Рус | Бел | Eng   Галоўная | Зваротная сувязь | Кантакты | Карта сайта
 
 
ГАЛОЎНАЕ
Устойлівасць беларускай эканомікі - у стварэнні экспартаарыентаваных вытворчасцей

Устойлівасць беларускай эканомікі - у стварэнні экспартаарыентаваных вытворчасцей. Такую думку выказаў Прэм'ер-міністр Беларусі Сяргей Сідорскі на ўрачыстай цырымоніі пуску ў эксплуатацыю другой тэхналагічнай лініі па вытворчасці мінералаватных вырабаў на аснове базальтавага валакна ў ААТ "Гомельбудматэрыялы". Чым больш у рэспубліцы будзе такіх вытворчасцей, тым хутчэй і прасцей будзе пераадольваць уплыў негатыўных з'яў на сусветным рынку. Увод у эксплуатацыю новай лініі дасць магчымасць у поўным аб'ёме забяспечыць будаўнічую галіну рэспублікі сучаснымі цеплаізаляцыйнымі плітамі, а таксама пастаўляць частку прадукцыі на экспарт.

 

НАВІНЫ

07.10.2008

Параметры павелічэння колькасці занятых у эканоміцы павінны быць максімальныя

Праект Дзяржаўнай праграмы садзейнічання занятасці насельніцтва Рэспублікі Беларусь на 2009-2010 гады неабходна збалансаваць з іншымі дзяржпраграмамі. Такую задачу паставіў сёння на пасяджэнні Прэзідыума Савета Міністраў Прэм'ер-міністр Сяргей Сідорскі ў ходзе абмеркавання праекта дзяржпраграмы садзейнічання занятасці."Праграма садзейнічання занятасці - вяршыня піраміды, - сказаў Сяргей Сідорскі. - Яна павінна вянчаць сабой усе ўжо прынятыя і рэалізуемыя дзяржаўныя праграмы ў плане напаўнення кадрамі дзеючых прадпрыемстваў і наваствораных".

Прэм'ер-міністр асаблівую занепакоенасць выказаў наконт кадравай сітуацыі ў будаўнічай галіне. "Прынята франтальная праграма мадэрнізацыі галіны, у яе будуць укладзены вялікія фінансавыя сродкі. Без якаснага і колькаснага павелічэння кадравага патэнцыялу, без вяртання з-за мяжы кваліфікаваных будаўнічых кадраў рэалізаваць гэту праграму будзе вельмі складана, праблематычным стане і выкананне заданняў па будаўніцтву жылля ў рэспубліцы", - падкрэсліў ён.

Акрамя таго, у Беларусі рэалізуецца інавацыйная праграма, у адпаведнасці з якой у краіне ідзе маштабная мадэрнізацыя прамысловых прадпрыемстваў і арганізуюцца новыя вытворчасці. І гэтыя прадпрыемствы павінны быць укамплектаваны прафесіянальнымі кадрамі, падкрэсліў кіраўнік Урада.

Асаблівую ўвагу Сяргей Сідорскі ўдзяліў рэалізацыі праграмы развіцця малых і сярэдніх гарадоў. Размова ідзе аб планах па стварэнню ў такіх рэгіёнах рабочых месц, новых вытворчасцей.

Міністр працы і сацыяльнай абароны Уладзімір Патупчык назваў асноўныя прыярытэты праекта праграмы: гэта ўключэнне ў эканамічную дзейнасць незанятага насельніцтва, стварэнне рабочых месц, павышэнне якасці працоўных рэсурсаў, зніжэнне дысбалансу попыту і прапанавання рабочай сілы, вырашэнне праблем занятасці для пэўных груп насельніцтва, паляпшэнне сітуацыі ў сферы занятасці ў шэрагу рэгіёнаў, малых гарадоў, сельскай мясцовасці. Так, праектам праграмы прадугледжваецца стварэнне больш як 160 тыс. рабочых месц у год, у тым ліку каля 20 тыс. - у малых гарадах, больш за 12 тыс. - у сельскай мясцовасці.

Праектам дакумента прадугледжваецца комплекс мер па далейшаму зніжэнню беспрацоўя ў сельскай мясцовасці - у 2,3 раза павялічана заданне па арганізацыі новых рабочых месц у вёсцы. Па прапановах аблвыканкамаў у праект праграмы ўключаны 21 малы горад, 17 з якіх паўторна і 4 новыя (Калінкавічы, Смаргонь, Масты, Любань). Такія падыходы да вырашэння праблем занятасці ў канкрэтных малых гарадах, на думку міністра, апраўдалі сябе і даюць пазітыўныя вынікі. Напрыклад, штогадовае ўключэнне ў праграму самых складаных з пункту гледжання занятасці рэгіёнаў з устанаўленнем мэтавых паказчыкаў дало магчымасць знізіць беспрацоўе ў іх за апошнія 3 гады ў два і больш разоў. Як і раней, па кожнаму малому гораду прадугледжаны меры актыўнай палітыкі занятасці, накіраванай на павышэнне эфектыўнасці выкарыстання і развіцця працоўнага патэнцыялу. Рэалізацыя намечаных мер дасць магчымасць знізіць беспрацоўе ў малых гарадах абласцей рэспублікі да 1-0,8 працэнта. Аблвыканкамамі, гар- і райвыканкамамі будуць распрацаваны і прыняты свае мерапрыемствы па забеспячэнню занятасці насельніцтва. Пры гэтым на ўзроўні рэгіёнаў мерапрыемствы будуць дэталізаваны, узаемаўвязаны з праграмай развіцця малых гарадоў. Рэалізацыя закладзеных у праграме мер дасць магчымасць утрымаць беспрацоўе да канца 2009 года ў межах 1,1-1,2 працэнта, да канца 2010 года - 1,0-1,1 працэнта.

Параметры павелічэння колькасці занятых у эканоміцы Беларусі павінны быць максімальныя, заявіў сёння Прэм'ер-міністр Сяргей Сідорскі. Паводле слоў Сяргея Сідорскага, параметр колькасці занятых у эканоміцы павінен быць увязаны і з падрыхтоўкай новых кадраў, і з забеспячэннем іх эфектыўнымі рабочымі месцамі, і з задавальненнем патрэбнасцей усіх галін эканомікі ў рабочых руках.

Паводле слоў міністра працы і сацыяльнай абароны Уладзіміра Патупчыка, упершыню замацоўваюцца такія высокія лічбы прыросту колькасці занятых у эканоміцы - па 120 тыс. чалавек у год.

"Гэты паказчык за жнівень бягучага года склаў 4 млн. 498 тыс. работнікаў пры прагнозе на гэты год - 4460-4535 тыс. чалавек, - праінфармаваў міністр. - Павелічэнне колькасці занятых у эканоміцы да канца 2009 года неабходна забяспечыць да ўзроўню 4650 тыс. чалавек, на канец 2010 года - да 4740-4775 тыс. работнікаў".

Уладзімір Патупчык падкрэсліў, што на будучы год складзены прадуманы баланс попыту і прапанавання рабочай сілы. Існуючыя ў краіне вакансіі і ствараемыя рабочыя месцы дадуць магчымасць працаўладкаваць неабходную колькасць работнікаў - як самастойна шукаючых работу, так і тых, якія вернуцца з-за мяжы з заработкаў (паводле ацэнак, за межамі Беларусі працуюць каля 154 тыс. чалавек).

У сувязі з рэфармаваннем сістэмы агульнай сярэдняй адукацыі ў Беларусі ў 2009 годзе магчымы павялічаны прыкладна ў паўтара раза выхад на рынак працы выпускнікоў базавай і сярэдняй школы. Міністр працы і сацыяльнай абароны Уладзімір Патупчык адзначыў, што асаблівая ўвага ў гэтай праграме ўдзяляецца забеспячэнню занятасці моладзі. Так, праектам дакумента прадугледжваецца магчымасць атрымання кожным маладым чалавекам першаснай прафесійнай падрыхтоўкі. Для гэтага ў першачарговым парадку на прафнавучанне будзе накіроўвацца беспрацоўная моладзь ва ўзросце да 18 гадоў. Далейшае ўдасканаленне атрымае сістэма прафесійнай арыентацыі моладзі, накіраваная на павышэнне прэстыжу рабочых прафесій, сістэма часовай працоўнай занятасці навучэнцаў і студэнтаў, а таксама арганізацыя "маладзёжнай практыкі". Запланавана ўстанаўленне броні прыёму на работу амаль 7 тыс. маладых людзей.

У мэтах павышэння якасці працоўных рэсурсаў на прафесійную падрыхтоўку будуць накіраваны 25 тыс. беспрацоўных, у першую чаргу з ліку моладзі. Пры гэтым з 40 працэнтаў да 45 працэнтаў павялічаны аб'ёмы прафпадрыхтоўкі кадраў пад канкрэтныя заказы наймальнікаў.

На канкрэтызацыю ўсіх пазіцый дадзены адзін тыдзень. У цэлым праект узяты за аснову.

ВЫДАННІ САВЕТА МІНІСТРАЎ РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ
  Газета 'Рэспублiка'

Газета 'Беларуская Ніва'

Часопіс 'Эканоміка Беларусі'

Газета 'Звязда'
 
ІНТЭРНЭТ-РЭСУРСЫ
  Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь

BELARUS.BY

Нацыянальны прававы Інтэрнэт-партал Рэспублікі Беларусь
 
© 2005-2008 Апарат Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь
Пры выкарыстанні інфармацыі спасылка на друкаваную крыніцу з`яўляецца абавязковай
Інфармацыйная падтрымка УП "Беларускае тэлеграфнае агенцтва"
 
 
НАВІНЫ
Урад Беларусі павялічыў квоты на вытворчасць цыгарэт у 2008 годзе да 19,5 млрд. штук

Урад Беларусі павялічыў квоты на вытворчасць у 2008 годзе тытунёвых вырабаў з 19 млрд. штук да 19,5 млрд. штук. Такое рашэнне змяшчаецца ў Пастанове Савета Міністраў ад 18 лістапада нумар 1736.

 
Беларусь акажа гуманітарную дапамогу Кубе

Беларусь акажа Кубе гуманітарную дапамогу ў сувязі са стыхійным бедствам, якое спасцігла гэту краіну. Міністэрству фінансаў пастановай Савета Міністраў прадпісана выдзеліць у 2008 годзе Міністэрству замежных спраў для пасольства Беларусі ў Кубе з рэспубліканскага бюджэту за кошт сродкаў фонду фінансавання расходаў, звязаных са стыхійнымі бедствамі, аварыямі і катастрофамі, 30 тыс. еўра на аказанне гуманітарнай дапамогі Кубе.

 
У план прыватызацыі прадпрыемстваў на 2008-2010 гады ўнесены змяненні

У план прыватызацыі аб'ектаў, якія знаходзяцца ў рэспубліканскай уласнасці, на 2008-2010 гады ўнесены змяненні. Такое рашэнне прынята Пастановай Савета Міністраў нумар 1709.

Дзяржава ўзмоцніць кантроль за працоўнай дзейнасцю нядбайных бацькоў

Кантроль за працоўнай дзейнасцю нядбайных бацькоў у бліжэйшы час будзе ўзмоцнены. Аб гэтым Намеснік Прэм'ер-міністра Беларусі Аляксандр Косінец заявіў сёння ў Мінску ў час сустрэчы з бацькамі, чые дзеці знаходзяцца на дзяржаўным выхаванні.

Беларускі інвестыцыйны форум у Лондане

Беларускі інвестыцыйны форум пачаўся ў канферэнц-цэнтры Чэрч Хаўз у Лондане. Яго работу ўзначальвае Прэм'ер-міністр Беларусі Сяргей Сідорскі.

 
У Беларусі пераносяцца рабочыя дні ў снежні і студзені

У Беларусі пераносяцца рабочыя дні ў снежні бягучага года і ў студзені 2009 года. Такое рашэнне прадугледжана пастановай Савета Міністраў нумар 1720 ад 15 лістапада 2008 года.

 
У 2008 годзе будуць выкананы ўсе прагнозы па сельскай гаспадарцы, акрамя вытворчасці малака

У 2008 годзе ў сельскай гаспадарцы будуць выкананы ўсе прагнозныя паказчыкі, акрамя вытворчасці малака. Аб гэтым заявіў сёння першы віцэ-прэм'ер Уладзімір Сямашка на пасяджэнні Прэзідыума Савета Міністраў, дзе абмяркоўваўся ход выканання Дзяржаўнай праграмы адраджэння і развіцця вёскі на 2005-2010 гады па выніках работы за 9 месяцаў, а таксама меры па ліквідацыі дапушчанага адставання пры рэалізацыі мерапрыемстваў гэтай праграмы.

Рабочы візіт Прэм'ер-міністра Беларусі у Вялікабрытанію

17 лістапада Прэм'ер-міністр Беларусі Сяргей Сідорскі і лорд-мэр Лонданскага сіці Іан Людэр абмеркавалі магчымыя напрамкі супрацоўніцтва Беларусі і Вялікабрытаніі ў фінансавай сферы. Паводле слоў Сяргея Сідорскага, мэта гэтай сустрэчы - знайсці новыя імпульсы развіцця сектараў эканомік дзвюх краін ва ўмовах сусветнага фінансавага крызісу, наладзіць эфектыўнае супрацоўніцтва паміж бізнесам і фінансавымі інстытутамі.

 
Беларусь разглядае магчымасць прыцягнення замежных кампаній у сферу страхавання жыцця

Беларусь разглядае магчымасць прыцягнення замежных кампаній у сферу страхавання жыцця. Аб гэтым паведаміў сёння ў Лондане журналістам віцэ-прэм'ер Беларусі Андрэй Кабякоў. Ён адзначыў, што размова ідзе аб страхавых кампаніях - рэзідэнтах Беларусі. "Гэта прынцыповая пазіцыя", - падкрэсліў ён.

АРХІЎ НАВІН
ПОШУК