НАВІНЫ
Падрыхтоўка да 65-годдзя вызвалення Беларусі павінна стаць агульнанацыянальнай
Падрыхтоўка да 65-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў павінна стаць агульнанацыянальнай. Аб гэтым заявіў Прэм'ер-міністр Сяргей Сідорскі на пасяджэнні ў Мінску Рэспубліканскага арганізацыйнага камітэта па падтрымцы і правядзенню святкавання 65-й гадавіны вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне. Кіраўнік Урада таксама з'яўляецца старшынёй аргкамітэта. Намеснікам старшыні Рэспубліканскага аргкамітэта выступае Кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Беларусі Уладзімір Макей.
"Важна, каб кожны дакладна ўяўляў канкрэтныя мэты і задачы, якія неабходна вырашыць пры падрыхтоўцы гэтага маштабнага мерапрыемства", - сказаў Прэм'ер. Пры гэтым ён адзначыў, што трэба "зыходзіць з асноватворнага прынцыпу: аб пераглядзе вынікаў Другой сусветнай вайны не можа быць гаворкі, і ставіць такое пытанне - кашчунства". "Агульны лозунг "Ніхто не забыты, нішто не забыта" павінен быць вызначальным ва ўсім комплексе мерапрыемстваў, якія праводзяцца на рэспубліканскім і мясцовым узроўні", - падкрэсліў Сяргей Сідорскі. Што датычыцца непасрэднай падрыхтоўкі да свята, то тут, на думку Прэм'ера, нельга паўтарацца, трэба распрацаваць новыя творчыя падыходы.
Акрамя таго, павінен быць праяўлены рэальны клопат дзяржавы аб здароўі ветэранаў. "Мы абавязаны зрабіць усё неабходнае для вырашэння бытавых і медыцынскіх праблем ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны", - дадаў Сяргей Сідорскі.
Як адзначыў на пасяджэнні аргкамітэта міністр працы і сацыяльнай абароны Уладзімір Патупчык, цяпер у Беларусі пражываюць 55,4 тыс. ветэранаў ВАВ, у тым ліку 41 тыс. інвалідаў і ўдзельнікаў вайны. За апошнія гады колькасць ветэранаў зменшылася ў 1,7 раза. Таму вельмі важна напярэдадні святкавання 65-й гадавіны вызвалення стварыць усе ўмовы, якія забяспечваюць ветэранам дастойнае жыццё, актыўную дзейнасць, пашану і павагу ў грамадстве. У Беларусі ўзровень пенсіённага забеспячэння інвалідаў і ўдзельнікаў вайны вышэйшы, чым у іншых катэгорый пенсіянераў. Так, сярэдні памер пенсіі па ўзросту ў інвалідаў вайны ў жніўні гэтага года склаў Br690 тыс., а пенсіі па інваліднасці - Br564 тыс.
Акрамя таго, яны маюць права на бясплатнае забеспячэнне лекавымі і тэхнічнымі сродкамі сацыяльнай рэабілітацыі, на першачарговае бясплатнае санаторна-курортнае лячэнне і аздараўленне. Адзін раз у год ветэраны могуць бясплатна праехаць у паяздах Беларускай чыгункі ўнутрырэспубліканскіх шляхоў зносін. Ветэраны таксама карыстаюцца льготамі па аплаце тэхнічнага абслугоўвання, камунальных паслуг, паслуг сувязі.
Разам з тым, адзначыў Уладзімір Патупчык, ветэранам у сувязі з іх узростам складана вырашаць жыццёвыя праблемы: яны маюць патрэбу ў рамонце жылля, надворных пабудоў, у апрацоўцы прысядзібных участкаў, забеспячэнні палівам, нарыхтоўцы бульбы і агародніны на зіму. Неабходна ім і матэрыяльная дапамога. На ўліку па паляпшэнню жыллёвых умоў знаходзяцца 1216 ветэранаў.
У сувязі з гэтым аргкамітэт прапануе распрацаваць мерапрыемствы па аказанню гэтай катэгорыі грамадзян сацыяльна-бытавых паслуг, дапамогі ў рамонце жылля. Будзе вызначаны аб'ём выконваемых работ. У мясцовых бюджэтах на 2009 год на гэтыя мэты неабходна прадугледзець адпаведнае фінансаванне.
У сувязі з юбілейнай датай Мінпрацы і сацыяльнай абароны распрацоўвае праект указа аб аказанні аднаразовай матэрыяльнай дапамогі ветэранам вайны і асобным катэгорыям грамадзян, якія пацярпелі ад наступстваў вайны. У сувязі з гэтым прапануецца аднаразовую матэрыяльную дапамогу аказаць усім катэгорыям ветэранаў Вялікай Айчыннай у аднолькавым памеры ў межах бюджэту пражытачнага мінімуму. На гэтыя мэты патрэбна будзе Br25 млрд. У праект указа прапануецца ўключыць і былых вязняў фашысцкіх канцлагераў, турмаў, гета і іншых месц прымусовага ўтрымання. Такіх грамадзян у Беларусі налічваецца 50 тыс. Такая дапамога раней ім не аказвалася.
Міністр аховы здароўя Васіль Жарко ў сваю чаргу расказаў аб медыцынскай дапамозе, якая аказваецца ветэранам і інвалідам Вялікай Айчыннай. У рэспубліцы адпрацавана дакладная сістэма арганізацыі медабслугоўвання гэтай катэгорыі насельніцтва. Для іх праводзіцца штогадовая поўная дыспансэрызацыя, распрацоўваюцца індывідуальныя праграмы медыцынскай рэабілітацыі. Праведзена зубное пратэзаванне для 99,2 працэнта тых, хто меў у гэтым патрэбу, слухавыя апараты атрымалі 100 працэнтаў.
Паводле слоў міністра сувязі і камунікацый Мікалая Панцялея, цяпер няма ніводнай незадаволенай заяўкі на ўстаноўку стацыянарных тэлефонаў для ветэранаў. Для іх дзейнічаюць ільготы па аплаце кватэрных тэлефонаў. Паводле разліковых даных, у 2009 годзе гэтыя льготы складуць для міністэрства Br344 млн., у 2010-м - Br388 млн.
Міністр культуры Уладзімір Мацвяйчук паведаміў аб падрыхтоўцы вялікай творчай праграмы святкавання 65-годдзя вызвалення Беларусі. Плануецца зарэзерваваць на тры дні для святочных мерапрыемстваў Палац Рэспублікі. Пройдуць тэматычныя кінапаказы ва ўсіх кінатэатрах краіны, прэм'еры мастацкіх фільмаў напярэдадні свята і іншыя мерапрыемствы.
Намечана таксама вялікая работа па ўдасканаленню грамадзянскага і патрыятычнага выхавання навучэнскай моладзі і школьнікаў. Кіраўнік урада прапанаваў развіваць новыя формы сустрэч і гутарак з моладдзю, паколькі сёння многім ветэранам з-за іх узросту складана бываць на сустрэчах з маладым пакаленнем. Таму на такія мерапрыемствы можна запрашаць герояў сённяшніх дзён - з Міністэрства абароны, МУС. Такая сімвалічная сувязь пакаленняў таксама можа выхоўваць моладзь, лічыць прэм'ер-міністр. Ён прапанаваў Міністэрству адукацыі скарэкціраваць свае планы ў гэтым напрамку.
Намеснік міністра замежных спраў Віктар Гайсёнак расказаў аб рабоце з ветэранамі Вялікай Айчыннай вайны, якія пражываюць за мяжой. Паводле ўдакладненых спісаў, іх налічваецца каля 65,5 тыс. чалавек. Усім ім будуць уручаны віншавальныя пісьмы ад Прэзідэнта Беларусі і юбілейныя медалі. Плануецца запрасіць у Беларусь на свята замежных грамадзян, якія ваявалі з фашызмам у Другой сусветнай вайне, а таксама ўдзельнікаў вызвалення рэспублікі.
На пасяджэнні аргкамітэта былі дэталёва прааналізаваны работа і далейшыя дзеянні па правядзенню рэстаўрацыі мемарыяльнага комплесу "Брэсцкая крэпасць-герой".
У Беларусі да 65-годдзя вызвалення ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў будзе заснаваны юбілейны медаль. Аб гэтым паведаміў Прэм'ер-міністр Беларусі Сяргей Сідорскі. Уручаць гэтыя медалі будуць ветэранам і ўдзельнікам вайны, якія пражываюць у Беларусі і за мяжой. Цяпер распрацоўваецца эскіз юбілейнага медаля. Усяго іх плануецца выпусціць каля 110 тыс. штук.
Да 1 кастрычніка 2008 года будзе падрыхтаваны праект праграмы святкавання 65-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, паведаміў сёння Кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Уладзімір Макей на пасяджэнні Рэспубліканскага арганізацыйнага камітэта па падрыхтоўцы і правядзенню святкавання 65-й гадавіны вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне. Уладзімір Макей з'яўляецца таксама намеснікам старшыні аргкамітэта.
Ён адзначыў, што прапанавана стварыць рабочую групу пры Адміністрацыі Прэзідэнта, якая да 1 кастрычніка 2008 года сумесна з урадам падрыхтуе праект праграмы святкавання 65-й гадавіны вызвалення Беларусі.
Свята пройдзе як агульнарэспубліканская культурная кампанія пад лозунгам "Мы перамаглі!". Сярод мерапрыемстваў, якія плануецца правесці, Уладзімір Макей назваў штогадовае рэспубліканскае фізкультурнае свята, ваенна-спартыўныя спаборніцтвы, а таксама ваенны парад, які будзе значна больш відовішчны, чым раней. Запланаваны выстаўка тавараў "Зроблена ў Беларусі", кірмашы народнай творчасці і мноства іншых мерапрыемстваў.
| |
© 2005-2008 Апарат Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь
Пры выкарыстанні інфармацыі спасылка на друкаваную крыніцу з`яўляецца абавязковай
Інфармацыйная падтрымка УП "Беларускае тэлеграфнае агенцтва"
|
|
|