НАВІНЫ
Рабочы візіт Прэм'ер-міністра Беларусі у Вялікабрытанію
17 лістапада Прэм'ер-міністр Беларусі Сяргей Сідорскі і лорд-мэр Лонданскага сіці Іан Людэр абмеркавалі магчымыя напрамкі супрацоўніцтва Беларусі і Вялікабрытаніі ў фінансавай сферы. Паводле слоў Сяргея Сідорскага, мэта гэтай сустрэчы - знайсці новыя імпульсы развіцця сектараў эканомік дзвюх краін ва ўмовах сусветнага фінансавага крызісу, наладзіць эфектыўнае супрацоўніцтва паміж бізнесам і фінансавымі інстытутамі. "Для нашай краіны вельмі важны вопыт Вялікабрытаніі ў развіцці фінансавага рынку", - адзначыў Сяргей Сідорскі. У сваю чаргу Іан Людэр падкрэсліў, што гэты візіт Прэм'ер-міністра Беларусі будзе садзейнічаць узмацненню кантактаў паміж Беларуссю і еўрапейскімі краінамі, а таксама паміж фінансавымі структурамі Вялікабрытаніі і Беларусі.
"Спадзяюся, што сёння мы зможам умацаваць нашы сувязі, даведацца, як Беларусь будзе пазіцыяніраваць сябе ў перспектыве на міжнародных фінансавых рынках", - адзначыў Іан Людэр.
Прэм'ер-міністр Беларусі Сяргей Сідорскі даў сёння інтэрв'ю інфармацыйнаму агенцтву "Рэйтэр". Журналісты "Рэйтэра" цікавіліся мэтамі і задачамі Беларускага інвестыцыйнага форуму, які пройдзе 18 лістапада ў Лондане, і прагназуемымі вынікамі яго правядзення для беларускай эканомікі. Сяргей Сідорскі падкрэсліў, што беларускі бок чакае ад форуму новага імпульсу для развіцця эканамічнага супрацоўніцтва Беларусі і ЕС.
Таксама карэспандэнты задавалі пытанні аб найбольш верагодных пагадненнях і мяркуемай суме кантрактаў па выніках форуму. Кіраўнік беларускага ўрада адзначыў, што ёсць прапановы інвестараў у частцы заключэння кантрактаў у сферы будаўніцтва, машынабудавання, электронікі. Пры гэтым ён удакладніў, што праекты, прадстаўленыя на заўтрашнім форуме, патрабуюць інвестыцый $12-18 млрд.
Цікавасць журналістаў "Рэйтэра" выклікаў таксама працэс узаемадзеяння Беларусі з МВФ у рамках правядзення апошнім часам перагавораў аб прадастаўленні рэспубліцы крэдыту на $2 млрд. і напрамках выкарыстання гэтых рэсурсаў. Пыталіся карэспандэнты, ці вядзе Беларусь перагаворы па прыцягненню іншых замежных пазык.
Былі пытанні і аб уплыве сусветнага фінансавага крызісу на Беларусь, якія меры прымаюцца ў рэспубліцы для прадухілення яго негатыўных наступстваў.
Акрамя таго, журналісты цікавіліся перспектывамі беларуска-амерыканскага палітычнага дыялога.
Беларусь разглядае магчымасць прыцягнення замежных кампаній у сферу страхавання жыцця
Беларусь разглядае магчымасць прыцягнення замежных кампаній у сферу страхавання жыцця. Аб гэтым паведаміў сёння ў Лондане журналістам віцэ-прэм'ер Беларусі Андрэй Кабякоў. Ён адзначыў, што размова ідзе аб страхавых кампаніях - рэзідэнтах Беларусі. "Гэта прынцыповая пазіцыя", - падкрэсліў ён.
Страхаванне - адна са сфер эканомікі, дзе будуць зроблены пэўныя захады па лібералізацыі. "Хутчэй за ўсё, у бок развіцця добраахвотных відаў страхавання", - дадаў Андрэй Кабякоў. Паводле яго слоў, пакуль што добраахвотныя віды займаюць меншую ўдзельную вагу ў агульным аб'ёме страхавых паслуг.
Акрамя таго,Андрэй Кабякоў паведаміў, што Беларусь вядзе няпростыя перагаворы з МВФ.Віцэ-прэм'ер адзначыў, што гэта не значыць, што беларускі бок будзе браць крэдыт на любых умовах. "Лякалы ў МВФ павінны быць рознымі", - лічыць Андрэй Кабякоў. Ён растлумачыў, што Беларусь, якую сусветны фінансавы крызіс закрануў у нязначнай ступені, не можа прыцягваць крэдытныя рэсурсы на такіх жа ўмовах, як краіны, што значна пацярпелі ад крызісу.
Як паведамлялася, урад Беларусі і Нацыянальны банк звярнуліся з пісьмом да МВФ аб прадастаўленні крэдыту ў памеры ад $2 млрд. для папаўнення золатавалютных рэзерваў.
Віцэ-прэм'ер Беларусі таксама паведаміў, што беларускі бок плануе атрымаць другую частку расійскага крэдыту ў лютым 2009 года. Ён нагадаў, што гэта прадугледжана падпісаным пагадненнем аб выдзяленні Беларусі дзяржаўнага крэдыту Расійскай Федэрацыі ў памеры $2 млрд.
| |
© 2005-2008 Апарат Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь
Пры выкарыстанні інфармацыі спасылка на друкаваную крыніцу з`яўляецца абавязковай
Інфармацыйная падтрымка УП "Беларускае тэлеграфнае агенцтва"
|
|
|