НАВІНЫ
Урад разгледзiў вынікі выканання прагнозных паказчыкаў сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі за 5 месяцаў бягучага года
Міністэрству гандлю, Белкаапсаюзу неабходна забяспечыць бесперабойны зладжаны продаж сезонных тавараў, найбольш запатрабаваных у гэты час года. Такую задачу паставіў Прэм'ер-міністр Беларусі Сяргей Сідорскі на пасяджэнні Савета Міністраў, на якім абмяркоўваліся вынікі выканання прагнозных паказчыкаў сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі за 5 месяцаў бягучага года. Прэм'ер-міністр рэзка крытыкаваў гандаль за непаваротлівасць: "Чаму ў магазінах назіраюцца доўгія чэргі за вадой, прахаладжальнымі напіткамі?"
Сяргей Сідорскі падкрэсліў неабходнасць арганізацыі выставак-продажаў выязнога гандлю.
Інфляцыя ў Беларусі знаходзіцца пад кантролем, заявіў Прэм'ер-міністр Беларусі Сяргей Сідорскі. "Ёсць добрыя перадумовы для таго, каб інфляцыя была ў запланаваных рамках", - падкрэсліў ён.
Індэкс росту спажывецкіх цэн за 5 месяцаў 2008 года склаў 106,6 працэнта, што ўвайшло ў ніжні парог інфляцыі, запланаванай на год.
У Беларусі складскія запасы гатовай прадукцыі дасягнулі Br1,2 трлн., фактычна "замарожана" $2 млрд., адзначыў кіраўнік Урада Сяргей Сідорскі на пасяджэнні Савета Міністраў. Прэм'ер-міністр паставіў задачу разабрацца па кожнай пазіцыі складскіх запасаў, каб мець дакладнае разуменне таго, калі і колькі якой прадукцыі прадаваць. Па выніках гэтага аналізу магчыма карэкціроўка паказчыка па тэхналагічных запасах прадукцыі (цяпер - 63 працэнты).
Сяргей Сідорскі выказаў незадаволенасць работай дылерскіх сетак. У прыватнасці, размова ідзе аб залежах на складах прадукцыі, якая вельмі запатрабавана за мяжой (напрыклад, сухое малако, сыры). "Такая прадукцыя павінна распрадавацца імгненна, але пры гэтым затаваранасць расце", - падкрэсліў ён.
Вытворчасць спажывецкіх тавараў за 5 месяцаў гэтага года павялічылася на 14,2 працэнта ў параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года, у тым ліку харчовых тавараў - на 14,9 працэнта, нехарчовых - на 13,7 працэнта. Аднак перавыкананне прагнознага задання забяспечана пераважна за кошт высокіх тэмпаў у сакавіку і ў красавіку гэтага года. А ў маі тэмпы замарудзіліся як па агульных параметрах, так і ў разрэзе органаў кіравання. Такая інфармацыя прагучала сёння на пасяджэнні Савета Міністраў, на якім абмяркоўваліся вынікі выканання прагнозных паказчыкаў сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі за 5 месяцаў гэтага года.
Прэм'ер-міністр Сяргей Сідорскі назваў недапушчальным зніжэнне тэмпаў вытворчасці спажывецкіх тавараў. "Чаму падае вытворчасць? Чаму адступаем ад дасягнутых пазіцый?" - сказаў ён, дадаўшы, што паказчыкам эфектыўнасці работы з'яўляецца нарошчванне тэмпаў вытворчасці.
Паводле слоў міністра эканомікі Мікалая Зайчанкі, па выніках першага паўгоддзя сітуацыя істотна не зменіцца - тэмп росту вытворчасці спажывецкіх тавараў складзе, паводле ацэнкі, 114 працэнтаў. На жаль, усе канцэрны, за выключэннем "Беллегпрама", пралічваюць зніжэнне тэмпаў у чэрвені, дадаў ён.
Рост сярэднямесячнай зарплаты ў Беларусі апярэджвае прагнозны паказчык. Намінальная сярэднямесячная заработная плата работнікаў за студзень-май павялічылася на 23 працэнты да ўзроўню аналагічнага перыяду мінулага года пры прагнозным паказчыку на 5 месяцаў 2008 года 18 працэнтаў. Аб гэтым паведаміў Прэм'ер-міністр Беларусі Сяргей Сідорскі. Кіраўнік Урада адзначыў, што з 1 ліпеня бягучага года зарплата ўрачоў у паліклініках узрасце ў сярэднім на 25 працэнтаў, урачоў у бальніцах - на 10 працэнтаў. "Характэрна, што ў 2008 годзе, аб'яўленым Годам здароўя, значна ўмацоўваецца матэрыяльна-тэхнічная база ўстаноў аховы здароўя, фізкультурна-аздараўленчых і спартыўных арганізацый", - сказаў Сяргей Сідорскі.
Намінальная сярэдняя заработная плата работнікаў у цэлым па рэспубліцы ў маі склала 847 тыс. беларускіх рублёў, або $396, праінфармаваў міністр эканомікі Мікалай Зайчанка. Рэальная заработная плата ў студзені-красавіку ўзрасла ў параўнанні з адпаведным перыядам мінулага года на 8,8 працэнта, рэальныя грашовыя даходы насельніцтва - на 10,6 працэнта (прагноз на год - 11 працэнтаў).
"У бягучым годзе ўпершыню адзначаецца стабільнае павышэнне прадукцыйнасці працы над заработнай платай, - падкрэсліў міністр эканомікі. - Першы паказчык складае 109,5 працэнта і перасягае на 0,7 працэнтнага пункта заработную плату (з карэкціроўкай на ўзровень інфляцыі)".
Паводле слоў прэм'ер-міністра, да канца 2008 года ў Беларусі будзе рэалізавана 252 інавацыйныя праекты. З пачатку гэтага года 40 праектаў ужо ажыццёўлены. Сяргей Сідорскі нагадаў, што частка запланаваных на 2010 год інавацыйных праектаў пераносіцца на больш ранні тэрмін - 2008-2009 гады. З гэтай мэтай урад скарэкціраваў дзяржаўную інавацыйную праграму - цяпер у ёй 844 заданні, з іх 173 прадугледжваюць стварэнне новых прадпрыемстваў і вытворчасцей, больш як 270 - мадэрнізацыю.
Беларусь падыходзіць да завяршэння першай паловы пяцігодкі. "Гэта мяжа дае магчымасць прынцыпова ацаніць рэальныя дасягненні за мінулыя 2,5 года, максімальна выкарыстаць рэзервы і патэнцыял краіны", - сказаў Прэм'ер-міністр. Паводле яго слоў, асноўныя паказчыкі праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі на 2006-2010 гады выконваюцца, створаны фундамент для далейшай яе рэалізацыі. Ва ўрадзе абаронены планы дзеянняў па выкананню прагнозаў сацыяльна-эканамічнага развіцця ў 2008 годзе.
Тэмп росту ВУП за 5 месяцаў склаў 110,4 працэнта, пры тым што ў мінулым годзе за аналагічны перыяд гэты паказчык складаў 108,6 працэнта. Тэмп росту ў прамысловасці перасягнуў 113 працэнтаў, павелічэнне дабаўленай вартасці дасягнула 31,8 працэнта. "Гэта добры паказчык", - адзначыў Сяргей Сідорскі.
Ён таксама падкрэсліў, што індэкс спажывецкіх цэн знаходзіцца пад кантролем урада. У чэрвені інфляцыя плануецца на ўзроўні 0,5 працэнта. Рэзка ўзрос тэмп росту інвестыцый - 122,5 працэнта. Іх прыцягнута больш як Br10 трлн. Пры гэтым больш як 60 працэнтаў інвестыцый накіравана на рэфармаванне эканомікі.
Кіраўнік Урада таксама адзначыў рост рэальных грашовых даходаў у краіне. Так, рэальная заработная плата склала Br791 тыс., або $370 у эквіваленце.
На пасяджэнні Савета Міністраў Прэм'ер-міністр Беларусі Сяргей Сідорскі таксам заклікаў арганізоўваць у Беларусі ліцэнзійныя вытворчасці. "Стварайце новыя прадпрыемствы, калі неабходна, купляйце ліцэнзійныя заводы", - сказаў ён, дадаўшы, што гэта неабходна для нарошчвання інвестыцый і дынамічнага развіцця эканомікі. "Калі гэтага не адбудзецца цяпер, пасля будзе больш складана", - лічыць Сяргей Сідорскі.
Паводле яго слоў, неабходна ўтрымаць тэмп росту інвестыцый 125 працэнтаў як у вытворчай, так і ў невытворчай сферы. Ацэньваючы ў цэлым работу галін за 5 месяцаў, Сяргей Сідорскі крытыкаваў канцэрн "Беллегпрам", на прадпрыемствах якога растуць складскія запасы. "Работа тут не рухаецца", - канстатаваў Прэм'ер.
Ёсць пытанні і да Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва. Цяпер тэмп росту будаўніцтва жылля складае 117 працэнтаў, хоць у мінулым годзе ён быў амаль у два разы вышэйшы. Сяргей Сідорскі заклікаў аб'ектыўна разабрацца ва ўсіх нявырашаных пытаннях і прыняць своечасовыя меры.
Акрамя таго, Прэм'ер-міністр запатрабаваў ліквідаваць адставанне па тэмпах нарыхтоўкі кармоў. Сяргей Сідорскі адзначыў, што "ёсць разлікі на добры ўраджай", у той жа час нарыхтоўка кармоў ідзе маруднымі тэмпамі. Кіраўнік ўрада запатрабаваў на працягу 10 дзён завяршыць укос траў, абагачаных карацінам. "Упусціўшы тэрміны, мы атрымаем кармы, у якіх пераважае пераважна клятчатка, а не карацін, што ў выніку паўплывае на вытворчасць малака", - сказаў Прэм'ер. У гэтай сувязі ён раскрытыкаваў галіновае міністэрства, якое атрымала Br1,5 трлн. на тэхніку, але аддачы ад гэтага пакуль што няма.
Закранаючы выкананне іншых паказчыкаў, Прэм'ер-міністр заклікаў кіраўнікоў міністэрстваў і канцэрнаў "не каменціраваць статыстыку", а дакладна ставіць праблему і прапаноўваць шляхі яе вырашэння. "Мы павінны зыходзіць з таго, што кожнае міністэрства і ведамства мае план дзеянняў. Яго можна карэкціраваць, але адыходзіць ад прынятай стратэгіі нельга ні на крок", - падкрэсліў Сяргей Сідорскі. - Ад дасягнутага выніку мы павінны толькі прыбаўляць".
Паводле слоў Прэм'ер-міністра, урад, не чакаючы вынікаў чэрвеня, пачне аналізаваць чаканыя паказчыкі за першае паўгоддзе, каб аб'ектыўна ацаніць работу і "зазірнуць, як будуць выконвацца прагнозы за 9 і 12 месяцаў 2008 года".
Сяргей Сідорскі таксама выказаў незадаволенасць работай па зніжэнню адмоўнага знешнегандлёвага сальда. Па выніках студзеня - красавіка тэмп росту экспарту перасягае тэмп росту імпарту, але ў доларавым эквіваленце экспарт уступае імпарту. У сувязі з гэтым Прэм'ер нагадаў, што выкананне прагнознага паказчыка гандлёвага сальда "ніхто не адмяняў і не карэкціраваў, таму над гэтай задачай трэба працаваць". Знешнегандлёвае сальда па выніках 2008 года павінна скласці не больш як мінус $1,140 млрд. З пачатку гэтага года ў рэспубліку ўвезена прамежкавага імпарту на $9,5 млрд., што ў 1,7 раза больш, чым за аналагічны перыяд мінулага года. Прэм'ер-міністр лічыць, што гэта вельмі шмат, і такі імпарт неабходна скарачаць.
Як паведаміў міністр эканомікі Мікалай Зайчанка на пасяджэнні Савета Міністраў, у Беларусі за студзень-май гэтага года ўведзена 1620 тыс. кв.м жылля за кошт усіх крыніц фінансавання, што складае 31,2 працэнта ад гадавога задання і 62,3 працэнта ад задання на першае паўгоддзе.
Паводле яго слоў, у разрэзе рэгіёнаў лепш за ўсё па ўводу жылля выглядае Мінская вобласць. Тут за 5 месяцаў уведзена больш як 43 працэнты ад гадавога задання. На жаль, канстатаваў міністр эканомікі, самы нізкі працэнт уводу жылля ў Мінску (усяго 17,7 працэнта ад задання на 2008 год).
За 5 месяцаў у Беларусі ўведзена 921 тыс. кв.м жылля для грамадзян, якія знаходзяцца на ўліку маючых патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў. Гэта складае 56,8 працэнта ад агульнага аб'ёму ўводу жылля па рэспубліцы і 23,4 працэнта ад гадавога задання па ўводу жылля для маючых патрэбу. Мікалай Зайчанка нагадаў, што працэнт уводу жылля для маючых патрэбу ўстаноўлены на ўзроўні 76 працэнтаў ад агульнага аб'ёму жыллёвага будаўніцтва. "Бліжэй за ўсё да гэтага ўзроўню падышла Брэсцкая вобласць, дзе для маючых патрэбу ўведзена 67,5 працэнта ад агульнага ўводу жылля, - сказаў Мікалай Зайчанка. - Мінімальны гэты паказчык у Мінску - 48 працэнтаў ад агульнага ўводу".
Адна з асноўных прычын адставання ў будаўніцтве жылля ў сталіцы - недахоп будаўнікоў асноўных прафесій - муляраў, кранаўшчыкоў, аддзелачнікаў. Паводле інфармацыі Мінгарвыканкама, дэфіцыт будаўнічых кадраў складае каля 4 тыс. спецыялістаў.
У студзені-красавіку бягучага года рэнтабельнасць РУП "ВА "Беларуськалій" склала 160,7 працэнта, "Беларуснафта" - 57,9 працэнта. Галоўным чынам за кошт гэтых высокіх паказчыкаў рэнтабельнасць у канцэрне "Белнафтахім" сфарміравалася на ўзроўні 31,4 працэнта. Аб гэтым паведаміў міністр эканомікі Мікалай Зайчанка.
Рэнтабельнасць рэалізаванай прадукцыі, работ і паслуг у прамысловасці склала за 4 месяцы 17,4 працэнта пры прагнозе на год 13 працэнтаў. Для параўнання: за 4 месяцы 2007 года яна была роўная 12,6 працэнта. Паводле слоў міністра эканомікі, прагнозны ўзровень дасягнуты ўсімі міністэрствамі і канцэрнамі, акрамя Мінсельгасхарча і Дзяржкамваенпрама. У Міністэрстве прамысловасці паказчык рэнтабельнасці дасягнуў 18,8 працэнта, прычым у бягучым годзе ён стабільна ўзрастаў кожны месяц.
У цэлым па прамысловасці значна знізілася доля маларэнтабельных прадпрыемстваў - з 35,9 працэнта ў студзені-красавікку 2007 года да 29,1 працэнта ў студзені-красавіку гэтага года. Адпаведна ўзрасла доля прадпрыемстваў з сярэдняй і высокай рэнтабельнасцю. У той жа час, падкрэсліў Мікалай Зайчанка, удзельная вага маларэнтабельных арганізацый застаецца высокай у прамысловасці Мінсельгасхарча, Мінгандлю, Белкаапсаюза.
Большасць важнейшых параметраў прагнозу сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі ў першым паўгоддзі 2008 года будуць выкананы з захаваннем дасягнутых тэмпаў росту, заявіў міністр эканомікі.
Тэмп росту ВУП Беларусі ў першым паўгоддзі складзе 110,3 працэнта. Высокія паказчыкі чакаюцца і па параметрах прагнозу, якія вызначаюць якасць эканомікі. Так, за студзень - май прадукцыйнасць працы будзе ў межах 109,6 працэнта пры прагнозе 108,8 працэнта. Рэнтабельнасць рэалізаванай прадукцыі ў прамысловасці складзе 17,3 працэнта пры прагнозе 13 працэнтаў.
Тэмп росту інвестыцый у асноўны капітал за студзень - чэрвень складзе 123 працэнты. Рознічны тавараабарот будзе забяспечаны на ўзроўні 120 працэнтаў пры прагнозе 113 працэнтаў. Увод у эксплуатацыю агульнай плошчы жылых дамоў складзе 2,6 млн.кв.м - гэта палавіна гадавога задання.
Недавыкананне чакаецца па вытворчасці прадукцыі сельскай гаспадаркі, па росту рэальных грашовых даходаў насельніцтва, платных паслугах. Сальда знешняга гандлю таварамі і паслугамі за 5 месяцаў пралічваецца ў аб'ёме мінус $835 млн.
Паводле слоў Мікалая Зайчанкі, гэта аб'ектыўнае адлюстраванне стану эканомікі, дасягнутыя паказчыкі сведчаць аб высокіх тэмпах эканамічнага росту і з'яўляюцца добрай базай для паспяховай работы ў другім паўгоддзі.
Адбылася сустрэча Прэм'ер-міністра Беларусі з Дзяржаўным сакратаром Саюзнай дзяржавы
Інфармацыя аб продажах сухога малака ў Расію па дэмпінгавых цэнах не адпавядае сапраўднасці, паведаміў сёння Прэм'ер-міністр Беларусі Сяргей Сідорскі на сустрэчы з Дзяржаўным сакратаром Саюзнай дзяржавы Паўлам Барадзіным.
"Мяне здзівіла заява першага намесніка кіраўніка ўрада Расіі Віктара Зубкова аб тым, што Беларусь працягвае дэмпінгаваць сухім малаком, - сказаў Сяргей Сідорскі. - Прынамсі я і ў асабістай размове з ім і ў адпаведным пісьме адзначыў, што на сённяшні дзень гэты дэфіцытны тавар мы можам прадаць на любым рынку. А то дайшлі ўжо да таго, што ён назначае антыдэмпінгавае расследаванне".
Пры гэтым Прэм'ер-міністр Беларусі падкрэсліў, што з расійскага боку паступалі асобныя просьбы па міжурадаваму пагадненню прадаць сухое малако па цэнах крыху ніжэйшых, каб падтрымаць сацыяльную сферу. Усё астатняе малако прадаецца праз біржу, падкрэсліў Сяргей Сідорскі.
Паводле слоў кіраўніка беларускага Урада, ён плануе абмеркаваць гэта пытанне ва ўрадзе Расіі. Сяргей Сідорскі дадаў, што гэта сітуацыя яму нагадвае "другую цукровую праблему".
У парадак дня маючага адбыцца пасяджэння саюзнага Саўміна ўключана больш за 20 пытанняў, паведаміў таксама Прэм'ер-міністр Беларусі Сяргей Сідорскі на сустрэчы з Паўлам Барадзіным.
Ключавымі пытаннямі будуць праект бюджэту Саюзнай дзяржавы на 2009 год, рэалізацыя канкрэтных саюзных праграм і даручэнняў кіраўнікоў дзяржаў. Акрамя таго, бакі абмяркуюць узаемадзеянне ў транспартнай, мытнай сферах. "Гэтыя пытанні я планую абмеркаваць з кіраўніком Урада Расіі Уладзімірам Пуціным, каб максімальна зняць тыя бар'еры, якія сёння перашкаджаюць нармальнаму прасоўванню тавараў, прадукцыі і свабоднаму рынку ў Саюзнай дзяржаве", - сказаў Сяргей Сідорскі.
Ён нагадаў, што на мінулым тыдні адбылася сустрэча Кіраўнікоў дзяржаў Беларусі і Расіі ў Брэсце, па выніках якой быў падпісаны дакумент, нацэлены на паглыбленне інтэграцыі, далейшае развіццё кааперацыйных сувязей. "Прэзідэнты адзначылі важнасць пытанняў развіцця сувязей паміж нашымі народамі, забеспячэння роўных правоў грамадзян. Мы чакаем, што гэтыя пытанні будуць вырашаны ў бягучым годзе", - сказаў Прэм'ер-міністр Беларусі.
У цэлым кіраўнік беларускага Урада пазітыўна ацаніў работу, праведзеную ў сакратарыяце Саюзнай дзяржавы па падрыхтоўцы пытанняў, якія неабходна вырашыць.
Як паведаміў сёння журналістам Дзяржаўны сакратар Саюзнай дзяржавы Павел Барадзін, саюзны бюджэт на 2009 год ацэньваецца ў суме больш за 5,5 млрд. расійскіх рублёў.
Павел Барадзін адзначыў, што пытанні фарміравання праекта бюджэту Саюза Беларусі і Расіі на будучы год і іншыя актуальныя пытанні гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва краін былі абмеркаваны 23 чэрвеня на яго сустрэчы з кіраўніком урада Расіі Уладзімірам Пуціным напярэдадні маючага адбыцца пасяджэння Савета Міністраў Саюзнай дзяржавы, якое адбудзецца 27 чэрвеня ў Маскве. Прадугледжваецца, што ў 2009 годзе ўзносы Беларусі і Расіі ў саюзны бюджэт будуць павялічаны на 25 працэнтаў. Таксама на будучы год у даходную частку бюджэту пяройдзе астатак 2008 года ў памеры 523 млн. расійскіх рублёў.
У цэлым за кошт сродкаў саюзнага бюджэту цяпер фінансуюцца 32 вытворчыя праграмы, на будучы год заяўкі пададзены па 84 такіх праграмах.
Таксама на маючым адбыцца пасяджэнні саюзнага Саўміна плануецца разгледзець работу калегіяльных органаў Саюзнай дзяржавы. Паводле слоў Паўла Барадзіна, станоўчую ацэнку заслугоўвае работа сумесных калегій мінюстаў, мінабароны, міністэрстваў замежных спраў і міністэрстваў унутраных спраў. Павел Барадзін адзначыў, што практычна не працуюць калегіі мінфінаў, мінэканомікі, міністэрстваў прамысловасці, сельскай гаспадаркі, транспарту.
У парадак дня маючага адбыцца пасяджэння Савета Міністраў Саюзнай дзяржавы ўключаны пытанні супрацоўніцтва ў транспартнай, мытнай сферах, а таксама пытанні цэнавай палітыкі, узаемадзеяння ў галіне паставак сельгаспрадукцыі.
Акрамя таго, дзяржсакратар Саюзнай дзяржавы лічыць неабходным забяспечыць удзел прадстаўнікоў Пастаяннага камітэта Саюзнай дзяржавы на сустрэчах у рамках Саюзнай дзяржавы.
"Нам таксама патрэбна новая, трэцяя праграма па дызельнаму аўтамабілебудаванню, нам патрэбны рухавікі Еўра-5, Еўра-6", - сказаў ён.
Акрамя гэтага, Павел Барадзін лічыць неабходным "ратыфікаваць пагадненне аб уласнасці Саюзнай дзяржавы".
Паводле даных Паўла Барадзіна, цяпер у рамках Саюзнай дзяржавы працуе 28 тыс. прадпрыемстваў, на якіх створана 5 млн. рабочых месц.
Навукова-тэхнічнае супрацоўніцтва Беларусі і Кітая садзейнічае павышэнню канкурэнтаздольнасці дзвюх краін
Навукова-тэхнічнае супрацоўніцтва Беларусі і Кітая садзейнічае павышэнню канкурэнтаздольнасці дзвюх краін. Аб гэтым заявіў Першы намеснік Прэм'ер-міністра Беларусі Уладзімір Сямашка сёння ў Мінску на адкрыцці выстаўкі, прымеркаванай да Дзён навукі КНР у Беларусі.
Супрацоўніцтва Беларусі і Кітая ў навукова-тэхнічнай сферы паспяхова развіваецца з 1992 года. Навукова-тэхнічнае супрацоўніцтва за час узаемадзеяння прадстаўнікоў навуковых галін дзвюх краін набыло выразную структуру. Сёння вучоныя ажыццяўляюць сумесную навукова-даследчую работу ў сферы прамысловасці, сельскай гаспадаркі, новых матэрыялаў, біятэхналогій, хіміі. "Нашых спецыялістаў аб'ядноўваюць агульныя інтарэсы, іх узаемадзеянне дае канкрэтныя вынікі, якія садзейнічаюць павышэнню канкурэнтаздольнасці нашых эканомік", - сказаў Уладзімір Сямашка.
Паводле яго пераканання, партнёрства навуковых колаў Беларусі і Кітая не было б такім паспяховым без тых цёплых, даверных адносін, якія склаліся паміж дзвюма краінамі за апошнія гады. "Кітай - краіна, што дынамічна развіваецца, з багатым навуковым патэнцыялам, у якой ёсць чаму павучыцца і ёсць што пераняць", - падкрэсліў першы віцэ-прэм'ер.
У сваю чаргу намеснік міністра навукі і тэхналогій Кітая Цао Цзяньлінь дадаў, што супрацоўніцтва Беларусі і Кітая ў навуковай сферы забяспечвае больш дынамічнае ўкараненне высокіх тэхналгій і навуковых дасягненняў вытворчасці. Папулярызацыі вынікаў даследаванняў вучоных дзвюх краін садзейнічаюць сумесныя навукова-тэхналагічныя цэнтры, а таксама беларуска-кітайскі тэхнапарк. "Нягледзячы на тое, што нашы краіны раздзелены адлегласцю, наша дружба і цесныя эканамічныя адносіны ўстойліва развіваюцца і даюць высокія вынікі", - сказаў Цао Цзяньлінь.
Ён адзначыў, што з-за нядаўняга землетрасення ў Кітаі на бягучай выстаўцы прадстаўлена меншая колькасць экспанатаў, чым запланавана. "Аднак мы спадзяёмся, што гэта не паўплывае на працэс устанаўлення новых навуковых і дзелавых кантактаў паміж дзвюма краінамі, - дадаў Цао Цзяньлінь. - Мы таксама шчыра ўдзячныя Беларусі і беларускаму народу за дапамогу, аказаную нам у цяжкі перыяд".
На выстаўцы, прымеркаванай да Дзён навукі і тэхналогій Кітайскай Народнай Рэспублікі ў Беларусі, прадстаўлена больш за 120 навуковых распрацовак. У экспазіцыю ўваходзяць не толькі навуковыя дасягненні кітайскіх вучоных, але і вынікі сумесных беларуска-кітайскіх праграм і праектаў. Наведвальнікі могуць пазнаёміцца з навуковымі распрацоўкамі вучоных дзвюх краін у галіне новых матэрыялаў, біятэхналогій, электронікі, оптаэлектронікі, экалогіі, транспарту, рэсурсазберегальных тэхналогій.
Арганізатарамі мерапрыемства выступаюць Дзяржаўны камітэт па навуцы і тэхналогіях Беларусі і Міністэрства навукі і тэхналогій Кітая. Кітайскую дэлегацыю ўзначальвае намеснік міністра навукі і тэхналогій Цао Цзяньлінь.
| |
© 2005-2008 Апарат Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь
Пры выкарыстанні інфармацыі спасылка на друкаваную крыніцу з`яўляецца абавязковай
Інфармацыйная падтрымка УП "Беларускае тэлеграфнае агенцтва"
|
|
|