НАВІНЫ
Дзяржава ўзмоцніць кантроль за працоўнай дзейнасцю нядбайных бацькоў
Кантроль за працоўнай дзейнасцю нядбайных бацькоў у бліжэйшы час будзе ўзмоцнены. Аб гэтым Намеснік Прэм'ер-міністра Беларусі Аляксандр Косінец заявіў сёння ў Мінску ў час сустрэчы з бацькамі, чые дзеці знаходзяцца на дзяржаўным выхаванні.
Ён паведаміў, што ў бліжэйшы час будзе створана некалькі кампаній для працаўладкавання асоб, абавязаных кампенсаваць расходы на выхаванне сваіх дзяцей. "Будзеце працаваць як трэба", - сказаў Аляксандр Косінец, звяртаючыся да прысутных.
У бліжэйшы час будзе ўведзена ў дзеянне норма, у адпаведнасці з якой наймальнік будзе прыцягвацца да адказнасці за пропуск работы асобамі, абавязанымі аплачваць утрыманне сваіх дзяцей.
Адказнасць нядбайных бацькоў за пропуск работы таксама будзе істотна ўзмоцнена. "Два-тры разы прагуляў - у калонію да двух гадоў", - сказаў віцэ-прэм'ер.
Больш як Br36 млрд. кампенсавалі нядбайныя бацькі дзяржаве ў лік затрат на выхаванне іх дзяцей з моманту ўступлення ў сілу Дэкрэта нумар 18, заявіў Намеснік Прэм'ер-міністра Беларусі Аляксандр Косінец.
Паводле даных віцэ-прэм'ера, з моманту ўступлення ў сілу дэкрэта - за 1 год і 10 месяцаў - узровень кампенсацыі затрат на выхаванне дзяцей павялічыўся ў 8,5 раза. Тым не менш ён лічыць гэта недастатковым: запазычанасць нядбайных бацькоў цяпер складае Br67 млрд., а колькасць абавязаных асоб - больш як 28 тыс. чалавек.
Аляксандр Косінец адзначыў, што бацькоў, чыіх дзяцей выхоўвае дзяржава, перш за ўсё характарызуюць асацыяльныя паводзіны, яны часта хварэюць на алкагалізм, толькі 20 працэнтаў з іх маюць спецыяльную адукацыю, а 80 працэнтаў не маюць практычных навыкаў для работы. 70 працэнтаў абавязаных асоб - жанчыны. Дзяржава ў сярэднім траціць на выхаванне аднаго дзіцяці Br194 тыс. у месяц. Цяпер сацыяльнымі сіротамі ў краіне з'яўляюцца 31300 чалавек.
Пры гэтым віцэ-прэм'ер удакладніў, што за час дзеяння дэкрэта нумар 18 у нядбайных бацькоў былі адабраны 5903 дзіцяці, а 3867 вернуты ў сем'і. "Раней выпадкі вяртання дзяцей у біялагічныя сем'і былі адзінкавыя", - заўважыў Аляксандр Косінец.
Ён заявіў, што дзяржава зробіць усё неабходнае, каб гора-бацькі выхоўвалі сваіх дзяцей самі або кампенсавалі затраты дзяржавы на іх выхаванне. "Хто не ўмее працаваць, таго мы навучым. Хто не хоча, таго прымусім. Хто хварэе на алкагалізм, таго вылечым. Ну а на каго ўсё вышэй пералічанае не падзейнічае, той адправіцца ў месцы пазбаўлення волі", - падкрэсліў віцэ-прэм'ер.
Паводле яго даных, за час дзеяння вышэйназванага дэкрэта ў адносінах да нядбайных бацькоў узбуджана 1866 крымінальных спраў, 596 чалавек ужо знаходзяцца ў месцах пазбаўлення волі.
Віцэ-прэм'ер паабяцаў, што нядбайным бацькам дзяржава не будзе рабіць ніякіх патуранняў: "Будуць працаваць. У нас толькі ў будаўніцтве не хапае 100 тыс. чалавек".
"У нас невялікая краіна, на ўліку кожны чалавек, і гэта згубная з'ява, як нядбайныя бацькі, будзе выкаранена", - запэўніў Аляксандр Косінец. Ён нагадаў, што напярэдадні Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка паставіў у гэтым напрамку вельмі сур'ёзныя задачы. "Работа ў бліжэйшы час будзе сістэматызавана. Дзяцей мы ў крыўду не дадзім і не дапусцім, каб яны пакутавалі з-за таго, што для некага даражэй за ўсё бутэлька", - сказаў віцэ-прэм'ер.
Усе нядбайныя бацькі, хворыя на алкагалізм, будуць лячыцца ад яго ў добраахвотным або абавязковым парадку, заявіў Намеснік Прэм'ер-міністра Беларусі Аляксандр Косінец.
Ён даў даручэнне поўнасцю абследаваць усіх асоб, чые дзеці знаходзяцца на дзяржаўным выхаванні, і тых, хто хварэе на алкагалізм, прымусова накіраваць у наркалагічны дыспансэр.
"Для лячэння мы прыменім самыя сучасныя методыкі", - паабяцаў віцэ-прэм'ер. Ён таксама паведаміў, што ў бліжэйшы час колькасць ложка-месцаў у краіне для такіх хворых будзе павялічана да тысячы.
Аляксандр Косінец таксама звярнуў увагу на нездавальняючы стан жылля нядбайных бацькоў і запатрабаваў тэрмінова навесці парадак у жылых памяшканнях. У адваротным выпадку кватэры будуць канфіскоўвацца у лік выплаты даўгоў па ўтрыманню дзяцей, паабяцаў віцэ-прэм'ер.
| |
© 2005-2008 Апарат Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь
Пры выкарыстанні інфармацыі спасылка на друкаваную крыніцу з`яўляецца абавязковай
Інфармацыйная падтрымка УП "Беларускае тэлеграфнае агенцтва"
|
|
|