіі.
Цяпер міністэрствы і ведамствы дзвюх краін, эксперты праводзяць работу па выкананню раней прынятых рашэнняў у рамках Саюзнай дзяржавы. У бліжэйшай перспектыве павінны быць вырашаны задачы, што датычацца будаўніцтва Саюза Беларусі і Расіі, падкрэсліў Сяргей Сідорскі.
Пасяджэнне Савета Міністраў Саюзнай дзяржавы пройдзе 21 сакавіка ў Мінску. Такую дату назваў Старшыня расійскага Урада Віктар Зубкоў у ходзе праведзенай сёння сустрэчы з Прэм'ер-міністрам Беларусі Сяргеем Сідорскім.
Паводле слоў Віктара Зубкова, папярэдні парадак дня ўключае больш за 20 пытанняў. Ён прапанаваў у час, што застаўся да саюзнага Саўміна, дакладна прапрацаваць усе прапанаваныя да абмеркавання пытанні. Прэм'ер-міністр Расіі ўдакладніў, што ўжо цяпер вядзецца актыўная работа шэрага міністэрстваў і ведамстваў дзвюх краін, у тым ліку ў сферы эканомікі, транспарту і іншых галінах.
Беларусь прапанавала прыняць у ЕўрАзЭС канцэпцыі фарміравання адзінай энергетычнай і транспартнай прасторы. Аб гэтым паведаміў журналістам Прэм'ер-міністр Беларусі Сяргей Сідорскі па выніках праведзенага сёння ў Маскве пасяджэння Міждзяржаўнага Савета ЕўрАзЭС.
На думку беларускага боку, абедзве гэтыя канцэпцыі неабходна вынесці на зацвярджэнне на наступным пасяджэнні Міждзяржсавета ЕўрАзЭС на ўзроўні Кіраўнікоў дзяржаў.
Сяргей Сідорскі таксама паведаміў, што беларускі бок раней ініцыіраваў разгляд праекта пагаднення аб падтрымцы і ўзаемнай абароне інвестыцый. Акрамя таго, Беларусь першая ініцыіравала наладжванне супрацоўніцтва ў рамках ЕўрАзЭС у сферы высокіх тэхналогій. Па прапанове Беларусі на пасяджэнні было разгледжана пытанне аб распрацоўцы міждзяржаўнай праграмы "Інавацыйныя біятэхналогіі", па якой прынята станоўчае рашэнне.
У стварэнні Мытнага саюза Беларусі, Расіі і Казахстана адбыўся істотны прарыў. Аб гэтым заявіў беларускі Прэм'ер-міністр Сяргей Сідорскі, каменціруючы вынікі праведзенага сёння ў Маскве пасяджэння Міждзяржсавета ЕўрАзЭС на ўзроўні Кіраўнікоў урадаў.
Сяргей Сідорскі растлумачыў, што ўсяго для завяршэння фарміравання Мытнага саюза неабходна падпісаць 30 пагадненняў. Чатыры з іх былі раней падпісаны прэзідэнтамі трох краін, яшчэ дзевяць - сёння прэм'ер-міністрамі Беларусі, Расіі і Казахстана. Астатнія дакументы, паводле слоў беларускага Прэм'ера, будуць падпісаны на працягу бліжэйшых двух гадоў.
Ён таксама падкрэсліў, што наступным важным крокам на шляху фарміравання Мытнага саюза стане стварэнне Камісіі Мытнага саюза - наднацыянальнага органа, якому паступова будуць перададзены паўнамоцтвы па рэгуляванню знешнегандлёвай дзейнасці краін-удзельніц.
Паміж урадамі Беларусі і Расіі склаўся канструктыўны ўзровень узаемадзеяння. Аб гэтым заявіў журналістам Прэм'ер-міністр Беларусі Сяргей Сідорскі, каменціруючы вынікі праведзеных сёння ў Маскве перагавораў з кіраўніком расійскага Урада Віктарам Зубковым.
Сяргей Сідорскі адзначыў, што ў адносінах паміж дзвюма краінамі ёсць кола пытанняў, якія патрабуюць рэгулярнага абмеркавання на міжурадавым узроўні. Ён растлумачыў, што яны датычацца перш за ўсё транспартнай сферы, у тым ліку перавозак грузаў праз тэрыторыі дзвюх краін, балансу паліўна-энергетычных рэсурсаў і шэрага іншых. Для абмеркавання гэтых пытанняў створаны рабочыя групы. Сёння Прэм'ер-міністры заслухалі даклады віцэ-прэм'ераў дзвюх краін Андрэя Кабякова і Сяргея Нарышкіна.
Прэм'ер-міністр Беларусі таксама паведаміў, што наступныя міжурадавыя беларуска-расійскія рабочыя перагаворы пройдуць 21 сакавіка ў Мінску ў рамках пасяджэння Савета Міністраў Саюзнай дзяржавы.
| |
© 2005-2008 Апарат Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь
Пры выкарыстанні інфармацыі спасылка на друкаваную крыніцу з`яўляецца абавязковай
Інфармацыйная падтрымка УП "Беларускае тэлеграфнае агенцтва"
|
|
|