| |
Тэхнічны рэгламент па бяспецы абсталявання на газавым паліве прыняты ў Беларусі
Тэхнічны рэгламент Рэспублікі Беларусь "Абсталяванне, якое працуе на газавым паліве. Бяспека" ТР 2010/019/BY прыняты ў Беларусі. Ён зацверджаны пастановай Савета Міністраў нумар 67 ад 22 студзеня 2010 года.
Тэхнічны рэгламент будзе ўведзены ў дзеянне з 1 студзеня 2011 года. Да гэтага тэрміну Дзяржаўны камітэт па стандартызацыі павінен давесці тэхрэгламент да зацікаўленых. Таксама сумесна з Міністэрствам прамысловасці, Мінэнерга, МНС і іншымі ведамствамі будзе распрацаваны і зацверджаны план мерапрыемстваў па ўвядзенню ў дзеянне гэтага тэхрэгламенту. Акрамя таго, трэба будзе зацвердзіць пералік нарматыўных прававых актаў, узаемазвязаных з тэхнічным рэгламентам, і забяспечыць у далейшым яго сістэматычную актуалізацыю.
Пры гэтым прадугледжваецца, што сертыфікаты адпаведнасці, выдадзеныя да ўступлення ў сілу гэтай пастановы, дзейнічаюць да заканчэння іх тэрміну.
Патрабаванні тэхрэгламенту распаўсюджваюцца на выпускаемае ў абарачэнне новае абсталяванне, якое працуе на газавым паліве, незалежна ад краіны паходжання. Да абсталявання, што працуе на газавым паліве, адносіцца абсталяванне, якое выпрацоўвае цеплавую энергію ад спальвання газавага паліва або выкарыстоўвае яе, цеплавой магутнасцю да 100 кВт уключна; гарэлкі цеплавой магутнасцю да 100 кВт уключна; устройствы бяспекі, кіравання і рэгулявання, прызначаныя для ўбудавання ў абсталяванне і якія знаходзяцца ў абыходжанні асобна ад яго (акрамя прызначаных для сэрвіснага абслугоўвання абсталявання спецыялізаванымі арганізацыямі).
Дзеянне патрабаванняў тэхнічнага рэгламенту не распаўсюджваецца на катлы з адзінкавай цеплавой магутнасцю больш за 100 кВт, на доследныя ўзоры абсталявання і ўстройстваў, не прызначаныя для размяшчэння на рынку, на абсталяванне, якое было ў эксплуатацыі.
Тэхнічны рэгламент распрацаваны на аснове еўрапейскай Дырэктывы 90/396/ЕЕС "Бяспека газарасходных установак" і змяшчае патрабаванні бяспекі да абсталявання і ўстройстваў у мэтах абароны жыцця і здароўя чалавека, маёмасці, навакольнага асяроддзя, а таксама папярэджання дзеянняў, якія ўводзяць у зман спажыўцоў (карыстальнікаў) адносна яго прызначэння і бяспекі. Так, патрабаванні бяспекі змяшчаюць агульныя патрабаванні, патрабаванні да прымяняемых матэрыялаў, канструявання і вытворчасці абсталявання і ўстройстваў.
Тэхрэгламент таксама ўстанаўлівае правілы размяшчэння названых вырабаў на рынку, працэдуры пацвярджэння адпаведнасці, патрабаванні да маркіроўкі знакам адпаведнасці, адказнасць вытворцы, упаўнаважанага прадстаўніка, імпарцёра і нагляд за захаваннем тэхнічнага рэгламенту.
Тэхнічны рэгламент "Абсталяванне, якое працуе на газавым паліве. Бяспека" распрацаваны ў рамках праграмы распрацоўкі тэхнічных рэгламентаў Рэспублікі Беларусь на перыяд да 2011 года. Дакумент падрыхтаваны Дзяржстандартам сумесна з рабочай групай у складзе прадстаўнікоў міністэрстваў прамысловасці, працы і сацыяльнай абароны, аховы здароўя, па надзвычайных сітуацыях, прадпрыемстваў рэспублікі.
| |
© 2005-2009 Апарат Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь
Пры выкарыстанні інфармацыі спасылка на друкаваную крыніцу з`яўляецца абавязковай
Інфармацыйная падтрымка УП "Беларускае тэлеграфнае агенцтва"
|
|
|