| |
У БЕЛАРУСІ ПАВЫШАНЫ ВЫПЛАТЫ НА ЎТРЫМАННЕ КАРОЎ У АСАБІСТЫХ ПАДВОРКАХ, ШТО ЗДАЮЦЬ МАЛАКО НА ПЕРАПРАЦОЎКУ
У Беларусі ўнесены змяненні ў парадак выплаты ў 2008 годзе сродкаў рэспубліканскага бюджэту на стымуляванне вытворчасці сельскагаспадарчай прадукцыі, што закупляецца ў грамадзян, якія ажыццяўляюць вядзенне асабістых падсобных гаспадарак. Рашэнне аб гэтым змяшчаецца ў Пастанове Савета Міністраў нумар 1661. Пастанова ўступае ў сілу з дня яе афіцыйнага апублікавання.
Змяненні ўнесены ў ранейшы парадак выплаты, зацверджаны Пастановай Саўміна нумар 441 ад 22 сакавіка гэтага года, якой устаноўлена выплата сродкаў на ўтрыманне каровы для грамадзян, што рэалізуюць малако для перапрацоўкі.
Як адзначылі ў галоўным упраўленні эканомікі Мінсельгасхарча, аналіз існуючай сітуацыі паказаў, што для стымулявання далейшай здачы малака насельніцтвам неабходна прадоўжыць выплаты на ўтрыманне кароў. Ранейшай пастановай выплаты абмяжоўваліся на ўзроўні здачы малака ад кожнай каровы 2500 кг.
Новым парадкам прадугледжаны выплаты насельніцтву на ўтрыманне адной каровы ад Br30 тыс. да Br500 тыс. у год пры рэалізацыі малака ад 500 да 5 тыс. кг. У прыватнасці, пры рэалізацыі малака базіснай тлустасці на 1 карову ад 500 да 999 кг прадугледжана выплата на ўтрыманне 1 каровы ў памеры Br30 тыс., ад 1000 да 1499 кг - Br68 тыс., ад 1500 да 1999 кг - Br120 тыс., ад 2000 да 2499 кг - Br180 тыс., ад 2500 да 2999 кг - Br230 тыс., ад 3000 да 3499 кг - Br280 тыс., ад 3500 да 3999 кг - Br330 тыс., ад 4000 да 4499 кг - Br390 тыс., ад 4500 да 4999 кг - Br450 тыс., ад 5000 кг і вышэй - Br500 тыс.
Паводле слоў спецыялістаў Мінсельгасхарча, устаноўленыя выплаты дадуць магчымасць закупіць у насельніцтва малако ў тых аб'ёмах, якія прадугледжаны прагнознымі паказчыкамі на гэты год. Згодна са статыстыкай, у 2008 годзе ўжо намецілася станоўчая тэндэнцыя па закупцы малака ў насельніцтва. Так, у студзені - верасні гэтага года закупкі павялічыліся на 4,4 працэнта і склалі 388 тыс.т.
Прычым закупкі малака ў насельніцтва павялічыліся ва ўсіх рэгіёнах краіны. У Гомельскай вобласці яны павялічыліся на 10 працэнтаў, у Магілёўскай - на 7 працэнтаў, у Мінскай і Віцебскай - на 4 працэнты ў кожнай, у Гродзенскай і Брэсцкай абласцях адпаведна - на 2 працэнты і 3 працэнты. У той жа час колькасць кароў на падворках сялян знізілася. Павелічэнню аб'ёму здачы малака садзейнічала больш актыўнае матэрыяльнае стымуляванне ўладальнікаў асабістых падворкаў, лічаць у Мінсельгасхарчы. Гэты парадак выплат на ўтрыманне адной каровы дасць магчымасць павялічыць рост аб'ёму закупак малака ў насельніцтва, а таксама павышае адказнасць за работу з насельніцтвам сельскіх выканкамаў.
| |
© 2005-2008 Апарат Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь
Пры выкарыстанні інфармацыі спасылка на друкаваную крыніцу з`яўляецца абавязковай
Інфармацыйная падтрымка УП "Беларускае тэлеграфнае агенцтва"
|
|
|