| |
НАВІНЫ
Праграма развіцця сістэмы дашкольнай адукацыі на 2009-2014 гады зацверджана ў Беларусі
Урад Беларусі зацвердзіў Праграму развіцця сістэмы дашкольнай адукацыі на 2009-2014 гады. Адпаведная Пастанова нумар 1193 прынята Саветам Міністраў 19 жніўня. Як адзначыла начальнік упраўлення дашкольнай адукацыі Міністэрства адукацыі Галіна Макаранкава, у праграме прадугледжваецца рэалізацыя асноўных напрамкаў дзяржаўнай палітыкі ў сферы дашкольнай адукацыі. Цяпер у 4 тыс. 109 дзіцячых садах выхоўваюцца і навучаюцца 365,3 тыс. дзяцей (90,7 працэнта ў гарадской мясцовасці і 53,4 працэнта ў сельскай). За апошнія пяць гадоў колькасць дзяцей, якія наведваюць дзіцячыя сады і яслі, узрасла на 13 працэнтаў.
Бацькі аплачваюць 60 працэнтаў кошту харчавання, у залежнасці ад узросту дзіцяці, тыпу і рэжыму работы дашкольнай установы. Практычна ўсе дзеці пяцігадовага ўзросту ахоплены падрыхтоўкай да школы, ствараюцца роўныя стартавыя магчымасці для іх паспяховага пераходу на наступны ўзровень адукацыі. Актыўна развіваюцца новыя формы арганізацыі дашкольнай адукацыі з кароткачасовым рэжымам знаходжання ў дашкольных установах - ад 2 да 7 гадзін. Створана 347 такіх груп.
Разам з тым Галіна Макаранкава адзначыла, што больш як 40 працэнтаў устаноў дашкольнай адукацыі працуюць з перагрузкай. Аснашчанасць сродкамі навучання, гульнявым і вучэбным абсталяваннем складае 49,3 працэнта ад патрэбнасці. Нягледзячы на існуючую тэндэнцыю да зніжэння ўзроўню захваральнасці дзяцей, яе паказчыкі патрабуюць прыняцця неадкладных мер па стварэнню здароўезберагальнай сістэмы ў кожнай дашкольнай установе. У 2007 годзе ў разліку на тысячу дзяцей зарэгістравана 1 тыс. 613 выпадкаў захворванняў. У сярэднім па краіне адным дзіцяці па хваробе прапушчана 10 дзён.
Асноўная маса дзяцей (87 працэнтаў) наведвае дзіцячыя сады з рэжымам знаходжання ў іх 10,5-12 гадзін. Сутачны рацыён харчавання ў многіх дашкольных установах на працягу шэрага гадоў не выконваецца на 20-40 працэнтаў, што таксама абумоўлівае высокі ўзровень захваральнасці дзяцей. Грашовыя нормы расходаў на харчаванне не адпавядаюць нормам харчавання дзяцей, фізіялагічным патрэбнасцям арганізма дзіцяці, якое расце. Мерапрыемствамі, прадугледжанымі ў праграме, будзе забяспечана прывядзенне ў адпаведнасць грашовых норм расходаў на харчаванне з натуральнымі нормамі.
Актуальным з'яўляецца і павышэнне прафесійнай кампетэнтнасці педагогаў, іх сацыяльнага статусу. У сістэме дашкольнай адукацыі працуюць 50 тыс. 350 педагогаў, з іх вышэйшую адукацыю дашкольнага профілю маюць толькі 19,1 працэнта, вышэйшую педагагічную - 43,8 працэнта, вышэйшую кваліфікацыйную катэгорыю - 6,4 працэнта. Медыцынскім персаналам дашкольныя ўстановы ўкамплектаваны на 93 працэнты, у тым ліку ў гарадской мясцовасці - на 94,5 працэнта, у сельскай - на 85,2 працэнта.
Паводле слоў субяседніцы, сістэма дашкольнай адукацыі павінна быць гібкай і мабільнай у прадастаўленні адукацыйных і аздараўленчых паслуг, своечасовай карэкцыйна-педагагічнай дапамогі, паслуг па догляду, адукацыйных паслуг дома, у тым ліку і на платнай аснове. Вырашэнню гэтых задач будзе садзейнічаць шэраг мерапрыемстваў, правядзенне якіх запланавана ў праграме. Плануецца ўвесці абавязковы маніторынг стану здароўя дзяцей, укараняць методыкі ацэнкі здароўезберагальнай сістэмы, забяспечыць дашкольныя ўстановы неабходным медыцынскім абсталяваннем, развіваць высокатэхналагічны адукацыйны працэс у дзіцячых садах, укараняць сучасныя адукацыйныя тэхналогіі.
Асноўнымі крыніцамі фінансавання мерапрыемстваў праграмы будуць сродкі рэспубліканскага і мясцовых бюджэтаў. На рэалізацыю праграмы спатрэбіцца больш як Br491 млрд. Плануецца пабудаваць 73 дашкольныя ўстановы. Акрамя таго, прадугледжана перапрафіляваць 65 дашкольных устаноў і 339 груп, укараніць у іх новыя формы арганізацыі дашкольнай адукацыі, эканамічна больш мэтазгодныя. Яны будуць больш мабільныя па рэжыму знаходжання дзяцей і напрамках зместу дашкольнай адукацыі.
Недахопы ў заканадаўстве па развіццю бізнесу ў рэгіёнах будуць ліквідаваны ў бліжэйшы час
Урад прымае меры па ўстараненню недахопаў у заканадаўстве па развіццю бізнесу ў рэгіёнах Беларусі, заявіў сёння ў Мінску першы віцэ-прэм'ер Уладзімір Сямашка на пасяджэнні Нацыянальнага савета па працоўных і сацыяльных пытаннях.
Цяпер створаная заканадаўчая база па развіццю прадпрымальніцтва ў малых і сярэдніх гарадах рэспублікі працуе не ў поўнай меры, адзначыў ён. Прыняты ў пачатку года дэкрэт нумар 1 павінен стымуляваць развіццё прадпрымальніцтва ў малых гарадах, арганізацыю новых рабочых месц. З гэтай мэтай прадастаўляюцца прэферэнцыі прадпрыемствам, якія ствараюцца ў рэгіёнах. Аднак тыя, што дзейнічалі раней, працуюць на ранейшых умовах, гэта значыць іх прэферэнцыі не закранулі, растлумачыў Уладзімір Сямашка.
Недапрацоўкі, якія выявіліся на практыцы, у бліжэйшыя некалькі месяцаў будуць ліквідаваны, падкрэсліў першы віцэ-прэм'ер.
Разам з тым Урад стварае толькі макраўмовы для развіцця прадпрымальніцтва, а асноўную работу павінны праводзіць мясцовыя органы ўлады і самі прыватныя структуры. Яны павінны вырашаць, якія прадпрыемствы адкрываць і якіх інвестараў запрашаць, адзначыў Уладзімір Сямашка.
| |
© 2005-2008 Апарат Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь
Пры выкарыстанні інфармацыі спасылка на друкаваную крыніцу з`яўляецца абавязковай
Інфармацыйная падтрымка УП "Беларускае тэлеграфнае агенцтва"
|
|
|