| |
НавIны
Іран выступае за пашырэнне супрацоўніцтва з Беларуссю
|
|
1
2
3
4
5
|
|
|
Іран выступае за пашырэнне супрацоўніцтва з Беларуссю. Аб гэтым заявіў 29 студзеня Кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Ісламскай Рэспублікі Іран Эсфандзіяр Рахім
Машаі на сустрэчы з Першым намеснікам Прэм'ер-міністра Беларусі Уладзімірам Сямашкам.
|
Кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Ірана выказаў задавальненне рэалізацыяй беларуска-іранскіх праектаў. "Нас радуе супрацоўніцтва ў галіне энергетыкі, аднак у
нас няма абмежаванняў для супрацоўніцтва ва ўсіх астатніх сферах, партнёрства паміж краінамі можна і далей пашыраць", - сказаў ён. Пры гэтым Эсфандзіяр Рахім
Машаі адзначыў, што Іран і Беларусь маюць вялікі патэнцыял для развіцця эканомік. Збліжэнне Беларусі і Ірана прынясе карысць абодвум краінам.
У той жа час дружба паміж дзяржавамі і народамі патрабуе правядзення значнай сумеснай работы ў эканамічнай сферы. "Іран мае вялікую праграму развіцця
эканомікі, у тым ліку на міжнароднай арэне, і Беларусь для нас вельмі добры партнёр, - падкрэсліў Эсфандзіяр Рахім Машаі. - Я рады, што мы пачалі ўжо выконваць
сумесныя праекты, спадзяюся, што з кожным днём яны будуць дынамічна развівацца".
У сваю чаргу, Першы намеснік Прэм'ер-міністра Беларусі Уладзімір Сямашка выказаў удзячнасць Адміністрацыі Прэзідэнта і Ураду Ірана за стварэнне неабходных умоў
для рэалізацыі сумеснага праекта па здабычы нафты на іранскім радовішчы Джафеір. "Лічу, літаральна праз 1,5-2 гады праект будзе даваць аддачу, будзе здабывацца
нафта і рэалізоўвацца на міжнародных рынках на карысць Беларусі і Ірана", - сказаў Уладзімір Сямашка. Пры гэтым ён адзначыў, што пытанне "выхаду для здабычы нафты
ў іншыя краіны надзвычай важнае для рэспублікі".
Уладзімір Сямашка адзначыў дынаміку ў гандлёва-эканамічным супрацоўніцтве паміж краінамі апошнім часам. І гэта нягледзячы на тое, што ў 2009 годзе "была
невялікая затрымка па зразумелых прычынах, не залежных ад краін". "Ідзе назапашванне патэнцыялу для прарыву ў гандлёва-эканамічным супрацоўніцтве паміж нашымі
краінамі, - упэўнены першы віцэ-прэм'ер Беларусі. - Тыя праекты, якія мы рэалізуем, павінны прынесці вынікі, важныя як для адной, так і для другой краіны".
Для прапрацоўкі сумесных праектаў створаны неабходныя механізмы, якія прымяняе сумесная беларуска-іранская камісія па гандлёва-эканамічнаму супрацоўніцтву.
Апошняе пасяджэнне камісіі адбылося ў снежні мінулага года. Тады былі прыняты канкрэтныя рашэнні, дасягнуты канкрэтныя дамоўленасці, падпісаныя дакументы аб
пастаўках у Іран кар'ерных самазвалаў БелАЗ і аднаўленні зборкі грузавых аўтамабіляў МАЗ, нагадаў першы віцэ-прэм'ер.
Ён адзначыў, што Беларусь гатова не толькі пастаўляць у Іран гатовыя вырабы, але і прапанаваць больш шырокую форму супрацоўніцтва, якая дасць магчымасць
задзейнічаць прамысловы патэнцыял дзвюх краін. У ліку такіх праектаў - арганізацыя зборачных вытворчасцей, калі з максімальнай лакалізацыяй будуць збірацца розныя
віды грузавых аўтамабіляў.
Паводле слоў Уладзіміра Сямашкі, Урад Беларусі імкнецца стварыць максімальна камфортныя ўмовы для развіцця іранскага бізнесу, каб ствараліся сумесныя
прадпрыемствы і паспяхова функцыянавалі іранскія прадпрыемствы ў Беларусі. Некаторыя праекты іранскіх кампаній ужо рэалізуюцца ў Беларусі, у тым ліку кампаній
"Азараб", "Кейсан". Асаблівая ўвага надаецца праекту па зборцы аўтамабіляў "Саманд". "Па гэтаму праекту былі некаторыя праблемы, але мы чакаем, што ён пачне
набіраць абароты, - сказаў першы віцэ-прэм'ер. - Мы можам многія праблемы вырашыць такім чынам, каб гэта было выгадна і Беларусі, і Ірану".
Дыпламатычныя адносіны паміж Беларуссю і Іранам усталяваны ў сакавіку 1993 года. У рамках развіцця дагаворна-прававой базы двухбаковага супрацоўніцтва бакамі
падпісана 35 міждзяржаўных і міжведамасных дагавораў, у тым ліку пакет базавых эканамічных пагадненняў. Перспектыўным напрамкам інвестыцыйнага супрацоўніцтва
дзвюх краін з'яўляецца ўдзел іранскіх кампаній у рэалізацыі праектаў у Беларусі ў галіне капітальнага будаўніцтва і мадэрнізацыі інфраструктуры. На 1 студзеня
2009 года ў Беларусі зарэгістравана 6 сумесных беларуска-іранскіх і 18 прадпрыемстваў са стопрацэнтным іранскім капіталам. У студзені-лістападзе 2009 года
тавараабарот паміж краінамі дасягнуў $65,2 млн., экспарт у Іран склаў $57,1 млн. Асноўныя крыніцы экспарту - сінтэтычныя валокны, металапрадукцыя, грузавыя
аўтамабілі, трактары, калійныя ўгнаенні.
| |
© 2005-2009 Апарат Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь
Пры выкарыстанні інфармацыі спасылка на друкаваную крыніцу з`яўляецца абавязковай
Інфармацыйная падтрымка УП "Беларускае тэлеграфнае агенцтва"
|
|
|