У БЕЛАРУСІ ІНФАРМАЦЫЯ АБ НАЯЎНАСЦІ ГЕННА-МАДЫФІКАВАНЫХ КАМПАНЕНТАЎ У ПРАДУКТАХ ХАРЧАВАННЯ БУДЗЕ РАЗМЯШЧАЦЦА НА ЦЭННІКАХ
Урад Беларусі ўзмацніў патрабаванні да рэалізацыі прадукцыі, якая змяшчае генетычна мадыфікаваныя кампаненты, і ўнёс адпаведныя змяненні ў правілы рознічнага гандлю імі. Інфармацыя аб наяўнасці такіх кампанентаў у прадуктах харчавання цяпер будзе размяшчацца на цэнніках. Рашэнне аб гэтым змяшчаецца ў Пастанове Савета Міністраў ад 4 жніўня нумар 1115.
Як расказала начальнік упраўлення арганізацыі гандлю і паслуг Міністэрства гандлю Людміла Петракоўская, цяпер прадавец абавязаны давесці да ведама спажыўцоў акрамя інфармацыі, што змяшчаецца на спажывецкай тары, дадатковую інфармацыю аб колькасці генетычна мадыфікаваных складальнікаў (кампанентаў), пазначыўшы яе на цэнніках, або іншымі спосабамі - з выкарыстаннем этыкетак, стыкераў, постэраў.
"Гэтыя меры прымаюцца з мэтай зніжэння ўзроўню рызыкі для жыцця і здароўя грамадзян, звязанага са спажываннем харчовых прадуктаў, якія змяшчаюць генетычна мадыфікаваныя кампаненты", - падкрэсліла спецыяліст.
У Беларусі дзейнічае стандарт, які абавязвае вытворцу змяшчаць інфармацыю аб наяўнасці генна-мадыфікаваных кампанентаў у прадуктах харчавання на спажывецкай тары. Але вытворцы аддаюць перавагу паведамленню аб гэтым дробным шрыфтам, не вельмі кідка, што пакупнік не заўсёды заўважыць. Адным словам, не імкнуцца асабліва афішыраваць выкарыстанне такіх складальнікаў.
"Як прадстаўнікі гандлю мы не гаворым, што генна-мадыфікаваныя прадукты гэта добра або дрэнна для здароўя людзей. Гэта задача медыкаў і вучоных, якія яшчэ спрачаюцца наконт гэтага. Мы проста інфармуем насельніцтва аб іх наяўнасці, а пакупнік павінен ужо сам прыняць рашэнне, купляць або не купляць яму такі прадукт", - сказала Людміла Петракоўская.
Паводле яе слоў, наяўнасць генетычна мадыфікаваных складальнікаў часцей за ўсё адзначаецца ў імпартных прадуктах харчавання (выкарыстоўваецца соя). Беларускія вытворцы лічаць за лепшае выпускаць прадукцыю толькі з натуральных кампанентаў.
| |
© 2005-2008 Апарат Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь
Пры выкарыстанні інфармацыі спасылка на друкаваную крыніцу з`яўляецца абавязковай
Інфармацыйная падтрымка УП "Беларускае тэлеграфнае агенцтва"
|
|
|