ТРАНСПАРТНЫЯ ВЕДАМСТВЫ БЕЛАРУСІ І ЛІТВЫ ПАДПІШУЦЬ ПАГАДНЕННЕ АБ РАЗВІЦЦІ СУДНАХОДСТВА НА РАЦЭ НЁМАН
Транспартныя ведамствы Беларусі і Літвы падпішуць пагадненне аб развіцці суднаходства па ўнутраных водных шляхах. Гэта прадугледжана Пастановай Савета Міністраў нумар 1114 ад 2 жніўня 2008 года.
Як растлумачылі ва ўпраўленні марскога і рачнога транспарту Міністэрства транспарту і камунікацый Беларусі, асноўная мэта гэтага дакумента - стварэнне на беларускім, літоўскім і пагранічным участках ракі Нёман умоў для руху суднаў, у першую чаргу маламерных. Паколькі глыбіня ракі не дае магчымасці выкарыстоўваць гэтыя ўчасткі для перавозкі грузаў у поўным аб'ёме, прадугледжваецца, што водны шлях будзе выкарыстоўвацца для перавозкі пасажыраў.
Чакаецца, што на рацэ будзе арганізаваны пункт пропуску, які дзейнічае па спрошчанай схеме. "Усе гэтыя меры пасадзейнічаюць развіццю воднага турызму на Нёмане", - адзначылі ў міністэрстве.
Пагадненне прадугледжвае, што бакі вызначаць участкі ракі, на якіх неабходна забяспечыць нармальныя ўмовы суднаходства. Таксама яны павінны штогод абменьвацца інфармацыяй аб тэрмінах адкрыцця навігацыі, прадастаўляць пералік водных шляхоў, дзе можна ажыццяўляць перавозкі. Кожная дзяржава на сваіх участках будзе забяспечваць належныя глыбіні, наяўнасць навігацыйных знакаў для бяспечнага праходжання суднаў.
"Мы праінфармуем літоўскі бок аб гатоўнасці падпісаць гэта пагадненне. Лічым, што яно будзе падпісана да наступнай навігацыі", - дадалі ва ўпраўленні марскога і рачнога транспарту. Плануецца, што на развіццё гэтага ўчастка ракі Нёман будуць накіраваны сродкі з рэспубліканскага бюджэту, аднак аб'ём фінансавання пакуль не вызначаны.
У Мінтрансе дадалі, што спецыялісты транспартных ведамстваў Беларусі і Літвы распрацоўвалі праект гэтага пагаднення ў адпаведнасці з міжурадавым пагадненнем аб развіцці суднаходства па ўнутраных водных шляхах ад 25 мая 2007 года.
| |
© 2005-2008 Апарат Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь
Пры выкарыстанні інфармацыі спасылка на друкаваную крыніцу з`яўляецца абавязковай
Інфармацыйная падтрымка УП "Беларускае тэлеграфнае агенцтва"
|
|
|