НАВІНЫ
С.Сідорскі прадставіў Мінфіну новага міністра А.Харкаўца
Як адзначыў кіраўнік беларускага Урада, Андрэй Харкавец зарэкамендаваў сябе ўмелым і рашучым кіраўніком. Ён асабліва падкрэсліў такія якасці новага міністра, як кампетэнтнасць, нестандартнасць мыслення і імкненне да атрымання выніку. Прэм'ер-міністр таксама выказаў словы падзякі былому міністру фінансаў Мікалаю Корбуту, які 11 гадоў працаваў на гэтай адказнай пасадзе. "Гэта найбольш працяглы тэрмін у сістэме Мінфіна", - дадаў прэм'ер. "Міністэрству ўдалося стварыць устойлівую і гібкую сістэму фінансавання", - сказаў Сяргей Сідорскі, адзначыўшы, што за гэтыя 11 гадоў даходы бюджэту ўзраслі больш як у сем разоў.
Звяртаючыся да Андрэя Харкаўца, кіраўнік урада падкрэсліў, што ў яго задачы ўваходзіць фарміраванне спрыяльнага эканамічнага росту краіны, выкананне бюджэту з максімальным эфектам. Пры гэтым фарміраванне бюджэту ў перспектыве павінна ажыццяўляцца як мінімум на два гады.
Сяргей Сідорскі таксама звярнуў увагу на неабходнасць дэбюракратызацыі бюджэтных працэсаў, кантролю выканання бюджэтных сродкаў, ажыццяўлення далейшых мер па спрашчэнню падатковай сістэмы.
Ён адзначыў важнасць развіцця страхавой галіны ў фінансавай сістэме рэспублікі, правядзення аўдыту. Акрамя таго, прэм'ер паставіў задачу вывесці на высокі сучасны ўзровень развіцця прадпрыемства "Крышталь", якое ўваходзіць у сістэму Мінфіна. Яно працуе з каштоўнымі металамі, у тым ліку з золатам, і павінна стаць узорам для іншых прадпрыемстваў, падкрэсліў Сяргей Сідорскі.
Даклад Урада аб выніках работы эканомікі за першае паўгоддзе 2008 года і аб праектах прагнозу сацыяльна-эканамічнага развіцця, бюджэту і асноўных напрамкаў грашова-крэдытнай палітыкі Беларусі на 2009 год
Усе важнейшыя прагнозныя паказчыкі па выніках 2008 года павінны быць выкананы, як і асноўныя параметры, прадугледжаныя стратэгічнымі дзяржаўнымі праграмамі.
Адпаведныя задачы паставіў 15 жніўня Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка па рэзультатах даклада Урада аб выніках работы эканомікі за першае паўгоддзе 2008 года і аб праектах прагнозу сацыяльна-эканамічнага развіцця, бюджэту і асноўных напрамкаў грашова-крэдытнай палітыкі Беларусі на 2009 год.
Практыка правядзення такіх нарад, у час якіх шырокае кола членаў Урада і кіраўнікоў ключавых ведамстваў даюць справаздачу перад Прэзідэнтам за паўгоддзе, уведзена нядаўна.
Кіраўнік дзяржавы ўказаў на неабходнасць аб’ектыўнай ацэнкі дасягнутых за першае паўгоддзе 2008 года паказчыкаў.
"Выклікае непакой, што ўрад акцэнтуе ўвагу на колькасных паказчыках развіцця эканомікі, якія ў цэлым выконваюцца. Сапраўды, да гэтага часу пры пастаўленай задачы дасягнуць у бягучым годзе росту эканомікі на 10-11 працэнтаў валавы ўнутраны прадукт павялічыўся на 10,3 працэнта, вытворчасць прадукцыі прамысловасці - на 13 працэнтаў, інвестыцыі ў асноўны капітал - на 22,3 працэнта, выпуск спажывецкіх тавараў - амаль 14 працэнтаў, рэальныя грашовыя даходы насельніцтва павялічыліся на 11,5 працэнта. Але што датычыцца якасці развіцця - а гэта пытанне нумар 1 - то не можа не насцярожваць, што ў другім квартале ў параўнанні з першым запаволілася дынаміка росту ў асноўных галінах", - падкрэсліў Прэзідэнт.
У ліку негатыўных тэндэнцый Аляксандр Лукашэнка адзначыў вялікае адмоўнае сальда ў знешнім гандлі таварамі і паслугамі, павелічэнне кошту банкаўскіх крэдытных рэсурсаў, перасягненне зададзенага ўзроўню інфляцыі, стратнасць і неплацежаздольнасць прадпрыемстваў, фінансавую няўстойлівасць.
Кіраўнік дзяржавы нагадаў, што ў Беларусі планавалася атрымаць новы ўзровень і якасць эканомікі праз выкананне стратэгічных праграм. Найбольш важныя з іх - праграмы інавацыйнага развіцця, адраджэння вёскі, развіцця малых і сярэдніх гарадоў, энергазберажэння, імпартазамяшчэння. "На жаль, іх рэалізацыя пакуль не адпавядае ні патрабаванням часу, ні тым фінансавым рэсурсам, якія мы патрацілі ўжо", - заявіў Прэзідэнт. У прыватнасці, аграпрамысловы комплекс у першым паўгоддзі не забяспечыў выканання важнейшага параметра прагнозу па тэмпах росту вытворчасці прадукцыі. Ураду, мясцовым органам улады і кіравання неабходна прыняць эфектыўныя меры, каб навярстаць упушчанае і безумоўна выканаць гадавое заданне, сказаў Кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка таксама дадаў, што праведзены ў Брэсцкай вобласці разгляд ходу выканання дзяржпраграмы адраджэння вёскі "прымушае больш патрабавальна ставіцца да павышэння аддачы ад капіталаўкладанняў ва ўсіх галінах народнай гаспадаркі". Бяздарнаму расходаванню бюджэтных сродкаў павінна быць пастаўлена надзейная заслона, заявіў Прэзідэнт.
Кіраўнік дзяржавы запатрабаваў дакладна выкласці прынцыпова новыя палажэнні, што прапануюцца на наступны года, перш за ўсё ў частцы спрашчэння падатковай сістэмы і зніжэння падатковай нагрузкі на эканоміку, па фарміраванню і рацыянальнаму выкарыстанню сродкаў бюджэту, удасканаленню інструментаў грашова-крэдытнай палітыкі.
"Падкрэсліваю: галоўнае ва ўсёй дзяржаўнай палітыцы - гэта чалавек, яго дабрабыт. Таму важнейшая задача - забяспечыць высокія тэмпы росту рэальных даходаў насельніцтва, перш за ўсё заработнай платы, павысіць якасць жыцця народа", - заявіў Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка звярнуў асаблівую ўвагу на тое, што наступны 2009 год надзвычай важны для краіны. "Гэта перадапошні год пяцігодкі, і намечаныя планы абавязкова трэба выканаць. Менавіта з такіх пазіцый мы павінны прааналізаваць прадстаўленыя сёння дакументы", - сказаў ён.
Прэм'ер-міністр Беларусі Сяргей Сідорскі далажыў аб выніках сацыяльна-эканамічнага развіцця рэспублікі за першае паўгоддзе.
Ён адзначыў, што ў Беларусі ў студзені-чэрвені 2008 года ў асноўным выканана 17 з 19 важнейшых паказчыкаў прагнозу сацыяльна-эканамічнага развіцця на 2008 год. Аднак большая частка даклада прэм'ер-міністра была прысвечана праблемным пытанням развіцця эканомікі.
Так, у студзені-чэрвені Ураду не ўдалося выйсці на прагнозныя параметры па тэмпах росту вытворчасці прадукцыі сельскай гаспадаркі і па абмежаванню імпарту тавараў і паслуг. Так, у АПК назіраецца запавольванне тэмпаў росту вытворчасці мяса-малочнай прадукцыі, прычынай якога стала нізкая ступень рэалізацыі праектаў па будаўніцтву новых і рэканструкцыі дзеючых малочнатаварных ферм. Таксама прэм'ер-міністр звярнуў увагу на нізкую ступень падрыхтоўкі агароднінасховішчаў. На запланаваныя тэмпы па вытворчасці прадукцыі сельскай гаспадаркі маюць намер выйсці да канца года.
Нягледзячы на рост аб'ёмаў паставак прадукцыі на экспарт, адмоўнае сальда знешняга гандлю застаецца высокім. Паводле слоў Сяргея Сідорскага, знізіць велічыню адмоўнага сальда да канца года магчыма. Сярод галоўных рэзерваў па выхаду на запланаваны паказчык ён назваў скарачэнне імпарту як харчовых, так і нехарчовых спажывецкіх тавараў, нарошчванне іх вытворчасці ўнутры краіны і экспарт. У чэрвені была скарэкціравана стратэгія па знешняму гандлю на другое паўгоддзе. Змяненні, перш за ўсё, датычацца павелічэння экспартнай нагрузкі на прадпрыемства, больш актыўнай рэалізацыі праграмы імпартазамяшчэння.
Гаворачы аб інфляцыйных працэсах у краіне, Сяргей Сідорскі адзначыў, што рост цэн у Беларусі быў вышэйшы, чым прагназавалася, але ён быў выкліканы як суб'ектыўнымі, так і аб'ектыўнымі фактарамі. Пры гэтым кіраўнік беларускага Урада растлумачыў, што спажывецкія цэны ў Беларусі за першае паўгоддзе раслі больш нізкімі тэмпамі, чым у Расіі або Украіне (на 7,3 працэнта, на 8,7 працэнта і на 15 працэнтаў адпаведна). Прэм'ер-міністр сказаў, што ўрад прымае неабходныя меры па запавольванню інфляцыйных працэсаў. Акрамя таго, для недапушчэння некантралюемага адтоку плодаагародніннай прадукцыі за межы рэспублікі з верасня ўводзіцца механізм біржавых таргоў гэтай катэгорыяй тавараў.
Прэм'ер-міністр у сваім дакладзе таксама закрануў пытанні прыцягнення інвестыцый у краіну. Урад не задаволены тэмпамі прыцягнення замежных інвестыцый дзяржаўнымі прадпрыемствамі. Напрыклад, замежныя інвестыцыйныя ўкладанні ў арганізацыі Міністэрства прамысловасці за першае паўгоддзе склалі толькі $1,5 млн. Паводле слоў прэм'ер-міністра, сёння многія сусветныя фінансавыя інстытуты зацікаўлены ў супрацоўніцтве з Беларуссю, а нашы прадпрыемствы ніяк не могуць навучыцца працаваць у сучасных умовах.
Сяргей Сідорскі крытыкаваў неэфектыўную работу мясцовых улад па ўключэнню ў гаспадарчы абарот дзяржмаёмасці, што не выкарыстоўваецца. Прэтэнзіі кіраўніка беларускага Урада таксама датычыліся рэалізацыі найважнейшых інавацыйных праектаў у малых і сярэдніх гарадах.
Крытычныя заўвагі былі выказаны і ў адрас кіраўнікоў асобных міністэрстваў і ведамстваў рэспублікі. У прыватнасці, ёсць хібы ў рабоце кіраўніцтва канцэрна "Беллегпрам" (высокая доля стратных арганізацый, рост запасаў гатовай прадукцыі), Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва (нізкія тэмпы рэалізацыі асобных інвестыцыйных праектаў), Міністэрства транспарту і камунікацый, Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, Міністэрства гандлю і іншых.
Рэзюмуючы сказанае Прэм'ер-міністрам, Прэзідэнт звярнуў увагу на тое, што адной з праблем эканомікі з'яўляецца якасць работы кіраўніцкіх кадраў вышэйшага і сярэдняга звяна. У сувязі з гэтым Аляксандр Лукашэнка паставіў перад Кіраўніком Адміністрацыі Прэзідэнта задачу дакладна кантраляваць перамяшчэнне чыноўнікаў па так званай бюракратычнай гарызанталі: калі чыноўнік праваліў адзін напрамак, то ён не павінен займаць новае кіруючае месца.
Старшыня Камітэта дзяржаўнага кантролю Зянон Ломаць прывёў канкрэтныя прыклады нерацыянальнага выкарыстання бюджэтных сродкаў.
Паводле яго слоў, да гэтага часу не задзейнічаны ўсе рэзервы па нарошчванню даходнай часткі бюджэту. Зянон Ломаць падкрэсліў, што, нягледзячы на прынятыя меры па спрашчэнню падатковай сістэмы, яна па-ранейшаму застаецца складанай, аб чым сведчыць вялікая колькасць запытаў з просьбай аб растлумачэннях у падатковыя інспекцыі.
Старшыня КДК звярнуў увагу на той факт, што Нацыянальны банк не прымае належных мер па кантролю за рэальнымі банкаўскімі стаўкамі па спажывецкіх крэдытах. У выніку ў асобных банках рэальныя стаўкі па такіх крэдытах з улікам спадарожных камісійных плацяжоў дасягаюць 70 працэнтаў.
Ён таксама лічыць неабходным упарадкаваць выплаты па мясцовых падатках, больш строга кантраляваць паступленні сродкаў у інавацыйныя фонды.
Аляксандр Лукашэнка распарадзіўся стварыць у Дзяржсакратарыяце Савета Бяспекі камісію, якая прааналізуе работу банкаў па розных напрамках.
Намеснік Кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Леанід Анфімаў адзначыў, што да гэтага часу не выкаранена практыка, калі прадпрыемствы, павышаючы заработную плату, проста бяруць для гэтых мэт банкаўскія крэдыты, фактычна "праядаючы" такім чынам сродкі. Затым кіраўнікі просяць выдзеліць грошы з інавацыйных фондаў для пакрыцця расходаў па выплаце крэдытаў.
Леанід Анфімаў перакананы, што сродкі інавацыйных фондаў павінны расходавацца выключна на мэты развіцця прадпрыемстваў.
Ён таксама падкрэсліў, што Урад, інфармуючы аб зніжэнні запасаў гатовай прадукцыі на складах, не згадвае аб тым, што паралельна ўзрастае дэбіторская запазычанасць прадпрыемстваў. У рэальнасці тавары проста перамяшчаюцца са склада аднаго прадпрыемства на склад другога, у той час як аплата за прадукцыю не ажыццяўляецца.
Леанід Анфімаў лічыць неабходным больш актыўна задзейнічаць у эканоміцы патэнцыял прыватнага бізнесу. "Дзелавых людзей у краіне шмат, але ім трэба дапамагчы разгарнуцца. Перш за ўсё гэту дапамогу павінна аказаць дзяржава", - сказаў ён.
Асаблівую ўвагу ён звярнуў на праблему нізкіх заработных плат на асобных прадпрыемствах у розных галінах эканомікі. У прыватнасці, Леанід Анфімаў паведаміў, што амаль 600 тыс. працаўнікоў атрымлівае зарплату, якая не перавышае $200.
Прэзідэнт падкрэсліў: неабходна прыняць меры для таго, каб дабіцца росту ва ўсіх галінах. Асаблівую ўвагу ў бліжэйшы час неабходна ўдзяліць захаванасці прадукцыі ў сельскай гаспадарцы.
Кіраўнік дзяржавы лічыць неабходным узмацніць адказнасць за хабарніцтва.
Закранаючы кадравыя пытанні, Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што недахоп дасведчаных, талковых кіраўнікоў з'яўляецца сёння адной з асноўных праблем. Як падкрэсліў Прэзідэнт, па выніках года яму павінны ўносіцца канкрэтныя прапановы па кіруючых кадрах з улікам аб'ектыўнай ацэнкі: спраўляецца чыноўнік або не.
Акрамя таго, Аляксандр Лукашэнка даручыў Кіраўніку Адміністрацыі Прэзідэнта ўзяць пад строгі кантроль выкананне даручэнняў, дадзеных у час наведвання рэгіёнаў.
Прадстаўляючы праект Прагнозу сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі на 2009 год, Міністр эканомікі Мікалай Зайчанка адзначыў: першачарговымі мэтамі эканамічнага развіцця краіны будзе паскораная мадэрнізацыя нацыянальнай эканомікі, далейшае павышэнне ўзроўню дабрабыту насельніцтва. Чакаецца, што тэмп росту ВУП у будучым годзе складзе 110-112 працэнтаў, інвестыцый у асноўны капітал - 123-125 працэнтаў, рэальных грашовых даходаў насельніцтва - 114-115 працэнтаў.
Пры гэтым для кожнага рэгіёну рэспублікі будуць даведзены канкрэтныя мэтавыя паказчыкі развіцця. Інфляцыя ў будучым годзе чакаецца на ўзроўні не вышэй за 9-11 працэнтаў.
Таксама ў 2009 годзе будзе прадоўжана практыка аказання дзяржпадтрымкі прадпрыемствам, але яна будзе ажыццяўляцца не ў прамой форме, а, напрыклад, у выглядзе льгатавання ставак па банкаўскіх крэдытах.
Далейшае развіццё атрымае і сфера паслуг, пры гэтым іх доля ў ВУП будзе павялічвацца.
Міністр фінансаў Андрэй Харкавец адзначыў, што зніжэнне падатковай нагрузкі на эканоміку ў 2009 годзе складзе 1,2 працэнтнага пункта да ВУП. У выніку ў распараджэнні прадпрыемстваў застанецца Br2 трлн. Усяго за час рэфармавання падатковай сістэмы Беларусі будзе адменена 20 падатковых плацяжоў. Застанецца 27 падаткаў, 6 з якіх - асноўныя.
З 2009 года плануецца перайсці на плоскую шкалу спагнання падаходнага падатку, устанавіўшы па ім адзіную стаўку на ўзроўні 12 працэнтаў. Пры гэтым для недапушчэння росту падатковай нагрузкі на насельніцтва будуць павялічаны стандартныя падатковыя вылікі асобным катэгорыям грамадзян.
У цэлым даходы кансалідаванага бюджэту 2009 года прагназуюцца ў аб'ёме Br72,7 трлн., расходы – Br75,5 трлн. Бюджэт 2009 года захавае сацыяльную накіраванасць. Нягледзячы на ўзрастаючую нагрузку на эканоміку, доля расходаў бюджэту на сацыяльныя патрэбы складзе 63,3 працэнта. Павялічацца расходы на ахову здароўя, адукацыю і сацыяльную палітыку. Доля расходаў на выплату зарплат, пенсій, стыпендый у кансалідаваным бюджэце складзе 46 працэнтаў.
За кошт бюджэту будзе ажыццяўляцца стрыманне росту тарыфаў на электраэнергію для насельніцтва, а таксама праводзіцца субсідзіраванне расходаў па аплаце паслуг ЖКГ. У выніку насельніцтва будзе аплачваць толькі 32 працэнты фактычных затрат (у 2007 і 2008 гадах гэты паказчык - 36 працэнтаў і 34 працэнты адпаведна).
У бюджэце 2009 года на развіццё аграпрамысловага комплексу прадугледжваецца накіраваць Br4,4 трлн., на рэалізацыю 61 дзяржпраграмы – Br10,6 трлн.
Гаворачы аб праекце Асноўных напрамкаў грашова-крэдытнай палітыкі Беларусі на 2009 год, Старшыня Праўлення Нацыянальнага банка Пётр Пракаповіч паведаміў, што з будучага года Нацбанк мае намер ажыццяўляць прывязку курсу беларускага рубля да карзіны замежных валют (долара ЗША, еўра і расійскага рубля). Пры гэтым прагнознае значэнне курсу беларускага рубля да долара ЗША на 2009 год запланавана ў межах Br2000 – Br2200 за 1 долар ЗША.
Стаўка рэфінансавання будзе ўстаноўлена на ўзроўні 10-12 працэнтаў гадавых, пры гэтым стаўкі па крэдытах складуць 13-15 працэнтаў гадавых, стаўкі па дэпазітах - 10-12 працэнтаў гадавых.
Аб'ём крэдытавання рэальнага сектара эканомікі за 2009 год узрасце на 44 працэнты. Будуць павялічвацца і золатавалютныя рэзервы краіны.
Прэзідэнт даручыў на працягу аднаго тыдня дапрацаваць усе праекты разгледжаных дакументаў. Урад у цэлым канструктыўна ўспрыняў дастатковы напружаныя паказчыкі, не ўдаючыся пры гэтым у дыскусіі, выказаўшы тым самым гатоўнасць работы ў новых умовах. Ацэнка работы Урада і кіраўніка кожнага дзяржоргана будзе дадзена па выніках года.
"Усё відавочна, рашэнні прыняты па ўсіх напрамках, іх трэба выконваць", - сказаў на заканчэнне Кіраўнік дзяржавы.
| |
© 2005-2008 Апарат Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь
Пры выкарыстанні інфармацыі спасылка на друкаваную крыніцу з`яўляецца абавязковай
Інфармацыйная падтрымка УП "Беларускае тэлеграфнае агенцтва"
|
|
|