| |
УРАД БЕЛАРУСІ ЗАЦВЕРДЗІЎ НОВЫ БЮДЖЭТ ПРАЖЫТАЧНАГА МІНІМУМУ
Урад Беларусі зацвердзіў бюджэт пражытачнага мінімуму ў сярэднім на душу насельніцтва і па асноўных сацыяльна-дэмаграфічных групах у цэнах чэрвеня бягучага года ў разліку на адзін месяц. Адпаведнае рашэнне змяшчаецца ў пастанове Савета Міністраў нумар 1093 ад 30 ліпеня бягучага года. Перыяд дзеяння гэтага сацыяльнага нарматыву - з 1 жніўня па 31 кастрычніка 2008 года.
Бюджэт пражытачнага мінімуму ў сярэднім на душу насельніцтва са жніўня складзе Br224 тыс. 700 (з 1 мая па 31 ліпеня 2008 года ён складаў Br209 тыс. 680). Для працаздольнага насельніцтва БПМ устаноўлены ў памеры Br246 тыс. 210, для пенсіянераў - Br196 тыс. 80, для студэнтаў - Br234 тыс. 780, для дзяцей ва ўзросце ад 3 да 16 гадоў - Br266 тыс. 310, для дзяцей ва ўзросце да 3 гадоў - Br190 тыс. 660.
У адпаведнасці з законам "Аб пражытачным мінімуме ў Рэспубліцы Беларусь" бюджэт пражытачнага мінімуму штоквартальна зацвярджаецца ўрадам у цэнах апошняга месяца кожнага квартала. Ён прызначаны для аналізу і прагназавання ўзроўню жыцця насельніцтва, аказання дзяржаўнай сацыяльнай дапамогі малазабяспечаным грамадзянам (сем'ям), абгрунтавання мінімальных дзяржаўных сацыяльна-працоўных гарантый. БПМ выкарыстоўваецца для ацэнкі ўзроўню даходаў насельніцтва, памераў аплаты працы, пенсій, дапамог і іншых сацыяльных выплат, вызначэння ўзроўню і маштабаў малазабяспечанасці.
Бюджэт пражытачнага мінімуму ўяўляе сабой вартасную велічыню мінімальнага набору матэрыяльных даброт і паслуг, неабходных для забеспячэння жыццядзейнасці чалавека і захавання яго здароўя, а таксама абавязковыя плацяжы і ўзносы. У пражытачны мінімум для розных сацыяльна-дэмаграфічных груп насельніцтва ўваходзяць наступныя віды матэрыяльных даброт і паслуг: прадукты харчавання, адзенне, бялізна, абутак, прадметы агульнасямейнага карыстання, лякарствы, прадметы санітарыі і гігіены, а таксама жыллёва-камунальныя, транспартныя і бытавыя паслугі, паслугі дзіцячых дашкольных устаноў.
Бюджэт пражытачнага мінімуму для працаздольнага насельніцтва прымяняецца для вызначэння сумы ўтрымання сродкаў з наймальнікаў, якія маюць запазычанасць па выплаце заработнай платы, і базавага гранічнага нарматыву тарыфнай стаўкі першага разраду для камерцыйных арганізацый дзяржаўнай формы ўласнасці і з доляй уласнасці дзяржавы ў іх маёмасці.
| |
© 2005-2008 Апарат Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь
Пры выкарыстанні інфармацыі спасылка на друкаваную крыніцу з`яўляецца абавязковай
Інфармацыйная падтрымка УП "Беларускае тэлеграфнае агенцтва"
|
|
|