У Беларусі вызначаны ўмовы арганізацыі прамысловай зборкі легкавых аўтамабіляў
У Беларусі распрацавана палажэнне аб арганізацыі вытворчасці легкавых аўтамабіляў з дзяржаўнай падтрымкай. Яно зацверджана Пастановай Савета Міністраў ад 24 чэрвеня 2009 года нумар 825.
Дакумент прыняты ў адпаведнасці з рэалізацыяй Указа ад 4 красавіка 2009 года нумар 175 "Аб мерах па развіццю вытворчасці легкавых аўтамабіляў".
У палажэнні вызначаюцца ўмовы арганізацыі вытворчасці легкавых аўтамабіляў праз іх прамысловую зборку ў Беларусі. Пад прамысловай зборкай легкавых аўтамабіляў трэба разумець сістэму іх серыйнай вытворчасці на аснове тэхналагічных працэсаў, якая забяспечвае праектныя вытворчыя магутнасці не менш як 10 тыс. адзінак у год пры двухзменным рэжыме работы. Сюды ўключаны зварка, афарбоўка і зборка кузава, устаноўка і замацаванне рухавіка, падключэнне да рухавіка механізмаў кіравання, устаноўка радыятараў і падключэнне сістэм ахаладжэння, мацаванне амартызатараў, падключэнне трансмісіі і іншыя вытворчыя аперацыі.
Арганізацыя вытворчасці легкавых аўтамабіляў з дзяржаўнай падтрымкай ажыццяўляецца пры заключэнні пагаднення аб умовах вытворчасці легкавых аўтамабіляў. Яно заключаецца паміж Міністэрствам прамысловасці і юрыдычнай асобай Беларусі, зацікаўленай у стварэнні вытворчасці легкавых аўтамабіляў у нашай краіне. Для заключэння пагаднення гэта юрыдычная асоба звяртаецца ў Міністэрства прамысловасці. Да звароту пракладаюцца бізнес-план інвестыцыйнага праекта па арганізацыі вытворчасці легкавых аўтамабіляў і праект пагаднення.
Затым Мінпрам павінен разгледзець дакументы, правесці ва ўстаноўленым парадку экспертызу бізнес-плана інвестыцыйнага праекта па арганізацыі вытворчасці легкавых аўтамабіляў. А ў Міністэрстве эканомікі будзе праведзена дзяржаўная комплексная экспертыза гэтага бізнес-плана.
Калі пагадненне будзе заключана, аб гэтым павінны быць праінфармаваны Дзяржаўны мытны камітэт і Міністэрства па падатках і зборах.
У Пастанове Урада зацверджаны формы пагаднення, графіка рэалізацыі бізнес-плана інвестпраекта па арганізацыі вытворчасці легкавых аўтамабіляў, а таксама заключэння, якое пацвярджае, што ўвоз тэхналагічнага абсталявання і аўтакампанентаў на мытную тэрыторыю Рэспублікі Беларусь ажыццяўляецца для вытворчасці легкавых аўтамабіляў.
| |
© 2005-2009 Апарат Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь
Пры выкарыстанні інфармацыі спасылка на друкаваную крыніцу з`яўляецца абавязковай
Інфармацыйная падтрымка УП "Беларускае тэлеграфнае агенцтва"
|
|
|