Рус | Бел | Eng   Галоўная | Зваротная сувязь | Кантакты | Карта сайта
 
 
ГАЛОЎНАЕ
Прэм'ер-міністр Беларусі зрабіў рабочую паездку ў Брэсцкую вобласць
1 2 3 4 5 6 7 8 9 10
Прэм'ер-міністр Беларусі Сяргей Сідорскі 1 верасня зрабіў рабочую паездку ў Брэсцкую вобласць.
 

Навіны

26.06.2009

Беларусь гатова пашыраць узаемадзеянне з Літвой у сферах альтэрнатыўнай энергетыкі і турызму

1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11
Беларусь гатова пашыраць узаемадзеянне з Літвой у сферах альтэрнатыўнай энергетыкі, турызму і на рэгіянальным узроўні. Аб гэтым заявіў Прэм'ер-міністр Беларусі Сяргей Сідорскі 29 чэрвеня на сустрэчы ў Гродне з Прэм'ер-міністрам Літоўскай Рэспублікі Андрусам Кубілюсам.

Пры гэтым беларускі Прэм'ер адзначыў, што першараднае значэнне ў двухбаковых адносінах ва ўмовах сусветнага крызісу павінны мець дыверсіфікацыя гандлю, работа сумесных прадпрыемстваў, актывізацыя інвестыцыйнага супрацоўніцтва.

"Ад сённяшняга ўзаемадзеяння нашых краін у многім залежыць бяспека рэгіёну. У пачатку 2009 года назіралася добрая дынаміка двухбаковых гандлёва-эканамічных адносін. Калі браць пад увагу не толькі гандаль, але і паслугі і перамяшчэнне капіталу, мы выйшлі на $1 млрд., і гэта вельмі добры паказчык. Гэта лічба не павінна страчвацца. Трэба шукаць шляхі пералому крызіснай сітуацыі", - сказаў Сяргей Сідорскі.

Прэм'ер-міністр Беларусі яшчэ раз падкрэсліў важнасць абмеркавання пытанняў супрацоўніцтва ў рамках праграмы "Усходняе партнёрства". "Мы гатовы рэалізаваць канкрэтныя праекты - энергетычныя, транзітныя", - дадаў ён.

Сяргей Сідорскі лічыць магчымым разгледзець таксама пытанні прыдарожнага сэрвісу. Беларускі ўрад прыняў канкрэтную праграму па яго развіццю, і Літва можа паўдзельнічаць у гэтым. "Нам важна абмеркаваць нашы магчымасці, каб мінімізаваць наступствы крызісу, стабілізаваць тавараабарот, не дапусціць спаду эканомік, дапамагчы бізнесу", - адзначыў Прэм'ер.

"Мы лічым "Усходняе партнёрства" вельмі важным інструментам для таго, каб увесь наш рэгіён развіваўся ў напрамку збліжэння, інтэграцыі на эканамічным, энергетычным, транспартным узроўнях", - сказаў Прэм'ер-міністр Літоўскай Рэспублікі Андрус Кубілюс.

Ён адзначыў, што да 2012 года Літва паспрабуе стаць старшынствуючай краінай у ЕС. "У такім выпадку праграма нашага суседскага супрацоўніцтва можа стаць адным з галоўных прыярытэтаў", - дадаў літоўскі Прэм'ер.

Андрус Кубілюс паведаміў, што ў час сустрэчы адбылася канструктыўная размова, у ходзе якой былі абмеркаваны "планы па агульных ініцыятывах, якія прыносілі б карысць і Літве, і Беларусі", у прыватнасці, у напрамку развіцця транспартных калідораў, якія звязваюць еўрапейскія і азіяцкія рынкі, агульнаэканамічныя планы па інвестыцыях і ўзаемным гандлі. "Таксама мы зможам эфектыўна рухацца наперад па энергетычных пытаннях", - лічыць Прэм'ер-міністр Літвы.

Як заявіў журналістам па выніках сустрэчы Прэм'ер-міністр Беларусі Сяргей Сідорскі, Беларусь гатова пастаўляць у Літву да 5 млрд. кВт.гадз электраэнергіі.

"Мы ведаем аб тым, што літоўскія калегі са студзеня 2010 года закрываюць блокі Ігналінскай АЭС, і гатовы пастаўляць электраэнергію ў Літву. Беларускія электрасеткі маюць дастатковыя аб'ёмы для таго, каб да 5 млрд. кВт.гадз экспартаваць у гэтым напрамку", - сказаў Сяргей Сідорскі.

На сустрэчы Прэм'ер-міністраў у Гродне размова ішла таксама аб тым, каб пашырыць удзел Беларусі ў транзіце грузаў з Літвы і іншых краін Балтыі ў паўднёвым напрамку. Сяргей Сідорскі нагадаў, што ўжо існуе праект "Вікінг", але "ва ўмовах фінансавага крызісу Беларусь і Літва маглі б прыкласці ўсе намаганні і прыняць узважаныя рашэнні, каб максімальна сустрэчныя патокі грузаў пайшлі праз Беларусь".

Цяпер больш як 6 млн.т беларускіх грузаў праходзяць праз Клайпедскі порт. "Гэта значны аб'ём для падтрымання эканомікі Літвы, у тым ліку для фарміравання літоўскага бюджэту", - лічыць беларускі прэм'ер.

Закранаючы тэму "Усходняга партнёрства, Сяргей Сідорскі адзначыў, што абедзве краіны "практычна ставяцца да мэт праграмы". "Нас цікавяць энергетычныя, транспартныя пытанні, пытанні развіцця тавараабароту паміж нашымі дзяржавамі, свабоднага гандлю паміж Беларуссю і ЕС, зняцця прэферэнцыяльных паправак, якія былі ўведзены ў свой час, - сказаў ён. - Мы спадзяёмся, што з нашымі літоўскімі калегамі гэтыя пытанні вырашым у бліжэйшай перспектыве".

Акрамя таго, Літва ў гэтым годзе будзе старшынёй у Савеце дзяржаў Балтыйскага мора, у якім Беларусь мае статус наглядальніка. У сувязі з гэтым ёсць магчымасць тыя пытанні, якія да гэтага часу разглядаліся ў фармаце Беларусь-Літва, абмяркоўваць на ўзроўні балтыйскага савета. "Ёсць усе падставы для таго, каб Беларусь стала паўнапраўным членам гэтага савета", - лічыць Прэм'ер.

Літва з'яўляецца важным эканамічным партнёрам Беларусі і займае 9-е месца ў агульным тавараабароце, 7-е - у аб'ёме экспарту і 13-е - у аб'ёме імпарту. Таварааабарот паміж Беларуссю і Літвой у 2008 годзе склаў $856,4 млн. і ўзрос на 15 працэнтаў адносна 2007 года. Беларускі экспарт у Літву вырас на 10,3 працэнта і склаў $622,5 млн. Літоўскі імпарт павялічыўся на 29,9 працэнта да $233,97 млн. Сальда дадатнае - $388,5 млн. У студзені-красавіку 2009 года тавараабарот скраціўся на 57,7 працэнта ў параўнанні з аналагічным перыядам 2008 года. Экспарт у Літву склаў $81,9 млн., імпарт - $55,6 млн. Сальда захоўваецца дадатнае для Беларусі ў памеры $26,3 млн.

У Беларусі зарэгістравана 318 прадпрыемстваў з удзелам літоўскіх партнёраў, у тым ліку 177 сумесных і 141 замежнае прадпрыемства. У 2008 годзе аб'ём паступлення літоўскіх інвестыцый склаў $16,3 млн., дзе $10,9 млн. - прамыя інвестыцыі.


У Беларусі намецілася тэндэнцыя да зніжэння прыросту складскіх запасаў гатовай прадукцыі

У Беларусі намецілася тэндэнцыя да зніжэння прыросту складскіх запасаў гатовай прадукцыі. Аб гэтым заявіў сёння Першы віцэ-прэм'ер Уладзімір Сямашка, выступаючы ў Палаце прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу.

Так, у пачатку года месячны прырост складскіх запасаў складаў прыкладна Br1 трлн. На 1 красавіка гэты паказчык знізіўся да Br448 млрд., на 1 чэрвеня - Br183 млрд. Разам з тым па выніках першага паўгоддзя прагназуецца паказчык запасаў гатовай прадукцыі да сярэднямесячнага аб'ёму вытворчасці на ўзроўні 98,2 працэнта. Такім чынам, запасы застаюцца высокімі, хоць з кожным месяцам іх прырост крыху скарачаецца. Асабліва высокія аб'ёмы нерэалізаванай прадукцыі на буйных валаўтваральных прадпрыемствах, канстатаваў Уладзімір Сямашка.

Дзяржпадтрымка ў 2009 годзе будзе аказана цэламу шэрагу прамысловых прадрыемстваў Беларусі, заявіў Уладзімір Сямашка. "Адна з задач для стварэння ўмоў дынамічнага развіцця эканомікі - зніжэнне кошту крэдытных рэсурсаў. Гэта пытанне шмат разоў узнімалася дырэктарскім корпусам прамысловых прадпрыемстваў. Цяпер падрыхтаваны праект пастановы Савета Міністраў аб некаторых антыкрызісных мерах, у адпаведнасці з якой прадугледжана аказаць у 2009 годзе дзяржпадтрымку цэламу шэрагу прамысловых арганізацый", - сказаў Уладзімір Сямашка.

Ён таксама паведаміў, што ў Беларусі прадаўжаецца работа па пабудове арганізацыі продажаў прадукцыі праз сістэму лізінгу. Падрыхтаваны праекты дакументаў па стварэнні дзяржаўнай лізінгавай кампаніі. З расійскімі, украінскімі і іншымі кампаніямі адпрацаваны ўмовы далейшай сумеснай работы ў гэтым напрамку.

"Да гэтага часу дзейнічаюць забаронныя меры ў адносінах да беларускай тэхнікі ў Расіі", - сказаў Уладзімір Сямашка. Ён адзначыў, што бакі выпрацоўваюць механізмы ўзаемнага субсідзіравання за кошт бюджэтных сродкаў набыцця аўтатрактарнай, дарожнай, будаўнічай тэхнікі. Пры гэтым першы віцэ-прэм'ер заўважыў: "Вам можа здацца, што няма праблем па прасоўванню нашай тэхнікі ў Расіі. Але гэта не так". Пастановай расійскага Урада ад снежня 2008 года зняты пэўныя абмежаванні, якія датычацца правядзення закупак на агульных падставах, гэта значыць знята 15-працэнтная надбаўка, што прымянялася раней. Такім чынам, сёння на беларускія тавары, якія ўвозяцца ў Расію, яна не распаўсюджваецца.

"Але калі ўзяць статыстыку, то 85-90 працэнтаў прадукцыі (аўтатрактарнай, сельгастэхнікі) купляецца ў Расіі асобнымі спажыўцымі з улікам прэферэнцый, субсідый іх федэральнага бюджэту праз Рассельгасбанк. Гэта значыць зразумела, што купляецца толькі расійская тэхніка", - сказаў Уладзімір Сямашка.

Ён таксама дадаў: "Мы гаворым: давайце на парытэтных умовах будзем субсідзіраваць куплю. Вы субсідзіруеце беларускую і расійскую тэхніку ў сябе ў Расіі, мы субсідзіруем беларускую і расійскую тэхніку ў сябе ў Беларусі. Прычым глыбіня нашых субсідый значна большая". Уладзімір Сямашка растлумачыў, што ў Расіі субсідыі складаюць дзве трэці працэнтнай стаўкі па банкаўскім крэдыце. У Беларусі ж дарагая тэхніка субсідзіруецца ў памеры 50 працэнтаў намінальнага кошту і поўнай працэнтнай стаўкі па банкаўскім крэдыце. "Мы гатовы ісці на такія выдаткі і прапануем парытэтныя адносіны з Расіяй", - сказаў першы віцэ-прэм'ер.

Пратэкцыянісцкая палітыка Расіі і Украіны перашкаджае развіццю знешняга гандлю Беларусі. Праблема заключаецца ў плацежаздольнасці пакупніка, удакладніў першы віцэ-прэм'ер. Цэнавы фактар заўсёды адыгрываў пэўную ролю ў гандлі. "Немалую ролю тут займае і пратэкцыянісцкая палітыка, уведзеная ў суседніх краінах - Расіі і Украіне - адносна прыярытэту на закупку айчыннай прадукцыі", - сказаў Уладзімір Сямашка.

На зніжэнне экспарту Беларусі, у прыватнасці ў хімічнай прамысловасці, таксама паўплываў фактар падзення попыту на сусветных рынках. Гэта адбілася на продажы Беларуссю хімічных валокнаў. Знізіўся попыт на хлорысты калій. У выніку за 5 месяцаў бягучага года вытворчасць калійных угнаенняў склала толькі 40 працэнтаў да аналагічнага ўзроўню мінулага года.

Цяпер неабходна больш актыўна знаходзіць прынцыпова новыя рынкі збыту беларускай прадукцыі. Практыка паказала, што гэта цалкам рэальная задача, заявіў Уладзімір Сямашка.

Ён паведаміў, што па распараджэнні Прэм'ер-міністра створана рабочая група пад старшынствам віцэ-прэм'ера Андрэя Кабякова з мэтай падрыхтоўкі і ўнясення ў Саўмін да 20 ліпеня праекта сістэмных мер па збалансаванасці эканомікі. Гэтыя меры прадугледжваюць павелічэнне экспарту беларускай прадукцыі, з аднаго боку, і змяншэнне аб'ёму імпарту, з другога.

"Крызіс вымушае больш энергічна вырашаць праблемы, якія накопліваліся гадамі. Формула рашэнняў простая: купляй менш - прадавай больш", - падкрэсліў Уладзімір Сямашка.

Першы намеснік прэм'ер-міністра адзначыў, што паспяхова развіваецца гандаль з Венесуэлай. За першыя чатыры месяцы 2009 года экспарт у Венесуэлу склаў $181 млн. і павялічыўся ў параўнанні з аналагічным перыядам 2008 года ў два разы. У Венесуэлу пастаўляюцца аўтамабілі МАЗ, трактары, сельгастэхніка, калійныя ўгнаенні, сухое малако. Рэалізуюцца праекты па будаўніцтве зборачных заводаў аўтатэхнікі на базе шасі МАЗ, трактароў, кар'ернай і шахтавай тэхнікі БелАЗа. "Аналагічныя праекты плануецца рэалізоўваць у Казахстане, ёсць рух у гэтым напрамку ва Украіне, вядуцца перагаворы з краінамі Паўночнай Афрыкі і Персідскага заліва. У Еўрасаюзе пашыраюцца раней створаныя намі збытавыя і зборачныя структуры", - сказаў Уладзімір Сямашка.

Расійскі бок пацвердзіў гатоўнасць прафінансаваць будаўніцтва АЭС у Беларусі ў аб'ёме крэдыту $9 млрд. Паводле слоў Уладзіміра Сямашкі, 22 чэрвеня 2009 года атрымана паведамленне ад прэм'ер-міністра Расіі Уладзіміра Пуціна, у якім гаворыцца, што расійскі бок "разглядае гатоўнасць аказання дзяржаўнай фінансавай падтрымкі" адносна прапановы аб прадастаўленні ў 2010-2018 гадах дзяржаўнага крэдыту Беларусі ў суме $9 млрд. для будаўніцтва АЭС.

Сума запрошваемага крэдыту вызначана з улікам развіцця інфраструктуры Астраўца і прылеглых раёнаў. "Тут трэба стварыць горад на 30-35 тыс. жыхароў. Цяпер у Астраўцы пражываюць 8 тыс. чалавек", - адзначыў Уладзімір Сямашка. Сродкі неабходна накіраваць не толькі на стварэнне сацыяльнай інфраструктуры, але і вытворчай, якую трэба ўзводзіць з нуля.

Да канца 2009 года будзе падпісаны кантракт з расійскай кампаніяй "Атамбудэкспарт" на будаўніцтва ў Беларусі АЭС, заявіў Уладзімір Сямашка. Кантракт будзе заключаны паміж дырэкцыяй будуемай АЭС і "Атамбудэкспарт". Гэта кампанія будзе выступаць генеральным забудоўшчыкам.

Таксама ў верасні бягучага года плануецца падпісаць міжурадавае пагадненне паміж Беларуссю і Расіяй аб супрацоўніцтве ў будаўніцтве АЭС.

"У вялікай ступені верагоднасці папярэдне вызначана пляцоўка для будаўніцтва АЭС у гарадскім пасёлку Астравец Гродзенскай вобласці", - сказаў Уладзімір Сямашка. Выбраны таксама расійскі праект будаўніцтва АЭС магутнасцію 1170 МВт распрацоўкі Санкт-Пецярбургскага ААТ "Атамэнергапраект". Цяпер трэба правесці абгрунтаванне інвестыцый для будаўніцтва АЭС. Да 1 ліпеня гэта работа будзе завершана. Таксама неабходна завяршыць разгляд экалагічнага абгрунтавання ўздзеяння на навакольнае асяроддзе.

Паводле слоў Уладзіміра Сямашкі, "Астравецкая пляцоўка будзе выбрана асноўнай з вялікай верагоднасцю, паколькі мы вельмі адказна ставіліся да гэтай праграмы". Праведзены вялікі аб'ём разведвальных работ, даследаванняў, у тым ліку з прыцягненнем атамшчыкаў, іншых спецыялістаў Расіі і Украіны. "Яны нам сказалі, што можна было і скараціць разведвальныя работы. Але, як кажуць, сцеражонага і Бог сцеражэ", - адзначыў Першы віцэ-прэм'ер.

Сёння, каб не страціць тэмп работ у перспектыве, вядзецца будаўніцтва піянерскай базы - узводзіцца жылы дом для будаўнікоў АЭС. Пасля канчатковага зацвярджэння экалагічнага абгрунтавання праекта пачнецца будаўніцтва асноўнай базы АЭС.

Расія не менш за Беларусь зацікаўлена ў будаўніцтве беларускай АЭС. Такую думку выказаў Першы віцэ-прэм'ер Беларусі Уладзімір Сямашка, адказваючы на пытанні журналістаў.

Уладзімір Сямашка нагадаў, што 30 сакавіка прэм'ер-міністр Беларусі Сяргей Сідорскі накіраваў расійскаму прэм'еру Уладзіміру Пуціну пісьмо з прапановай аб фінансаванні праекта будаўніцтва АЭС. 22 чэрвеня атрыманы прынцыповы адказ аб згодзе.

"Цяпер мы будзем абдумваць, як яго рэалізаваць. Цяпер абмяркоўваецца склад праекта. Магчыма, сума ( $9 млрд.) стане і меншая", - сказаў Уладзімір Сямашка, дадаўшы, што Уладзімір Пуцін у сваім пісьме прапанаваў разбіць гэту суму паэтапна, па гадах рэалізацыі.

Цяпер рыхтуецца праект міжурадавага пагаднення аб супрацоўніцтве, а таксама кантракт. Гэтыя дакументы павінны быць падпісаны практычна сінхронна. Калі кантракт будзе дапрацаваны канчаткова, стане вядома, колькі каштуе станцыя, якім будзе графік яе будаўніцтва. "Тады мы выйдзем на пэўныя лічбы", - сказаў Першы віцэ-прэм'ер.

Цяпер Беларусь мае намер актывізаваць работу з Расіяй над праектам кантракта і над сумамі фінансавання з разбіўкай па гадах.

ВЫДАННІ САВЕТА МІНІСТРАЎ РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ
  Газета 'Рэспублiка'

Газета 'Беларуская Ніва'

Часопіс 'Эканоміка Беларусі'

Газета 'Звязда'
 
ІНТЭРНЭТ-РЭСУРСЫ
  Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь

BELARUS.BY

Нацыянальны прававы Інтэрнэт-партал Рэспублікі Беларусь

TNPA.BY
 
© 2005-2010 Апарат Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь
Пры выкарыстанні інфармацыі спасылка на друкаваную крыніцу з`яўляецца абавязковай
Інфармацыйная падтрымка УП "Беларускае тэлеграфнае агенцтва"
 
 
НАВІНЫ rss
У Беларусі з 1 верасня павышана зарплата асобным катэгорыям бюджэтнікаў

У Беларусі асобным катэгорыям бюджэтнікаў з 1 верасня павышана заработная плата. Такое рашэнне змяшчаецца ў пастанове Савета Міністраў нумар 1267 ад 1 верасня 2010 года.

Амаль Br280 млрд. плануецца накіраваць у 2011-2015 гадах на рэалізацыю проціпаводкавых мерапрыемстваў на Палессі

На рэалізацыю мерапрыемстваў дзяржаўнай праграмы "Інжынерныя водагаспадарчыя мерапрыемствы па абароне населеных пунктаў і сельскагаспадарчых зямель ад паводак у найбольш паводканебяспечных раёнах Палесся на 2011-2015 гады" плануецца накіраваць Br278 млрд. са сродкаў рэспубліканскага бюджэту. Аб гэтым 31 жніўня паведаміла першы намеснік Міністра сельскай гаспадаркі і харчавання Беларусі Надзея Каткавец, прадстаўляючы праект праграмы на пасяджэнні Прэзідыума Савета Міністраў.

34 энергааб'екты плануецца пабудаваць у Беларусі з прыцягненнем кітайскіх крэдытаў

У Беларусі плануецца пабудаваць 34 энергетычныя аб'екты з прыцягненнем крэдытных рэсурсаў банкаў Кітайскай Народнай Рэспублікі. Пералік гэтых аб'ектаў зацверджаны пастановай Савета Міністраў нумар 1210.

Курская вобласць зацікаўлена ў стварэнні зборачных вытворчасцей МАЗаў і тралейбусаў "Белкамунмаш"

Курская вобласць Расіі зацікаўлена ў стварэнні зборачных вытворчасцей беларускіх МАЗаў і тралейбусаў "Белкамунмаш". Аб гэтым 26 жніўня заявіў Губернатар Курскай вобласці Аляксандр Міхайлаў на сустрэчы з Прэм'ер-міністрам Беларусі Сяргеем Сідорскім.

 
Рэспубліканскі фестываль "Кліч Палесся" пройдзе 24-25 верасня

Рэспубліканскі фестываль "Кліч Палесся" пройдзе 24-25 верасня ў аграгарадку Ляскавічы Петрыкаўскага раёна Гомельскай вобласці. Аб гэтым журналістам паведаміў Намеснік Прэм'ер-міністра Беларусі Іван Бамбіза.

 
Урад Беларусі адобрыў канцэпцыю саюзнай праграмы "Стандартызацыя-СД" на 2011-2014 гады

Урад Беларусі адобрыў канцэпцыю саюзнай праграмы "Распрацоўка інтэграванай сістэмы стандартызацыі касмічнай тэхнікі, што ствараецца ў рамках праграм і праектаў Саюзнай дзяржавы" ("Стандартызацыя-СД") на 2011-2014 гады. Такое рашэнне прынята пастановай Савета Міністраў нумар 1227.

 
Беларусь і Бранская вобласць Расіі плануюць давесці аб'ём тавараабароту да $500 млн. у 2010 годзе

Беларусь і Бранская вобласць Расіі плануюць давесці аб'ём тавараабароту да $500 млн. у 2010 годзе. Аб гэтым паведаміў журналістам Намеснік Прэм'ер-міністра Беларусі Іван Бамбіза 26 жніўня па выніках сустрэчы з дэлегацыяй гэтага расійскага рэгіёна.

 
АРХІЎ НАВІН
ПОШУК